Практыка паказвае, што колькасць грамадзян, якія страчваюць свае пашпарты, менш не становіцца. Таму варта нагадаць ушачанам, як паступаць у такой сітуацыі.
Пры згубе галоўнага дакумента грамадзяніна Рэспублікі Беларусь тэрмінова звярніцеся ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства. Калі ж пашпарт быў выкрадзены, то найперш накіруйцеся ў аддзел унутраных спраў па месцы здзяйснення злачынства ці па месцы жыхарства, а ўжо потым у міграцыйную службу. Пры сабе неабходна мець: заяву, якая змяшчае прычыны згубы ці крадзяжу пашпарта, заяву ўстаноўленага ўзору на афармленне, 4 фотакарткі і квітанцыю аб аплаце.
Хачу папярэдзіць ушачан, што пры падачы заявы пра згубу ці крадзеж пашпарта ён аўтаматычна становіцца несапраўдным. Нават калі пазней дакумент знойдзецца, ажыццяўляць з ім юрыдычна значныя дзеянні забаронена. Такі пашпарт падлягае абавязковай здачы ў органы ўнутраных спраў.
Д.ПЧОЛКА, старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС.