Усімі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі раёна за першы квартал атрымана валавой прадукцыі на 6,8 мільярда рублёў, што складае 104,6 працэнта да ўзроўню мінулага года пры заданні 116 працэнтаў. Асноўны мэтавы паказчык выканалі пяць гаспадарак: “Агра-Селішча” – 157, “Дземенец-Агра” – 130, “Ільюшынскі” – 118,4, “Вялікадолецкае” – 124, “Сарочына” – 106,6. Толькі “Райаграсервіс” і “Дубраўка” не дасягнулі ўзроўню мінулага года.
Асноўная прычына невыканання тэмпу росту валавой прадукцыі жывёлагадоўлі – зніжэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы (12,6 тысячы галоў супраць 13,3 у 2009 годзе). І гэта ў першую чаргу датычыцца менавіта “Райаграсерв- іса” і “Дубраўкі”. У першай гаспадарцы на комплексе “Маяк” на 1 красавіка мінус па пагалоўю склаў 488 галоў, вялікае невытворчае выбыццё, не была своечасова арганізавана закупка ў насельніцтва. Прыплоду да адпаведнага ўзроўню мінулага года недаатрымалі: “Дубраўка” – 33 працэнты, “Арэхаўна” – 12, “Дземенец” – 10.
Хоць на 0,7 працэнта не дацягнулі да даведзенага задання па вытворчасці малака, аднак яго прададзена на 13 працэнтаў больш мінулагодняга, таварнасць склала 83 працэнты і сярэдняя тлустасць 3,6. Вядзецца мэтанакіраваная работа па павышэнні якасці малака: тры гаспадаркі прадавалі малако гатункам “экстра” (“Селішча” – 6,5, “Дубраўка” – 4,2 і “Ільюшынскі” – 8,6 працэнта). У цэлым па раёне вышэйшым гатункам прададзена 58 працэнтаў, першым – 36. Ад продажу малака атрымана 2 мільярды рублёў (рост 22 працэнты), сярэдняя цана рэалізацыі – 720 замест 660 (рост 11 працэнтаў). У сярэднім па раёне на кожнай тоне атрымана 43 тысячы рублёў прыбытку.
Хоць не выключаны выпадкі продажу няякаснага малака (“Арэхаўна”, “Ільюшынскі”, “Вялікадолецкае”). У першым квартале ад рэалізацыі малака нізкай якасці недаатрымана 92 мільёны. Самыя вялікія страты ў “Райаграсервісе” – 17, “Вялікадолецкім” – 15, “Кублічах”, “Арэхаўне” і “Ільюшынскім” – па 12 мільёнаў рублёў.
Надой на карову склаў 631 кілаграм, што на 71 меней, чым летась. Толькі ў трох гаспадарках (“Селішча”, “Вялікадолецкае” і “Дземенец”) ён вышэйшы. Самае вялікае падзенне: 304, 168 і 159 кілаграмаў дапушчана адпаведна ў “Райаграсервісе”, “Глыбачанах” і “Старасельскім”.
Сярэднясутачныя прывагі (576) на 17 грамаў вышэй мінулагодніх і самыя лепшыя па-ранейшаму на комплексе “Маяк” – 753. Аднак гэта адзіная гаспадарка, якая дапусціла зніжэнне (на 78 грамаў), а дзве – “Старасельскі” і “Ільюшынскі” не дасягнулі 500-грамовых прываг.
Ад рэалізацыі свініны атрымана 3207 мільёнаў рублёў (удзельная вага ў агульным аб’ёме рэалізацыі жывёлы 79 працэнтаў), буйной рагатай жывёлы – 559 мільёнаў рублёў (21%). Усяго ад рэалізацыі прадукцыі атрымана 4862 мільёны выручкі, страты –256 мільёнаў, рэнтабельнасць мінус 5,6 працэнта. Аднак з улікам дзяржаўнай падтрымкі ўсе сельгаспрадпрыемствы спрацавалі з прыбыткам, канчатковая рэнтабельнасць склала 7,9 працэнта.
Вынікі работы першага квартала сведчаць пра станоўчую дынаміку ў жывёлагадоўлі, аднак з-за зніжэння пагалоўя не ўдалося дасягнуць запланаванага ўзроўню. Адсутнічае пакуль і належны кантроль з боку спецыялістаў. Хоць у чатырох гаспадарках з будаўніцтвам аграгарадкоў абноўлена матэрыяльна-тэхнічная база, пастаўлена новае халадзільнае абсталяванне, малакаправоды, належнай аддачы няма.
Фонд аплаты ў выручцы першага квартала складае 29 працэнтаў пры нарматыве – 25, у “Старасельскім” яна 88 працэнтаў, “Кублічах” – 83, “Дубраўцы” – 60. Сярэднямесячная зарплата склала 535 тысяч – рост 7 працэнтаў. А рост заработнай платы напрамую залежыць ад вытворчасці валавой прадукцыі. Таму з пачаткам летне-пашавага перыяду перад жывёлаводамі пастаўлена задача павялічыць вытворчасць прадукцыі на 15 працэнтаў.