Распачаўся другі, не менш сур’ёзны і маштабны этап рэканструкцыі “Прарыву” – рэстаўрацыя фігуры партызана. Зараз праязджаючыя міма мемарыяльнага комплексу заўважылі, што партызана практычна нябачна зза будаўнічых рыштаванняў, ва ўсю шчыруюць тут працаўнікі прадпрыемства “Віцебскгандальбуд”, якія займаліся і першым этапам рэканструкцыі – рамонтам бетонных глыб.
– Гэта мой аб’ект, у які ўкладваю не толькі веды, але і душу, бо ён не радавы, як іншыя, – расказвае выконваючы абавязкі галоўнага інжынера “Віцебскгандальбуд” Алег Шчарбакоў. – Прайшло ўжо больш сарака гадоў з адкрыцця манумента і ён, безумоўна, патрабуе аднаўленчых работ, каб захаваць яго для наступнага пакалення. У пачатку снежня мы прыступілі да работ другога этапу.
У пятніцу на “Прарыве” было шматлюдна. Акрамя будаўнікоў у гэты дзень на аб’ект прыехалі таксама прадстаўнікі “Віцебскграмадзянпраекта” і даследчыкі з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, каб грунтоўна ацаніць стан фігуры не толькі звонку, а і знутры – для гэтага адкрылі плячо скульптуры. Ад ацэнкі спецыялістаў залежала, наколькі сур’ёзнай рэстаўрацыі патрабуе фігура і алгарытм наступных дзеянняў.
– Канечне, вельмі хацелася зрабіць работы на месцы, не дэманціруючы скульптуру, – прадаўжае размову А.Шчарбакоў, – гэта менш затратна і зручна – мяркуйце самі: вага скульптуры каля 40 тон.
Правёўшы неабходныя даследаванні, спецыялісты канстатавалі, што рэстаўрацыю можна і трэба праводзіць непасрэдна на аб’екце, унутры дастаткова месца для работы абсталявання і людзей. Скульптуру ўзмоцняць, завараць, зробяць унутры дрэнаж і вентыляцыю. Абновіцца і знешні выгляд – манумент пачысцяць і пафарбуюць. Дарэчы, галаву фігуры будаўнікі ўжо пачысцілі з дапамогай пескаструйнага абсталявання.
Другі этап рэканструкцыі мемарыяла праводзіцца за кошт сродкаў, заробленых падчас рэспубліканскага суботніка. Паколькі аб’ект уключаны ў інвестыцыйную праграму вобласці на 20152016 гады, будзе прадоўжана яго фінансаванне.
Поўнасцю ж завяршыць усе работы на гістарычным аб’екце мяркуецца да 9 Мая, пасля чаго ўшацкі “Прарыў” плануецца ўключыць і ў нацыянальныя турыстычныя маршруты.