В этнографическом музее Кубличской школы более ста различных экспонатов

Общество

Уладзімір Караткевіч сказаў: “Хто губляе сваіх продкаў – сябе губляе”, а наш славуты зямляк Васіль Быкаў пісаў: “Мабыць, найбольшае зло ў нашым жыцці – наша бяспамяцтва”. Лічу, што спадчыннае, народнае,  мудрае дапаможа нам стаць багатымі духоўна.

Этнаграфічны музей Кубліцкай школы быў адкрыты 1 лістапада 1995 года. Ініцыятарам яго стварэння быў Уладзімір Юр’евіч Краўчанка, які на той час з’яўляўся дырэктарам навучальнай установы. Кіраўнікамі музея з тых часоў былі настаўнікі гісторыі Людміла Канстанцінаўна Кальчэўская і Аляксандр Леанідавіч Раманоўскі. З 2011 па 2015 год музей не дзейнічаў, паколькі памяшканне было перададзена пад дзіцячы сад, а сёлета аднавіў сваю работу ў новым абліччы. За кароткі прамежак часу ў нашым музеі ўжо сабрана больш за 100 экспанатаў. Усе яны сапраўдныя і могуць многа расказаць пра заняткі мясцовага насельніцтва.

Спачатку трапляем у сенцы, якія і зараз служаць для гаспадарчых мэт. Тут стаяць кросны і ткацкі станок, які нам перадалі сваякі Еўдакіі Арцёмаўны Данілёнак, 1914 года нараджэння, якая пражывала ў вёсцы Заляддзе. Яе равесніца з Лісічына Ганна Іванаўна Назарава яшчэ пры жыцці перадала нам кораб, сплецены з саломы. На жорнах малола на муку зерне жыхарка Кубліч Аляксандра Сцяпанаўна Харашкевіч. У сенцах таксама знаходзіцца ступа  для апрацоўкі зерня на крупы, жлукта для мыцця бялізны (начоўкі), фуганкі, кубел, бондарскі выраб, у якім хавалі адзенне, саматканае палатно, іншыя каштоўныя рэчы. Ёсць яшчэ і кубелец, прызначаны для захавання сала і мясных прадуктаў, памерамі меншы за кубел (50­75 см). Дарэчы, існуе меркаванне, што назва нашай вёскі Кублічы паходзіць менавіта ад слова кубел. Ля сцяны ўзвышаецца бочка, на сценах вісяць конскія падковы, пута.

Цікавая знаходка – старажытная сякера з каменю. Ёсць у нашых сенцах і грэбень з драўляным зуб’ем для часання льну, матавіла для змотвання пражы, шпунтоўнік ці шпунтавік, які выкарыстоўваўся для адбівання шпунта, чвэрці ў дошках і іншых будаўнічых матэрыялах.

З сенцаў трапляем у хату, галоўнае багацце якой – гэта печ, зробленая ўмелымі рукамі нашага качагара Віктара Васільевіча Падгола. Печ – гэта цеплыня, здароўе, гарачая смачная ежа. А беларус любіць смачна паесці. На печы ляжаць драўляныя качалкі для разгладжвання бялізны, стаіць 6 розных  прасаў, якія працавалі на вуголлі, побач лапата, якую гаспадыня пакрывала  хрэнавым, кляновым лісцем ці аерам, пасыпала зверху мукой і саджала на ёй цеста ў печ. Адразу каля ўваходу – бабін кут з кадушкай для вады,  каромыслам, маслабойкай, глінянымі гарлачамі і глякамі. Каля акна стаіць  калаўрот­самапрадка і прасніца для прадзення воўны, льняной і пяньковай кудзелі.

Каля печы размешчана калыска, ножкі якой злучаны гнуткімі палазамі, што давала магчымасць калыхаць малое. Можна сказаць, што кожны беларус выгадаваўся ў калысцы, а частае калыханне трэніравала вестыбулярны апарат. На драўляным вялікім ложку засланы сяннік, напханы сенам або саломай. Прыгожыя саматканыя посцілкі, дываны нам дасталіся з вёскі  Азярцы Глыбоцкага раёна ад Марыі Мікалаеўны Кот і Наталлі Уласаўны Мялешкі, якая большую частку жыцця пражыла ў Анікееўшчыне Ушацкага раёна.

Покуць ці красны кут – найбольш шаноўнае месца ў хаце. Вісіць абраз, убраны ручніком. Стол заўсёды быў белы, бо яго часта скрэблі нажом. Над ім падвешваўся павук – прасторавая кампазіцыя з саломы, папяровых кветак, зробленая рукамі Надзеі Іванаўны Данілёнак з вёскі Забалоцце. Павук традыцыйна ўпрыгожваў інтэр’ер, лічылася, што ён прыносіць шчасце. Значную дапамогу ў стварэнні музея аказала дачка майстрыхі, настаўніца школы Т.І.Касцючэнка.

Маецца ў нас і канапа, якую 32 гады назад зрабіў настаўнік тэхнічнай працы Міхаіл Мікалаевіч Мацвеенка. Вельмі спатрэбіліся і яго рарытэтныя рэчы – радыё, паліцы, самаробныя цвікі, фуганак, табурэты. Значнае месца ў хаце займае куфар­скрыня ў якой хавалі тканіны, адзенне, бялізну, упрыгожванні, збіралі пасаг маладой, а ў час вяселля перавозілі ў дом маладога. У сялянскім інтэр’еры ён стаў распаўсюджаны з 19 стагоддзя і замяніў кублы. У.Караткевіч называў яго куфарам жыцця.

У нашай установе адукацыі быў аб’яўлены конкурс “Экспанат для музея”. Самы актыўны ўдзел у ім прыняў вучань 7 класа Уладзіслаў Анэцька, які разам са сваім татам Антонам Юльянавічам на кані з Кубліч і Воцькавіч  прывезлі шмат экспанатаў: у тым ліку бочку, куфар, калыску, жорны. Актыўна далучыліся да работы па папаўненні музею загадчыца гаспадаркі нашай установы адукацыі Марыя Восіпаўна Кляпец, яе маці Зінаіда Фёдараўна Стрыжонак. З іх гаспадаркі прыйшлі лава, дзежка для хлеба, куфар, які належаў бабулі Ульяне Лук’янаўне Жаваранак, якая ў 1914 нарадзілася ў вёсцы Кажаны, а потым жыла ў Бараўлянах. У стварэнні музея актыўны ўдзел прымае і дырэктар школы Марыя Васільеўна Ярмош. Гэта чалавек апантаны, які ўсё жыццё прысвяціў вывучэнню роднага краю, у тым ліку праз арганізацыю экскурсій, паходаў па яго запаветных мясцінах.

Я ж упэўнена, што на гэтым наша праца не спыніцца.

Н.МАЦВЕЕНКА, кіраўнік этнаграфічнага музея, настаўніца Кубліцкай школы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *