Самая молодая служба юридического профиля — отдел принудительного исполнения Ушачского района

К профессиональному празднику

Штогод у першую нядзелю снежня ў рэспубліцы адзначаецца Дзень юрыста. Прафесійнае свята аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці — суддзяў, адвакатаў, натарыусаў, юрысконсультаў, работнікаў праваахоўных органаў. Спецыфіка іх работы заключаецца найперш у захаванні літары закону, выкананні прававых норм у інтарэсах народа, дзяржавы.

Сёння мы бліжэй пазнаёмім нашых чытачоў з самай маладой службай юрыдычнага профілю – аддзелам прымусовага выканання Ушацкага раёна. Нагадаем, што функцыянаваць ён пачаў, як і аналагічныя органы па ўсёй краіне, з 1 студзеня 2014 года згодна з Указам Прэзідэнта №530 “Аб некаторых пытаннях удасканалення арганізацыі выканання судовых пастаноў і іншых выканаўчых дакументаў”.

З моманту стварэння аддзела яго ўзначальвае А.В.Маслюк. Спецыяліст з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй і 18­гадовым стажам у сферы праваадносін, Алена Віктараўна хутка ўнікла ў курс справы, адчула падтрымку хоць і невялікага, але надзейнага калектыву. Усяго ў аддзеле 4 супрацоўнікі. Разам з начальнікам выкананнем пастаноў і рашэнняў суда, прымусовым спагнаннем штрафаў і пазык займаецца судовы выканаўца Сяргей Аляксандравіч Шчэрбік. У справаводаў Ганны Міхайлаўны Бурак і Юліі Сяргееўны Долгай асноўны абавязак — работа з дакументацыяй, архівам.

Вопыт работы ў невялікім калектыве А.В.Маслюк набыла, калі працавала ў судзе Ушацкага раёна, адкуль пачалася сцяжынка яе прафесійнага росту і ўдасканалення. Менавіта туды маладая дзяўчына прыйшла працаваць у снежні 1997 года. Была спачатку машыністкай, пазней – сакратаром суда, судовым выканаўцам, старшым судовым выканаўцам.

— У праваахоўнай сістэме заўсёды адчувала сябе як рыба ў вадзе, — прызнаецца Алена Віктараўна. — Таму, калі прапанавалі ўзначаліць новы аддзел, не разважаючы, згадзілася. Справа гэта хоць і вельмі адказная, але цікавая. Напэўна, жыццё “грамадзянскае” мне не зусім па душы. Калі работа размераная, прадказальная, ачуваю сябе некамфортна.

Спрагназаваць працоўны дзень у аддзеле прымусовага выканання наўрад ці атрымаецца. Па словах начальніка, дакументы на выкананне паступаюць штодня. Часам іх колькасць дасягае некалькіх дзясяткаў. І за кожнай пастановай — асобны чалавек і індывідуальны падыход да яго. Супрацоўнікам трэба дасканала вывучыць сітуацыю, азнаёміцца з умовамі пражывання і крыніцамі даходаў грамадзяніна, каб у выніку ён заплаціў штраф ці іншую запазычанасць або спагнанне.

— На жаль, далёка не ўсе грамадзяне жадаюць ці могуць добраахвотна выплачваць пазыкі, — зазначае Алена Віктараўна. — Тлумачым, якія наступствы цягне за сабой затрымка выплат. Цяжкасцей хапае. Як правіла, многія даўжнікі нідзе не працуюць і дарагой маёмасцю, якую б можна было забраць у залік пагашэння пазыкі, не валодаюць. Пры гэтым сумленне такіх грамадзян не дакарае. Зараз у аддзеле на выкананні знаходзіцца 62 справы ў дачыненні абавязаных асоб, 107 – па аліментных зносінах, 247 – па адміністрацыйных штрафах, 54 – па крэдытных запазычанасцях і некаторыя іншыя.

З першага дня стварэння аддзела прымусовага выканання працуе тут і С.А.Шчэрбік. Пасаду судовага выканаўцы ён займаў і раней – у судзе Ушацкага раёна, таму асаблівасці ўскладзеных на яго абавязкаў добра ведае. Тым не менш, часу расслабіцца ў Сяргея Аляксандравіча не бывае: неабходна і з дакументамі папрацаваць, і да даўжнікоў наведацца. Паступова павялічваецца і колькасць задач, пастаўленых перад спецыялістамі названай службы. Так, сёлета на выкананне да іх паступіла аж на 700 дакументаў больш, чым летась. З верасня бягучага года аддзел пачаў працаваць з юрыдычнымі асобамі.

Пра сваю работу, якая многім падасца “сухой і зусім непрывабнай” А.В.Маслюк і С.А.Шчэрбік расказваюць дэталёва і эмацыянальна. І асабістым часам дзеля справы ахвяруюць – святло ў іх кабінеце часта гарыць да позняга вечара і ў выхадныя дні. Калі ж вольны час з’яўляецца, Алена Віктараўна любіць з падручных прылад майстраваць што­небудзь прыгожае для дома, а ўзімку катацца на лыжах. Сяргей Аляксандравіч жа цалкам прысвячае сябе сям’і – любімай жонцы і маленькаму сыну.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку: супрацоўнікі аддзела прымусовага выканання Ушацкага раёна А.Маслюк, С.Шчэрбік.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *