Пасяджэнне штаба па рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу “Прарыў” адбылося на мінулым тыдні. На ім архітэктары, праектанты, эксперты не толькі акрэслілі планы будучых этапаў, але і падвялі вынікі першага. Удзел у пасяджэнні прыняў аўтар мемарыяла Юрый Міхайлавіч Градаў, кіраўніцтва раёна прадстаўлялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка і намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Вітальевіч Галяковіч.
Нагадаем, што маштабныя работы на гісторыкакультурным помніку Ушацкага раёна распачаліся два месяцы таму. Тэндар на правядзенне першага этапу – рэканструкцыі сцяны, расколатай на дзве глыбы, – выйграла прадпрыемства “Віцебскгандальбуд”. За адзначаны перыяд яго работнікі зрэзалі і адрамантавалі пашкоджаныя карозіяй апорныя канструкцыі, наварылі новыя, “апранулі” ў новую бетонную шубу, правялі гідраізаляцыю і афарбоўку. Па словах А.Галяковіча, на ўсе гэтыя работы затрачана больш мільярда рублёў, выдзеленых са сродкаў, заробленых жыхарамі нашай краіны падчас рэспубліканскага суботніка.
Зараз ідзе падрыхтоўка да другога, не менш маштабнага і сур’ёзнага этапу – рэстаўрацыі фігуры партызана. Вядома ж, гаворкі пра поўную замену гэтага цэнтральнага элемента комплексу не ідзе – з дапамогай сучасных тэхналагічных прыёмаў яго ўмацуюць, абновяць знешні выгляд.
– Наша галоўная задача – захаваць усё прыбліжана да арыгіналу, але з карэкціроўкай часу, – кажа Ю.Градаў. – Мы не будзем спяшацца, а грунтоўна і прадумана рухацца па намечаным плане, каб нашы паслядоўнікі як мага пазней вярнуліся да рэстаўрацыі аднаго з самых значных помнікаў Беларусі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.