Из зала суда: сторож строящегося физкультурно-оздоровительного комплекса украл и продал стройматериалы

Закон - один для всех

Ненадзейны вартаўнік

Жыхар аграгарадка Арэхаўна М.Саўчанка 1951 года нараджэння працаваў вартаўніком на будоўлі фізкультурна-­аздараўленчага комплексу “Юнацтва”. Маючы свабодны доступ да будаўнічых матэрыялаў, мужчына вырашыў палепшыць сваё матэрыяльнае становішча. Калі ў размове з незнаёмымі маладымі людзьмі даведаўся, што адзін з іх будуе дом, прапанаваў набыць у яго мінеральную вату. Каб адвесці ад сябе падазрэнні, М.Саўчанка расказаў, што будматэрыяламі з ім разлічваюцца ў залік заработнай платы, таму такога дабра ў яго хапае. У першы раз мужчына выкраў з комплексу і прадаў 15 упаковак мінеральнай ваты. І так захапіўся працэсам, што не змог утрымацца ад яго працягу – у наступныя дзяжурствы “рэалізаваў” двум знаёмым яшчэ 30 упаковак мінеральнай ваты, а незнаёмаму хлопцу – 17 прутоў арматуры. Кошт усіх будматэрыялаў, якія спачатку незаконна прысвоіў, а потым збыў вартаўнік, склаў больш за 9 мільёнаў рублёў.

Суд прызнаў Мікалая Саўчанку вінаватым у крадзяжы і, на падставе ч.1 арт.205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, назначыў яму пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 60 базавых велічынь.

Ф.ЗІНЬКЕВІЧ, старшыня суда Ушацкага раёна.

Няўдалыя провады

Цёплым чэрвеньскім днём у адным з двароў Весніцка гуло застолле. Колькі было выпіта ўдзельнікамі гэтага свята жыцця, сказаць складана. А вось самым “моцным арэшкам” адназначна стала жыхарка вёскі Старына Л.Хамёнак 1991 года нараджэння. Калі яе знаёмы ад алкагольнага ап’янення ўжо не мог трымацца на нагах, жанчына павяла яго дамоў. Вось толькі дайсці да канечнага пункта ім не было суджана. Прыкмеціўшы ў кішэні курткі таварыша мабільны тэлефон, грамадзянка хутка памяняла свае планы. Пакінуўшы мужчыну на аўтобусным прыпынку і непрыкметна прысвоіўшы яго “Самсунг”, яна накіравалася ў бок Вялікіх Дольцаў. Незаконна здабыты сродак сувязі адразу выкарыстала для званкоў знаёмым, а каб не трапіць у поле зроку праваахоўнікаў, пазней выкінула тэлефон у кантэйнер для смецця. Тым не менш, схавацца ад адказнасці грамадзянцы не ўдалося – у адносінах яе была ўзбуджана крымінальная справа.

Суд прызнаў Л.Хамёнак вінаватай у крадзяжы і на падставе ч.1 арт.205 КК Рэспублікі Беларусь, назначыў ёй пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ у колькасці 240 гадзін.

М.КАСТАГРЫЗАЎ, суддзя суда Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *