Отопительный сезон в разгаре. Где и как заготовить дрова в Ушачском районе

Калейдоскоп

Ацяпляльны сезон ужо пачаўся. Кожны год з яго наступленнем жыхарам шматпавярховак застаецца толькі чакаць, калі камунальная служба “адкрые вентыль”, а ўладальнікам дамоў з падведзеным прыродным газам прывесці ў парадак катлы і вентыляцыю. А вось для большасці сельскіх жыхароў наступае час ацаніць і пры неабходнасці папоўніць свае запасы дроў. Зрабіць гэта магчыма рознымі законнымі спосабамі. Можна пайсці па шляху найменшага супраціўлення і заказаць гатовыя ў райпаліўзбыце або лясніцтве. А можна і зэканоміць – нарыхтаваць дровы самому.

Кубаметр двухмятровак каштуе ў райпаліўзбыце 66 тысяч рублёў. Па такой цане на адно домаўладанне можна заказаць 4,9 метра кубічных, усё што зверх – па свабоднай цане. Для інвалідаў другой і першай груп, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны кошт кубаметра ўдвая меншы. Але дабаўце сюды кошт дастаўкі, які ўзрастае з аддаленасцю ад райцэнтра, і атрымаецца даволі ўнушальная сума. Таму райпаліўзбыт у гэтым пытанні наладзіў плённае супрацоўніцтва з лясгасам, у якога і набывае драўніну. Гаспадарам з Гушчынскай Слабодкі, напрыклад, яе не павязуць з Ушач, а даставяць тэхнікай Кубліцкага лясніцтва з бліжэйшай лесасекі. Ужо нарыхтаваныя двухметровыя дровы вам прапануюць і ў кожным з сямі лясніцтваў Ушацкага лясгаса, нават па вусным звароце. Цана на іх у межах 4,9 кубаметра, што адпускаецца па льготнай цане, будзе такой жа, а звыш нормы – вышэй.

– Кошт такой драўніны зацвярджаецца аблвыканкамам і вагаецца ў залежнасці ад пароды і месцазнаходжання, – тлумачыць галоўны ляснічы Ушацкага лясгаса Сяргей Міхайлавіч Ільюшэвіч. – Для параўнання: кубічны метр двухмятровак елкі, асіны каштуе 78600 рублёў, чорнай вольхі – 80600, бярозы – 83200. Калі дровы тралёваныя (вывезеныя з лесасекі), то кошт куба ўзрастае на 47 тысяч рублёў. Гэта цана драўніны пры ўмовах самавывазу. Можна выпісаць трактар у лясніцтве – гадзіна працы МТЗ з цялежкай і пагрузчыкам каштуе 218500 рублёў без НДС. Лесасекі для нарыхтоўкі дроў стараемся выпісваць у розных месцах раёна, каб, напрыклад, не прыйшлося ехаць па дровы з Мосара ў Сарочына.

А вось саманарыхтоўку драўніны без уліку фізічных намаганняў можна аднесці да “эканом­варыянту”, нават патраціўшыся на бензін, масла і нават новы ланцуг для бензапілы. Самастойна дазваляецца рэзаць дровы ў выпадках захламленасці лесу, высечках сухастойных дрэў, ветравалаў і бураломаў на любой тэрыторыі дзяржлесфонду, прычым грамадзянін самастойна вызначае месца нарыхтоўкі і даступнасць вышэйназваных відаў драўніны – завалы леснікі дазволяць распрацоўваць нават у водаахоўнай зоне!

Перш чым звярнуцца ў лясніцтва, лепш усяго папярэдне абследаваць бліжэйшыя лясныя масівы, выбраць участак з дастатковай колькасцю сухастою або буралому. Адшукаўшы “перспектыўны” квадрат, падаецца заява на водпуск драўніны на карані для нарыхтоўкі дроў і максімум у дзесяцідзённы тэрмін (а на практыцы і намнога хутчэй) спецыялісты абследуюць участак і вы атрымаеце на рукі ордэр. Ён дзейнічае на працягу двух месяцаў з дня выпіскі – за гэты час вы павінны будзеце правесці нарыхтоўку драўніны. Пры атрыманні ордэра грамадзянін або яго прадстаўнік знаёмяцца з правіламі водпуску драўніны на карані і правіламі пажарнай бяспекі ў лясах і распісваецца за іх выкананне. Адпраўляючыся на лесасеку, ордэр трэба трымаць пры сабе – гэта ваша гарантыя пазбегнуць штрафу з боку прадстаўнікоў лясной аховы і прыродаахоўнікаў.

10 метраў кубічных пры саманарыхтоўцы будуць каштаваць у залежнасці ад пароды драўніны не больш… 15 тысяч рублёў! Цана вольхі шэрай і асіны – 210 рублёў за кубаметр, сасны, вольхі чорнай – 940. Бяроза самая “дарагая” – 1490 рублёў. Узнікае рэзоннае пытанне: ці ёсць выгада ад саманарыхтоўкі дроў лясгасу. Дзеля таго каб пакласці ў касу прадпрыемства некалькі тысяч рублёў дзялянку павінен наведаць майстар, патраціўшы не толькі час, але і паліва, ды і бланкі справаздачнасці, якія трэба аформіць для легалізацыі работ, здаецца каштуюць больш, чым атрымаецца прыбытак. Але, па словах С.М.Ільюшэвіча, пры правільнай саманарыхтоўцы выгада грамадзяніна і лесагаспадарчай арганізацыі двухбаковая:

– У лясгаса не хопіць ні часу, ні работнікаў, каб сабраць так званы “апад” і сухастой на ўсёй тэрыторыі. Таму правіламі лесакарыстання агаворана ўмова: пасля заканчэння саманарыхтоўкі дроў на тэрыторыі трэба навесці парадак, здрабніць вецце. Кожны чалавек перад вывазам драўніны з дзялянкі абавязаны выклікаць туды прадстаўніка лясніцтва. Ён ацэніць наведзены парадак, складзе акт агляду колькасці нарыхтаваных дроў і падпіша дакумент на яе вываз. Дарэчы, ацаніць аб’ём практычна немагчыма, калі драўніна распілавана на цуркі і скідана ў кучы – для правядзення абмеру яе неабходна складаць у штабелі.

Ведаю, што па адным нарыхтоўваць дровы грамадзяне практычна не ходзяць, бо нават прафесіяналу­лесарубу вельмі складана ўвесь комплекс работ выконваць самастойна. Як правіла, да гэтай справы далучаюцца родныя гаспадара, або суседзі і знаёмыя – у некага ёсць піла, а хтосьці з’яўляецца ўладальнікам тэхнікі. Ды і скласці аднаму некалькі дзясяткаў двухметровых калод у штабель праблематычна. А так брыгада з трох чалавек за некалькі гадзін без праблем можа нарыхтаваць 10­15 метраў кубічных дроў – у залежнасці ад “канцэнтрацыі” матэрыялу, яго памераў і іншых акалічнасцей. Сяргей Міхайлавіч Ільюшэвіч звярнуў увагу на тое, што лясгас можа выпісаць дровы для саманарыхтоўкі толькі ў дзяржлесфондзе, бо часта людзі звяртаюцца ў лясніцтва з просьбай аб высечцы бліжэйшага да домаўладання кустоўя – лясніцтва не мае такіх паўнамоцтваў. Таму з пытаннямі саманарыхтоўкі драўніны можна звяртацца і ў бліжэйшае сельгаспрадпрыемства, пры ўмове, што яно мае непратэрмінаваны лесасечны білет. Але і ў гэтым выпадку рэзаць дровы на ўскрайку любога поля таксама не атрымаецца – ёсць вызначаныя для гэтых мэт урочышчы.

Нарэшце, у якасці дроў можна набыць адходы піламатэрыялаў, якія прапаноўваюць ААТ “Ушачы”, ТАА “Лес”, некаторыя прыватнікі. Як бачна, забяспечыць сябе палівам на зіму не з’яўляецца вялікай праблемай. Кожны можа выбраць падыходзячы варыянт з улікам як фінансавых, так і фізічных магчымасцей.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *