Да Новага года яшчэ некалькі тыдняў, але святочны настрой ужо прыходзіць да нас з каляровымі агеньчыкамі ў вокнах і вітрынах, з прыемнымі клопатамі пра ўборы і падарункі. А галоўныя персанажы зімовага свята ўвогуле ўжо прыступілі да сваіх абавязкаў: на мінулым тыдні ў Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі на рэгіянальны конкурс “Ёлка-ФЭСТ-2015” прыбылі Дзяды Марозы і Снягуркі з розных гарадоў і раёнаў Прыдзвіння, каб паспрачацца за званне самых вясёлых, цікавых і таленавітых.
Для Ушацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі ўдзел у гэтым конкурсе стаў добрай традыцыяй. Трэба сказаць, што далёка не ўсе невялікія раёны рызыкуюць выставіць на абласны агляд свае каманды: выступаць на роўных з прадстаўнікамі школ і ўстаноў дадатковай адукацыі буйных гарадоў даволі складана – так, напрыклад, лаўрэаты сёлетняга конкурсу з Полацка, Наваполацка, Віцебска, каб трапіць на абласны этап, атрымалі перамогі на прадстаўнічых гарадскіх адборах. Але ўпэўненасць у сваіх сілах і шматлікія рэпетыцыі, падчас якіх педагогі і выхаванцы нашага цэнтра адточвалі конкурсную праграму, дазволілі нам заваяваць прыхільнасць маленькіх гледачоў, якія запоўнілі залу палаца: менавіта па іх рэакцыі, гатоўнасці ўдзельнічаць у гульнях, якія прапаноўвалі канкурсанты, у многім залежаў вердыкт журы. А быў ён для нас вельмі прыемным – трэцяе месца ў намінацыі “Лепшая сюжэтна-гульнявая праграма”. Журы адзначыла ўменне працаваць з глядацкай залай, арыгінальнасць, артыстызм і выканаўчае майстэрства нашай каманды. Вялікая роля ў агульным поспеху належыць маім калегам – педагогам дадатковай адукацыі Вользе Віктараўне Пугачовай, разам з якой мы выконвалі ролі Дзеда Мароза і Снягуркі, і Таццяне Віктараўне Лапёнак, якая ўзяла на сябе няпростыя функцыі гукааператара. І, канечне, зрабілі наша выступленне яркім і змястоўным навучэнцы цэнтра: Валя Шалак, Каця Клопава, Марына Падлеснава і Іра Вітко, якія ператварыліся ў гарэзлівых гномаў, юныя вакалісткі Надзя Раманоўская і Паліна Салаўёва, выканаўцы танцавальных нумароў Саша Барадзіна, Арына Палякова, Віка Паршонак, Саша Пячура і Паліна Раманоўская, а таксама ўдзельніцы харэаграфічнага калектыву “Авантаж”. Хочацца выказаць падзяку бацькам, якія падабралі для дзяцей святочныя ўборы, зрабілі прычоскі. “Якая ў вас прыгожая каманда!” – не шкадавалі кампліментаў у наш бок журналісты, што асвятлялі конкурс. Дарэчы, менавіта групавое фота ўшачан праз некалькі гадзін пасля падзеі ўпрыгожыла сайт агенцтва навін БелТА.
Конкурс “ЁлкаФЭСТ” можна назваць своеасаблівай рэпетыцыяй любімага ўсімі свята, бо вельмі хутка паказаныя на ім гульнявыя праграмы і творчыя нумары змогуць убачыць і ацаніць маленькія жыхары розных куточкаў Віцебшчыны.
П.АЛЕКСЯЁНАК, педагог-арганізатар Ушацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.