На двары яшчэ лістапад, а ў бібліятэцы Ушацкай школы ўжо пануе навагодні настрой – стварыла яго выстава конкурсных работ “Тэхна-Ёлка-2015”. Сваю фантазію школьнікі павінны былі праявіць з дапамогай самых розных матэрыялаў – дрэва, металу, шкла, пластыку, дэталяў тэхнічных прылад, другаснай сыравіны. Зрэшты, пры стварэнні навагодніх ёлак пайшло ў ход літаральна ўсё, што трапілася пад іх умелыя рукі – ад аднаразовага посуду да круп і макароны.
Хочацца асабліва адзначыць, што вельмі актыўны ўдзел у выставе прынялі хлопчыкі. Самым першым свой выраб – ёлку з пластыкавых бутэлек і накрывак – змайстраваў вучань 7 “В” Руслан Контараў. Вельмі арыгінальнай падалася ёлка з птушыных пер’еў ад яго аднакласніка Артура Філімонава. На засталіся ў баку і васьмікласнікі: адразу 4 крэатыўныя работы вынес на суд гледачоў Арцём Маслоўскі (8 “В”), адна з якіх, напрыклад, была выканана з ласкутоў джынсавай тканіны і гузікаў. Шмат умення і цярплівасці патрабавалі навагодняе дрэўца з шышак Ірыны Маркевіч (10 “Б”) і “Сонечная ёлка” з круп Алесі Дробыш (5 “В”). Цалкам адпавядае ідэі конкурсу сінтэтычная ёлка будучага Дзіяны Каваленкі (6 “В”), абаяльная елачка з простых папяровых сурвэтак атрымалася ў Валодзі Первянёнка (5 “А”). Напэўна, не адну гадзіну папрацавалі над дрэўцамі з ватных дыскаў Жэня Раманоўская з 7 “А”, Даша Карпёнак і Крысціна Федарэнка з 9 “Г”. Нават не адразу зразумееш, што галінкі дрэўца, якое зрабілі вучні 6 “А” разам з класным кіраўніком В.А.Мартынюк, – гэта пластыкавыя відэльцы. Адходы ДСП па-майстэрску ператварылі ў сувенірную кампазіцыю вучні 3 “Б” і іх настаўнік Л.А.Бабаедава. Ну а ля вырабу Улада Міхаля (8 “Б”) прыпыняюцца літаральна ўсе, каб як след разгледзець яго “высокатэхналагічную” ёлку, зробленую з настольнай лямпы і кампакт-дыскаў.
Вядома ж, расказаць пра ўсе цудоўныя работы школьнікаў проста немагчыма. Лепшыя экспанаты выставы прадставяць школу на раённым і рэспубліканскім этапах конкурсу.
С.ГАЛАЙ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ушацкай СШ.