В районном Доме культуры прошло праздничное мероприятие, посвящённое 85-летию «Патрыёта»

Юбилейные даты

Святочнае мерапрыемства да 85-­годдзя выхаду першага нумара Ушацкай раённай газеты мы мусілі правесці не ў звыклым фармаце, а як сустрэчу добрых сяброў, прасякнутую шчырымі эмоцыямі, прыемнымі зносінамі і настальгічнымі ўспамінамі.

Хоць і традыцыйны для юбілейных мерапрыемстваў блок узнагароджанняў атрымаўся вельмі ўнушальным. Мы вельмі ўдзячны нашым заснавальнікам – раённаму выканаўчаму камітэту і раённаму Савету дэпутатаў, што былі падтрыманы хадайніцтвы рэдакцыі і наш маленькі калектыў, а таксама нашы ветэраны атрымалі да юбілею столькі ўзнагарод. Так, Ганаровай граматай абласнога выканаўчага камітэта былі адзначаны заслугі былой наборшчыцы друкарні Зінаіды Аляксандраўны Кучаронак і карэктара газеты Яўгеніі Андрэеўны Акулёнак. Загадчык аддзела Кацярына Анатольеўна Кавалеўская атрымала Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта, а намеснік галоўнага рэдактара Наталля Эдуардаўна Багдановіч і ветэран рэдакцыі Галіна Аляксандраўна Варатынская – Падзяку раённага Савета дэпутатаў, Ганаровую грамату Беларускага саюза журналістаў атрымала галоўны рэдактар Вольга Васільеўна Караленка. Ветэран рэдакцыі, член прафсаюза работнікаў культуры з 1974 года Леанід Мікалаевіч Усцінаў узнагароджаны Ганаровай граматай абкама галіновага прафсаюза, яшчэ трое работнікаў – Граматамі і падзякай.

Як зазначыла падчас цырымоніі ўручэння ўзнагарод старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка, ролю мясцовай газеты ў жыцці раёна, у вырашэнні праблем яго жыхароў цяжка пераацаніць.

У сваю чаргу, менавіта чытачы – галоўнае багацце і сэнс існавання “раёнкі”, а яны ў “Патрыёта” самыя верныя і адданыя, аб чым, прынамсі, сведчыць і той факт, што ўшацкая газета займае першае месца ў вобласці па тыражы ў суадносінах да колькасці насельніцтва. А таму ў святочны вечар прывітальныя словы і падарункі атрымлівалі не толькі юбіляры, а і падпісчыкі выдання, арганізацыі, з якімі мы цесна супрацоўнічаем.

Намінацыю “Наш лепшы памочнік” выйграла паштальён гарадскога аддзялення Наталля Міхайлаўна Макарава, якая выпісвае больш за ўсіх экземпляраў раённай газеты. У намінацыі “Даюць падставу” пераможцам стала ААТ “Ільюшынскі”, куды наш рэдакцыйны аўтамабіль накіроўваецца часцей за ўсё. Работнікі таварыства не забываюцца запрошваць карэспандэнтаў на свае святы, памятныя падзеі, ды і ў будзённай рабоце пастаянна даюць падставу для напісання артыкулаў. Вядуць у гаспадарцы і падшыўку, якую і прыхапілі на свята: у яе спачатку намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце Таццяна Барысаўна Бондарава, а цяпер Андрэй Мікалаевіч Тарасевіч падшывае ўсе выразкі з газеты, прысвечаныя “Ільюшынскаму”.

Нагадваць пра 85­-гадовы юбілей “Патрыёта” ўсім пераможцам будуць насценныя гадзіннікі з адмысловай гравіроўкай. Такія ж прызы атрымалі выйграўшыя ўдзельнікі розыгрышу сярод чытачоў, аформіўшых падпіску на паўгоддзе і паведаміўшых пра гэта ў рэдакцыю. Ну а супершчасліўчыкам вечара стаў Уладзімір Барысёнак, які выйграў галоўны прыз латарэі – мультыварку.

Святочны настрой для ўсіх прысутных стварылі відэафільм і канцэртныя нумары, над падрыхтоўкай якіх сумесна працавалі культработнікі, супрацоўнікі раённага цэнтра дзяцей і моладзі, удзельнікі мастацкай самадзейнасці і рэдакцыйны калектыў.

Напрыканцы ж хочацца прывесці вершаваныя радкі нашай пастаяннай чытачкі ўшачанкі Галіны Галінскай:

Мы возраста газеты не считаем –

Её мы молодою называем!

Хочу, чтобы всегда, из года в год

Мы семьями читали «Патрыёт»!

На здымках: В.Захарэнка ўручае грамату Я.Акулёнак;  паштальён Н.Макарава.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *