1 декабря — Всемирный День борьбы со СПИДом

Общество

У мінулым стагоддзі ў побыт чалавецтва ўвайшло страшнае слова ВІЧ/СНІД. “Хваробай паводзінаў” неўзабаве сталі трапна называць смяротны дыягназ медыкі. На жаль, на сённяшні дзень лекаў ад ­СНІДу не існуе.

ВІЧ-інфекцыя – цяжкае інфекцыйнае захворванне, якое характарызуецца паражэннем імуннай і цэнтральнай нервовай сістэмы чалавека, далучэннем другасных інфекцый, утварэннем пухлін. Не трэба думаць, што ВІЧ і СНІД (апошняя стадыя ВІЧ) – гэта нешта абстрактнае, – на жаль, захворванне стала рэальнасцю не толькі ў мегаполісах, але і ў глыбінцы. Ва Ушацкім раёне на дыспансерным уліку з прычыны ВІЧ знаходзіцца трое грамадзян.

У перыяд ад 2-3 тыдняў да 3 месяцаў пасля заражэння ВІЧ-інфекцыяй у залежнасці ад стану імуннай сістэмы чалавека магчыма з’яўленне наступных сімптомаў: павышэнне тэмпературы цела, галаўныя болі, боль у горле, павелічэнне лімфатычных вузлоў, слабасць у целе, сып па тыпе алергіі, кішачныя расстройствы. Працягваюцца такія сімптомы звычайна на працягу 1-4 тыдняў і праходзяць без усялякага лячэння. Затым пачынаецца схаваны перыяд, калі хвароба можа сябе ніяк не праяўляць. Часта людзі, якія жывуць з ВІЧ, нават не падазраваюць, што ў іх арганізме знаходзіцца вірус. Адзіны шлях выявіць хваробу – прайсці абследаванне на наяўнасць у крыві спецыфічных антыцелаў да ВІЧ. Зрабіць гэта трэба не раней 3-6 месяцаў ад моманту магчымага заражэння.

Паводле статыстыкі Сусветнай асацыяцыі аховы здароўя, на планеце жыве больш 35 мільёнаў чалавек, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту, і кожны дзень “чорны спіс” ахвяр СНІДу павялічваецца яшчэ на 14-15 тысяч. Па ацэнцы ААН, ВІЧ-інфекцыя займае пятае месца сярод прычын смяротнасці ў свеце. У Віцебскай вобласці на 1 лістапада бягучага года зарэгістраваны 1051 выпадак ВІЧ-інфекцыі, прычым, 99 з іх выяўлены ў бягучым годзе.

Асноўнымі шляхамі заражэння па-ранейшаму застаюцца палавы і праз кроў. Інфіцыраваная цяжарная жанчына можа перадаць вірус нованароджанаму. Высокая рызыка заражэння вірусам у наркаманаў, якія ўводзяць наркотыкі шпрыцамі. Вірус не перадаецца пры размове, кашлі, чханні, пры рукапацісканні, праз прадукты харчавання. Няма рызыкі заразіцца пры карыстанні агульным посудам, ваннай, у басейне, грамадскім туалеце.

Паколькі ВІЧ-інфекцыя не вылечваецца радыкальна, галоўным спосабам у барацьбе з яе распаўсюджваннем з’яўляецца прафілактыка. Каб знізіць рызыку заражэння ВІЧ, трэба выконваць элементарныя правілы бяспекі. Нельга прымяняць паўторна іголку або шпрыц. Пры палавых кантактах выкарыстоўвайце прэзерватыў. Заўсёды карыстайцеся індывідуальнымі ці прадэзінфіцыраванымі прадметамі асабістай гігіены, не дапускайце выкарыстання іншымі людзьмі вашых брытваў, зубных шчотак, манікюрных прыналежнасцей і медыцынскіх інструментаў.

У нашай краіне створана сістэма, якая забяспечвае максімальную даступнасць да кансультавання і тэсціравання на ВІЧ-інфекцыю. Усё ВІЧ-станоўчыя пацыенты знаходзяцца на дыспансерным назіранні. Пры наяўнасці ў іх паказанняў да прызначэння спецыфічнага лячэння медпрэпараты ім выдзяляюцца бясплатна. У Віцебскай вобласці атрымліваюць лячэнне 523 пацыенты, з іх 16 непаўналетніх.

Барацьба з ВІЧ-інфекцыяй і СНІДам вядзецца на працягу дзясяткаў гадоў. Гэты вірус вывучаны лепш, чым вірусы многіх іншых захворванняў. Тым не менш, выратавацца ад яго пакуль немагчыма. А таму кожны чалавек павінен весці такі лад жыцця, які дазволіць яму пазбегнуць заражэння.

В.ЯРМОШ, урач-інфекцыяніст Ушацкай ЦРБ.

­Дэвізам Сусветнага дня барацьбы са СНІДам з’яўляецца: “Імкненне да нуля: нуль новых выпадкаў ВІЧ-­інфекцыі, нуль дыскрымінацыі, нуль смерцяў з прычыны СНІДу” (аб’яўлены Аб’яднанай Праграмай ААН на 2011­2015 гады). Сёлетняя тэма – “Паскарэнне мер для выкаранення СНІДу”.

На планеце жыве больш 35 мільёнаў чалавек, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту, і кожны дзень “чорны спіс” ахвяр СНІДу павялічваецца яшчэ на 14­15 тысяч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *