На гэтым тыдні раён наведаў міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Васіль Іванавіч Жарко. Ён правёў прыём грамадзян, а таксама пабываў ва Ушацкай раённай бальніцы, дзе наведаў дзіцячае, тэрапеўтычнае, хірургічнае аддзяленні, пагутарыў з пацыентамі, пацікавіўся у маладых спецыялістаў умовамі іх працы. Васіль Іванавіч добра памятае, што некалькі год таму на Ушаччыну па размеркаванні накіравалі вялікую колькасць спецыялістаў і на сённяшні дзень раён няблага ўкамплектаваны кадрамі.
Палова наведвальнікаў прыехала на прыём да міністра з іншых раёнаў Віцебскай вобласці. Гэта былі маладыя спецыялісты, якія прасілі пераразмеркаваць іх па месцы працы мужа або жонкі. Пазіцыя міністра ў гэтай сітуацыі канкрэтная – атрымаўшы спецыяльнасць, кадры павінны працаваць па ёй, тым больш што патрэба ў медыках існуе ў розных рэгіёнах краіны. Малады стаматолаг, рэаніматолаг і педыятр мелі на руках запыты з медыцынскіх устаноў Віцебска і Мінска, дзе і пражываюць, замест Дуброўна, Лепеля, куды трапілі па размеркаванні. Яны змогуць як маладыя спецыялісты ўладкавацца і туды, аднак толькі ў тым выпадку, калі на цяперашнім іх месцы працы знойдзецца замена. «Стварэнне сям’і – не падстава для пераразмеркавання, – падкрэсліў Васіль Іванавіч, – вы павінны адпрацаваць вызначаны тэрмін, тым больш калі гутарка ідзе пра бюджэт і тым больш вучобу па мэтавым накіраванні». Нагадаў міністр маладым людзям і пра выканаўчую дысцыпліну, пра якую нельга забывацца, дзе б яны ні працавалі. Міністр дэталёва цікавіўся ў маладых спецыялістаў умовамі работы, а паколькі ўсе яны прыехалі на прыём са сваімі палавінкамі, то пажадаў ім крэпкіх сямей і абавязкова многа дзяцей, не раз у гутарках падкрэсліўшы, што ахове мацярынства і дзяцінства надаецца асаблівая ўвага, гэта прыярытэтны дзяржаўны накірунак.
Жыхарка аграгарадка Вялікія Дольцы Галіна Лявонаўна Зелянік прыехала на прыём толькі для таго, каб выказаць падзяку міністру за тыя кадры, якія працуюць у іх населеным пункце. Яна расказала В.І.Жарко пра сямейную пару Крыштопенкаў, у якой ужо і старэйшы сын стаў медыкам, пра іх прафесіяналізм. Міністр пацікавіўся ў начальніка ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Ю.М.Дзеркача, ці заахвочваліся гэтыя дактары, і пачуў, што Ала Мікалаеўна Указам Прэзідэнта ў кастрычніку гэтага года ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі».
Прыходзілі на прыём і з пажаданнем абследавацца і пралячыцца ў чарнобыльскіх цэнтрах. Васіль Іванавіч адказаў, што такі застаўся толькі ў Гомелі, пры жаданні можна паехаць і туды, наогул жа пацыенты не дзеляцца зараз на чарнобыльцаў або не і ў любой медыцынскай установе можна атрымаць лячэнне.
Па скарзе, якая патрабуе дэталёвага высвятлення, ён паабяцаў даць адказ праз канкрэтны тэрмін. Аднак з кім бы падчас прыёму не размаўляў міністр, у яго адказах чырвонай ніткай праходзіў клопат пра пацыента, пра аказанне дапамогі хворым.
Вольга КАРАЛЕНКА.