На апошнім пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў было разгледжана пытанне “Аб пахаванні і пахавальнай справе”. Рашэнне па такім жа пытанні было прынята райвыканкамам у 2009 годзе, тады і былі ўскладзены на камунальную службу раёна абавязкі па выдзяленні зямельных участкаў на тэрыторыі гарадскіх могілак, аказанні паслуг па пахаванні, перапахаванні, уліку месцаў, доглядзе за імі. Нагадаем, што дзеючымі гарадскімі могілкамі лічацца могілкі за вёскай Ваўчо, а могілкі на вуліцы Кастрычніцкай лічацца закрытымі, там дазваляецца хаваць толькі ў існуючую магілу пасля таго, як мінула 20 гадоў пасля першага пахавання, ці пры наяўнасці месца (не менш 1 метра) побач з пахаваннямі родных у межах агароджы або кветніка.
Пры сельвыканкамах былі створаны адпаведныя саветы, якія зрабілі інвентарызыцыю месцаў пахаванняў на грамадзянскіх могілках раёна. Сельвыканкамы вядуць рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану аб смерцях, у тым ліку і аб месцы пахавання памерлага – пашпарты пахаванняў, аднак паколькі такія адсутнічалі раней, то немагчыма аднавіць дату ўсіх пахаванняў і адпаведна наладзіць улік ранейшых магіл.
Рашэннем райвыканкама 29.09.2014 года на баланс УП ЖКГ перададзена 149 грамадзянскіх могілак, якія размешчаны ў сельскіх населеных пунктах раёна. Зараз вядзецца паэтапная работа па афармленні пашпартоў могілак. Сёлета мяркуецца зрабіць дакументацыю на могілкі вёсак Угрынкі, Сарочына, Загор’е, Крывушчына. Гэта работа будзе працягвацца.
Значная работа праведзена на могілках па добраўпарадкаванні. Арганізуецца яна старшынямі сельвыканкамаў па-рознаму, аднак там, дзе праведзены не адзін суботнік ці сабраны сродкі самаабкладання на гэтыя мэты, ужо прыкметны вельмі адчувальныя перамены. Так, за сродкі самаабкладання ў 2014 годзе на добраўпарадкаванне накіравана 9,2 мільёна рублёў, сёлета – 6,17. Таксама на добраўпарадкаванне сельскіх могілак выдзелена 96,1 мільёна бюджэтных сродкаў летась і 13 мільёнаў сёлета. Работнікамі камунгаса па ўзгадненні з сельвыканкамамі выкананы работы па высечцы кустоўя і рамонце агароджаў на суму 16 мільёнаў 455 тысяч рублёў. Складанасць практычна на ўсіх могілках уяўляюць старыя аварыйныя дрэвы. Сельвыканкамы пры наяўнасці сродкаў заказваюць спецыялізаваныя арганізацыі, аднак паколькі кошт работ вельмі вялікі, то высечка аварыйных дрэў праведзена толькі часткова. Ёсць прыклады (Жарскі сельсавет), калі верхалазы выклікаліся для выдалення дрэў або галін за сродкі грамадзян. Што датычыцца УП ЖКГ, то яно прапаноўвае заяўнікам дэманціраваць помнікі і агароджы, якія могуць быць пашкоджаны пры правядзенні работ. Практыка ж сведчыць, што пашкоджаны могуць быць не адзін і не два помнікі.
Праблемным пытаннем для гарпасёлка з’яўляецца недахоп вольных участкаў для пахавання на гарадскіх могілках у Ваўчо. Генпланам забудовы гарпасёлка гарадскія могілкі запланаваны на заходнім баку. Мяркуецца адвесці пад гэтыя мэты ўчастак ля Цялічына плошчай 4 гектары. Зараз матэрыялы знаходзяцца ў праектным інстытуце Віцебскгіпразема.
Таксама праблемным пытаннем з’яўляецца пад’езд да могілак. Каб пад’езды абслугоўваліся, зараз працягваюцца работы па перадачы пад’ездаў на абслугоўванне спецыялізаванай арганізацыі – ДРБУ-105. Да канца гэтага года плануецца перадаць 27 пад’ездаў працягласцю 3,7 кіламетра. Усе гэтыя пад’езды прымыкаюць да мясцовых дарог. Аднак у раёне застаюцца могілкі, дарогі да якіх праходзяць па палях, ды і дарогамі называюцца толькі ўмоўна. Па такіх пад’ездах пакуль выпрацаваны адзін падыход: сельгасарганізацыям, на балансе якіх знаходзяцца землі, не трэба пераворваць участкі, дзе пракладзена дарога да могілак.
Як бачна, работа па навядзенні парадку на могілках знаходзіцца на кантролі і будзе працягвацца. Аднак усім нам не трэба чакаць, што літаральна ўсе пытанні можна будзе перакласці на плечы арганізацый, на баланс якіх перададзены могілкі, і адпаведна бюджэт. Догляд за месцамі пахавання родных – наш святы абавязак. А парадак існуе на тых могілках, дзе не дзеляць участкі на свае і чужыя, а даглядаюць літаральна ўсе.
Вольга КАРАЛЕНКА.