Деревня Ляхи в Ушачском районе становится настоящим райским уголком

Общество

Ляхі. Сама назва гэтай вёскі – падстава для мноства легенд. Першапачаткова ляхамі ў летапісе Несцера называлі заходнеслявянскія плямёны палян (палякаў), люцічаў і памаран. Гэта пазней, у Х стагоддзі яно замацавалася за больш вузкімі плямёнамі палянаў (палякаў). Само слова ляхі вельмі нагадвае распаўсюджанае у нашай мясцовасці “ляха” – градка, ці “ленд” – пустэча, неапрацаванае поле. Хаця адно другому ніяк не супярэчыць. І толькі пацвярджае вельмі даўняе паходжанне слова, а мабыць і паселішча. Тым больш што размешчана вёска побач з гаваркімі Славенямі (славянамі), ля якіх пры раскопках археолагамі курганоў, знойдзены пацеркі, ганчарны посуд, нож, якія сведчаць аб прысутнасці чалавека тут у ІХ­ХІ стагоддзях. Можна меркаваць, што абедзве вёскі­суседкі маюць не толькі блізкія па сэнсе назвы, але і даўняе паходжанне.

А мабыць маляўнічы паўвостраў і крыху пазней аблюбаваў нейкі паляк. Ляхі маюць для гэта і яшчэ адзін бясспрэчны моўны доказ. Гэтай вёсцы належыць прозвішча Паляковы. Аднак гэта толькі меркаванні па моўным паходжанні, на вёсцы ж хапае паданняў з жыцця, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Сосны­-векавухі

– Вось гэтай сасне – больш 600 гадоў. Так яшчэ свёкар мой Платон Маісеевіч гаварыў. Верхавіну збіла маланкай, таму яна такая нізкая і пакручаная, аднак трывала стаіць на нашых могілках, а каб абшчапіць – тры чалавекі патрэбна. Побач з ёй камень ляжаў і надпіс на стараслявянскай мове. Таму мяркую, што і нічуць не маладзей мы за Славені. – Валянціна Аляксееўна Спірыдзёнак хоць і не карэнная жыхарка, аднак пра Ляхі можа расказваць бясконца, паказваючы краявіды.

І нічога дзіўнага тут няма. Не закахацца ў гэту вёску нельга. Яна – гэта паўвостраў, з трох бакоў апаясаны Чарсцвядскім возерам. Прадзімаемая вятрамі, таму практычна ўсе сосны на могілках, якія размешчаны на мысе паўвострава – быццам бы ў Карэліі – кручоныя, разгалінаваныя, і тым самым надзвычай прыгожыя.

З узгорка куды ні глянь – усюды сінь – возера, неба. І па гэтай сіні плывуць караблі. На вадзе іх нагадваюць шматлікія астравы, на небе – белыя аблокі. А за возерам бачны і іншыя прыбярэжныя вёскі. З аднаго боку праглядаецца Рог Вяркудскага сельсавета, з другога – Слабада Сарочынскага. А ў Ляхах яны – як на далоні абедзьве, на лодцы – за лічаныя хвіліны.

Радавое гняздо

Сённяшнія Ляхі – гэта чаргаванне старых дамоў і новабудоўляў. Аднак незалежна ад заможнасці ўладальнікаў пераважную большасць яе жыхароў аб’ядноўвае тое, што з вёскай яны звязаны радавымі каранямі. Для Тамары Платонаўны ў дзявоцтве – Спірыдзёнак, гэта вёска, у якой вырасла. Для дачнікаў Лебедзевых – спадчына гаспадыні, якая таксама насіла гэта распаўсюджанае на вёсцы прозвішча. Людміла Кляшторная з задавальненем упрыгожвае бацькаўшчыну свекрыві Валянціны Кузмінічны. Іван Васільевіч Гарбаценка з сынамі – адзіныя жыхары, якія пражываюць тут пастаянна. І толькі два ўладальнікі ўчасткаў, набытых з аўкцыёну, Алег і Аляксандр не маюць каранёў у Ляхах.

Валянціна Аляксееўна і Валерый Платонавіч Спірыдзёнкі ў Ляхі ездзілі з Наваполацка часта. Спачатку як на дачу, з 2006 – на пастаяннае жыхарства. Праўда, Валянціна Аляксееўна стала карэннай і 40 гадоў таму. “Жадаеце мець здаровае дзіця – мяняйце месца, – быў катэгарычны прысуд доктара. – Каб быў лес, вада, чыстае паветра”. І хоць магла паехаць да маці на Шуміліншчыну, усё ж спыніліся на радавым гняздзе Спірыдзёнкаў. Ці ж можна знайсці больш чыстае паветра. Ды і свёкру ішоў восьмы дзясятак, патрэбна была дапамога. Так і перабраліся яны з дачушкай Наташкай у вёску. Неўзабаве і работа нявестцы знайшлася – на сепаратарным пункце Лепельскага малаказавода, які размяшчаўся ў Слабадзе. Праз балота – рукой падаць, тым больш што некалі вёскі звязвала дарога.

Людзі на балоце

Пабудавалі тут дарогу праз балота яшчэ пры кіраванні калгасам імя Леніна Рыгора Цітавіча Чабатара. Праз самыя глыбокія ўчасткі праклалі некалькі масткоў, і па новай дарозе працяглы час не толькі хадзілі людзі, але магла праехаць і тэхніка. Да таго часу, пакуль не рвануў адвячоркам у магазін ляхаўскі механізатар. Па вясковым паданні, адзін масток прамінуў, другі, а трэці зламаў і разам с трактарам праваліўся ў багну. Дзякуй Богу, застаўся жывы, ну а тэхніку выцягвалі ўсім калгасам – глыбіня вялікая, ды і прыступіцца складана. З тых часоў і не стала ў ляхаўчан дарогі, што злучала з “вялікай зямлёй”.

За вёскай жа на мысе паўвострава былі немалыя загоны для выпасу цялят. Калі іх у канцы сямідзясятых пачалі разбіраць, а дошкі вяскоўцы браць на ўласныя патрэбы, Платон Маісеевіч Спірыдзёнак прапанаваў аднавяскоўцам пусціць іх на агульную карысць – вымасціць гаць. Так у канцы сямідзясятых і з’явілася пешая дарога.

Хоць і не на болоце Ляхі – але да часоў пабудовы трывалай дарогі, якая зараз ідзе з боку Славеняў, іх можна было так называць. Да іх не заходзіў ні адзін аўтамабіль. Медработнікі па неадкладных выкліках прабіраліся праз тую ж гаць. На веласіпедах, санках людзі цягалі балоны з газам, ці ўлетку набывалі адразу тры. Калі што было патрэбна – праз балота выходзілі ў Слабаду – у магазін, на прыпынак аўтобуса, за перыёдыкай. У Слабаду выносіла Валянціна Аляксееўна і вёдры з малаком, якое здавала. Яна і сёння трымае карову – адзіная на ўсю вёску, аднак малаказборшчыкі ўжо заязджаюць непасрэдна ў Ляхі. Цяпер да іх даязджае хуткая дапамога, заварочвае аўталаўка, газавікі і паштовая машына.

Нельга не зазначыць, што вырашыць пытанне з будаўніцтвам дарогі дапамог наш дэпутат, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка.

Другое нараджэнне

Так непрывабныя Ляхі­самотнікі сталі райскім кутком. Бойкая дарога, а любы ўчастак – ля возера. Яны сталі адной з вёсак Ушаччыны, што набываюць другое жыццё. Як Крывушчына, Малінаўка, Замошша ІІ, Зарэчча… Тут ужо стаяць дамы­палацы, тут праглядаецца вуліца заможнай прыгожай вёскі. І яе новыя жыхары імкнуцца зрабіць дамы не горшымі за маляўнічыя краявіды. Адмысловыя агароджы, самыя розныя ўпрыгожванні ўчасткаў і старых дрэў. Дабротныя дамы, лазні і цяпліцы. Вось і дачка Спірыдзёнкаў Наталля Павукова, дзеля якой і пераязджала ў маладосці маці, вырашыла абаснавацца менавіта тут. Атрымала ўчастак, як маючая патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, крэдыт і будуецца годна, на вякі. Яе сын Макарка расце здаровым і рухомым на чыстым паветры Ляхаў. А побач с новым домам пусціў карэнні дуб, пасаджаны ў дзень нараджэння старэйшага сына. Каб праз гады ўжо ён расказваў сваім унукам: “Той сасне на могілках – семсот гадоў”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *