Первый лёд опасен. Будьте осторожными!

Общество

Гэты тыдзень прынёс нам  марознае паветра і першы снег, які выпаў на большай частцы Віцебшчыны. На выхадных па прагнозах сіноптыкаў чакаецца паніжэнне тэмпературы яшчэ на некалькі градусаў. На вадаёмах з першымі маразамі пачаў утварацца і першы лёд. Важна ведаць, што ён не валодае неабходнай трываласцю, лёгка ломіцца пад чалавекам. Як паказвае шматгадовая статыстыка, правалы пад лёд і звязаная з гэтым гібель людзей часцей адбываюцца менавіта ў перыяд станаўлення лёду. Напрыклад, летась у такі ж час на Браслаўшчыне ахвярай стаў нецярплівы рыбак, які выйшаў на лёд, калі яго таўшчыня не дасягала і 6 сантыметраў. Мясцовым выратавальнікам паступіў сігнал, што на адным з азёр праваліўся пад лёд чалавек. Дабрацца да пацярпелага было складана, бо ён адышоўся ад берага амаль на 400 метраў. Работнікі МНС даставілі мужчыну на бераг, але медыкам яго выратаваць ужо не ўдалося.

Трэба ведаць, што працягласць ледаставу на вадаёмах неаднолькавая. Як правіла, спачатку замярзае вада з берага, на мелкаводдзі і толькі потым у цэнтральнай частцы. На азёрах звычайна лёд становіцца раней, чым на рэках. Надзейным лічыцца празрысты лёд з бела-блакітным адценнем і не менш 7-10 сантыметраў, калі ж на невялікім участку размяшчаецца група людзей – не менш 15.

Памятайце пра меры бяспекі пры знаходжанні на замерзлым вадаёме. Абавязкова замацуйце на поясе вяроўку, другі канец якой прывяжыце на беразе да дрэва. Вазьміце з сабой нож ці іншы востры прадмет, які можна ўторкнуць у край лёду і трымацца за яго. Апранайце верхняе адзенне і абутак, якія ў крытычнай сітуацыі можна хутка зняць. І, канечне, у любую пару года ні ў якім разе нельга знаходзіцца на вадаёме ў стане алкагольнага ап’янення: менавіта гэты фактар стаў вызначальным у трагічным выпадку, які адбыўся ў мінулым годзе ў Расонскім раёне, калі два нецвярозыя рыбаловы выпалі з лодкі і патанулі. Вада не даруе легкадумнасці, а нават самы багаты ўлоў не варты нашага жыцця і здароўя.

У прадаўжэнне тэмы нельга не сказаць і пра яшчэ адзін важны момант. Сёлета  ў гарпасёлку з’явілася некалькі новых штучна выкапаных вадаёмаў – па вуліцы Камсамольскай насупраць дома №4 і каля насенінспекцыі, яшчэ два па Калінінскай і адзін па вуліцы Піянерскай. У цяперашні час каля іх гуляюць дзеці і з нецярплівасцю чакаюць, калі ж можна будзе пакатацца на лёдзе.

– Каля кожнага з вадаёмаў мы ўжо ўстанавілі папераджальныя таблічкі з надпісам “Выхад на лёд забаронены”, – расказвае намеснік дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі Дзмітрый Шасцярэнь. – Аднак бацькам трэба абавязкова правесці са сваімі дзецьмі растлумачальныя размовы аб небяспецы першага лёду. На падобных саджалках крутыя берагі, немалая глыбіня і ў выпадку правальвання пад лёд выбрацца самастойна будзе складана. Дастаткова некалькіх хвілін, каб здарылася бяда.

Таксама каб праверыць, ці стаў лёд, дзеці пачынаюць кідаць на паверхню вадаёмаў камяні, палкі і іншыя прадметы. Варта растлумачыць, што нельга такім чынам засмечваць вадаём, тым больш што пасля ўстанаўлення трывалага лёду прадметы ўмёрзнуць на паверхні і створаць перашкоду для катання на катку.

Паважаныя дарослыя! Для таго, каб не здарылася трагедыі, неабходна рэгулярна праводзіць размовы з дзецьмі наконт небяспекі, якую тоіць у сабе лёд, а таксама іншых правілах паводзін пры ўзнікненні той ці іншай надзвычайнай сітуацыі. І ні ў якім разе не пакідайце дзяцей дашкольнага ўзросту і малодшых школьнікаў без нагляду!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *