Более 20 благородных оленей из Литвы поселились в Ушачском районе

Общество

У Беларусі актыўна павялічваюць пагалоўе высакароднага аленя, у снежні ў краіну завезлі 115 асобін, якіх размеркавалі па некалькіх паляўнічых гаспадарках, частка з іх днямі пасялілася і на Ушаччыне.

600 кіламетраў шляху, гадзіны чакання на мяжы і новая абстаноўка. Жывёла, безумоўна, усхвалявана і ў бліжэйшы час ёй давядзецца прывыкаць да новага месца жыхарства. Не менш хваляваліся напярэдадні і работнікі Ушацкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, якія на працягу апошніх месяцаў рыхтаваліся да прыёму жывёлы на сваіх угоддзях. Паблізу вёскі Завыдрына пабудавалі вальер – абнеслі спецыяльнай сеткай плошчу амаль у 9 гектараў, зрабілі кармушкі для жывёлы, падрыхтавалі для яе і дадатковы корм – сена, зерне, соль.

Завезлі аленяў да нас з Літвы, іх вырасцілі ў спецыяльнай гаспадарцы ў Мажэйкяйскім раёне, якая займаецца вырошчваннем і развядзеннем аленяў, нават выводзіць новыя пароды. Менавіта гэта ферма выйграла тэндар на пастаўку аленяў. Закуплена жывёла рэспубліканскім дзяржаўна­грамадскім аб’яднаннем “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” у рамках доўгатэрміновай праграмы развіцця паляўнічай гаспадаркі на 2016­2021 гады.

Ушацкую “прапіску” атрымалі 24 асобіны – 2 самцы, 16 самак і 6 “сегалетак” – аленяў, якія нарадзіліся ў гэтым годзе. Усе яны адабраны з аднаго статка, а таму працэс адаптацыі павінен прайсці лепш. Калі жывёла прывыкне і дасць патомства, яе выпусцяць з вальера ў дзікую прыроду, плануецца, што гэта адбудзецца ўжо ў канцы вясны.

– Ушаччына трапіла ў лік раёнаў, якія будуць займацца павелічэннем папуляцыі аленяў невыпадкова. Менавіта Ушацкі раён разам з некаторымі іншымі, на думку вучоных Акадэміі навук, дастаткова спрыяльны па сваёй прыродзе, структуры лясоў для пражывання і паспяховага размнажэння еўрапейскага высакароднага аленя, – расказвае галоўны паляўніцтвазнаўца Віцебскай абласной арганізацыі РДГА “БТПР” В.В.Варанцоў. – Перш чым адправіцца ў Беларусь, алені знаходзіліся на каранціне, назіраліся ветэрынарамі і былі прывіты ад хвароб. Пасля адгрузкі жывёла ўжо на новым месцы таксама будзе пэўны час на каранціне і за ёй будуць назіраць спецыялісты.

Дабраліся ж алені з Прыбалтыкі на Ушаччыну якраз пад Новы год не сваім ходам, як гэта бывае ў казках, а на спецыяльна прызначанай менавіта для перавозак жывёлы літоўскай фуры. Дарэчы, дарогу яны перанеслі добра. Непасрэдна выгрузка жывёла заняла літаральна пару хвілін (намнога больш часу заняў падрыхтоўчы да гэтага этап), хутка выскачыўшы з аўтамабіля алені паімчалі ўглыб лесу, “сегалеткі” ж крыху павольней накіраваліся на новае месца дыслакацыі, азіраючыся на машыны і людзей.

Работнікі Ушацкай раённай арганізацыі БТПР будуць не толькі падкормліваць сваіх “падапечных”, а і ахоўваць. Таксама тут устаноўлена і відэаназіранне.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *