Гэта так, не толькі ў вёсках трымаюць жывёлу людзі. З асобнымі пагаварыла, пацікавілася, як спраўляюцца з такімі клопатамі, ці не цяжка працаваць дома і тым, хто заняты на рабоце, і тым, хто знаходзіцца ў пенсійным узросце. Вось адказы некаторых жыхароў райцэнтра.
Ніна Данілаўна ПЕРАГУД:
– Мы з мужам жывём па вуліцы Калінінскай. Трымаем карову і штогод гадуем да восені цялушку. Як для мяне, дык займацца з жывёлай – азначае адцягваць увагу ад таго адмоўнага, што ёсць у жыцці. Зусім іншыя думкі прыходзяць, а яшчэ і час бяжыць хутчэй. Вось прыйшла вясна, трэба пасвіць карову. Навязваем яе ці на былым аэрадроме, дзе некаторыя адмовіліся ад агародаў, ці дзе-небудзь ля кустоў. На зіму накошваем сена ў асноўным на сваім участку, бо сеем травы. А яшчэ два гаспадары аддалі нам свае агароды. Так што ў асноўным хапае. А калі крыху малавата, то дакупляем. Канечне, даводзіцца працаваць, але не спыняемся. Знаходзячыся на пенсіі, не трэба паддавацца штодзённаму адпачынку, а нешта і рабіць.
Ларыса Паўлаўна АЗЕВІЧ:
– Мы з мужам Мікалаем Віктаравічам родам з вёсак. Я – з Жар, ён – з Глінішча. Цяпер жывём па вуліцы Рамантыкаў у гарпасёлку. Больш як дзесяць гадоў таму, калі захварэла мая мама і мы ўзялі яе да сябе, паўстала пытанне, куды дзяваць карову. Шкада было збываць, таму давялося заняцца асабістай гаспадаркай. Цяпер у нас ёсць яшчэ і парасяты, куры. Абодва працуем ва ўстанове, таму хатнія клопаты даюцца нялёгка, але ўцягнуліся. Навязваем карову. Корм здабываем на сваім агародзе і на агародах тых, хто не займаецца асабістай гаспадаркай. Малако ў асноўным спажываем самі, крыху прадаём.
Уладзімір Леанідавіч ЛУКАШЭВІЧ:
– Прыйшла пара выпасу кароў. З гэтым нам, у каго яна ёсць і хто жыве, як мы, па вуліцы імя Е.Лось і паблізу, няма праблем. Пашы выдзелены “Райаграсервісам” даўно, яны задавальняюць. Пакуль што захоўваецца статак. Праўда, раней у ім было пад семдзесят кароў, цяпер – дваццаць. Мы не думаем збываць сваю рагулю, маем таксама свіней, курэй. Знаходзімся з жонкай на пенсіі, так што ёсць час займацца асабістай гаспадаркай. Накошваем сена. Нарыхтоўваць яго сёння ёсць дзе, толькі не лянуйся. У нас маецца асабісты транспарт для перавозкі і апрацоўкі агарода. Зерневыя, праўда, не сеем, купляем у бліжэйшых сельскіх гаспадарках, а ўсё астатняе вырошчваем. Лічу, што гэта вельмі добра, калі здабываеш усе асноўныя прадукты сам. Нам і мяса, і малако, і яйкі не трэба набываць у магазіне. Агародніна таксама ўласная. Чым дрэнна?
Вольга Андрэеўна ВАНДЗІЛОЎСКАЯ:
– Толькі нядаўна збыла карову. Проста не змагла ўжо фізічна, бо гады перашкаджаюць, а яшчэ жыву ж адна. І ўсё роўна трымаю хоць козачку і парсюка. Маё жыццё было звязана з сельскай гаспадаркай, працавала ж нават старшынёй калгаса. Таму разумею, што значыць жывёла. Ад яе заўсёды ёсць аддача. Наогул праца працягвае нам жыццё.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.