С вниманием к каждой пациентке. За здоровьем женщин в Ушачской ЦРБ следит врач акушер-гинеколог Наталья Дрозд

Здравоохранение

Зараз за здароўем жанчын ва Ушацкай ЦРБ сочыць урач акушэр-гінеколаг Наталля Васільеўна Дрозд. Да сваіх абавязкаў яна прыступіла ў жніўні бягучага года.

Апошнім часам урачы-гінеколагі ў райбальніцы не затрымліваліся надоўга, адпрацаваўшы адведзены размеркаваннем тэрмін, мянялі месца працы і жыхарства. Цяпер жа пацыенткам пашанцавала: Н.В.Дрозд – чалавек мясцовы, адразу ведала, што працаваць будзе менавіта на Ушаччыне. Дарэчы, выбар прафесіі быў добра абдуманы і ўзважаны. Спачатку Наталля Васільеўна скончыла Аршанскі дзяржаўны медыцынскі каледж, атрымаўшы спецыяльнасць фельчара-акушэра. Некаторы час адпрацавала па месцы жыхарства – на ФАПе ў Ільюшыне. Пасля дэкрэтнага водпуску вырашыла атрымаць вышэйшую адукацыю і паступіла на лячэбны факультэт Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта. Калі ж прыйшоў час выбіраць спецыялізацыю, не задумваючыся аддала перавагу акушэрству-гінекалогіі. Пасля шасці гадоў вучобы яшчэ год праходзіла інтэрнатуру ў Наваполацкім радзільным доме. Там яе вялікі багаж тэарэтычных ведаў папоўніўся і добрай практыкай – за суткі там прымаюць 15-20 родаў, да таго ж працуе многа высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія перадаюць свой вопыт маладому пакаленню.

Зараз у Наталлі Васільеўны шмат абавязкаў – яна адзіны гінеколаг у бальніцы. Ёй трэба праводзіць прыём у жаночай кансультацыі, сачыць за станам цяжарных жанчын і хворых у аддзяленні, а таксама выходзіць і на дзяжурства па графіку. Але нягледзячы на вялікую занятасць кожнай пацыентцы ўрач удзяляе шмат увагі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *