Ученики Великодолецкой школы стали лучшими на районном чемпионате по интеллектуальных играх «Эрудит-2015»

Наши дети

Што ў апошні час робіць большасць з нас, калі не можа дакладна адшукаць адказ на нейкае пытанне ? Правільна, заглядвае ў інтэрнэт! У мінулую ж суботу ўдзельнікі каманд з 8 устаноў адукацыі раёна такой магчымасці былі пазбаўлены. Таму спадзяваліся толькі на ўласныя веды, кемлівасць і падтрымку таварышаў – у раённым цэнтры дзяцей і моладзі прайшоў раённы чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях “Эрудыт­-2015”.

Форма правядзення чэмпіянату спалучыла ў сабе элементы найбольш папулярных тэлевізійных інтэлектуальных праграм. На першым этапе, які меў назву “Свая гульня”, камандам трэба было сумеснымі намаганнямі адказаць на 60 пытанняў, разбітых на 12 тэматычных раздзелаў. І калі ў тэлевізійнай версіі ўдзельнікі могуць выбіраць тэму, то нашым знатакам неабходна было справіцца з усімі заданнямі. Самымі “залатаноснымі” для ўсіх каманд сталі раздзелы “Прырода”, “Прадметы”, “Казкі”. Не выклікалі вялікіх цяжкасцей і пытанні са “Свету прафесій” і “Вясёлкі кветак”. Былі пытанні без прэтэнзій на арыгінальнасць, заданні, якія патрабавалі дакладнасці, накшталт ведання плошчы нашай краіны, даты прысваення Мінску звання “Горад­герой”. А вось пры адказах, напрыклад, на тэму “Чай” трэба было не толькі паказаць свае веды, але і праявіць кемлівасць. Што некаторым камандам і ўдавалася: пасля аб’яўлення адказаў то тут, то там раздаваліся радасныя воклічы – “Правільна!” Дарэчы, былі пытанні, з якімі не справілася ніводная каманда, напрыклад, дзе ў гадзюкі ядавітыя залозы. Цяжэй за іншых прыйшлося напэўна эрудытам з Кубліцкай школы. Замест дазволеных шасці іх каманда складалася з чатырох ігракоў: тры васьмікласнікі і самы юны ўдзельнік – пяцікласнік Данііл Харашкевіч! Не было ніводнага дзесяці-­адзінаццацікласніка сярод “Дзяцей новага пакалення” – такую назву мела каманда Плінскай школы. Невысокі сярэдні ўзрост і ў каманды Вяркудскай школы, а вось арэхаўская, наадварот, была складзена толькі з вучняў старэйшых класаў.

Усё, як у маскоўскім элітарным клубе знатакоў. Гучыць пытанне, хвіліна на абмеркаванне ў камандзе – і паперка з адказам перадаецца ў журы, якое ўзначаліла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Надзея Іванаўна Гардзіёнак. Так, па правілах “Што? Дзе? Калі?” праходзіла другая частка спаборніцтваў. 24 пытанні патрабавалі не толькі і не столькі канкрэтных ведаў і ўвогуле эрудыцыі, колькі лагічнага мыслення, а часам і звычайнай кемлівасці.

Упэўненую перамогу ў гульні атрымала “джэнтльменская” каманда “Ветразь” вучняў Вялікадолецкай школы (на здымку). Пад кіраўніцтвам капітана Рамана Чарнаокага за перамогу ўдала змагаліся вучні 10­-11 класаў Кірыл Ляхоўскі, Аляксей Клачок, Эдуард Лабецкі, Максім Смаляк і сямікласнік Руслан Крыштопенка, які нягледзячы на розніцу ва ўзросце з калегамі па камандзе ўнёс значны ўклад у агульны вынік – вялікадальчане перамаглі і ў “Сваёй гульні”, і ў “Што? Дзе? Калі?”, апярэдзіўшы нават “Штучны інтэлект”! Такую нетрывіяльную назву насіла каманда мінулагодніх пераможцаў, вучняў Глыбачанскай школы, якія сталі другімі. Наогул, менавіта ў гэтай установе адукацыі бачны сістэмны падыход да заняткаў інтэлектуальнымі гульнямі, бо на працягу апошніх трох гадоў глыбачанцы ніжэй другога радка выніковага пратаколу не апускаліся! Трэцяе месца раздзялілі паміж сабой каманды Ільюшынскай і Ушацкай школ.

Інтэлектуальная гульня важная найперш узаемным абагачэннем, абменам ведамі ў розных вучэбных дысцыплінах, ды і ў жыцці яны таксама спатрэбяцца. Аб гэтым казала Н.І.Гардзіёнак падчас узнагароджання пераможцаў і прызёраў, якія атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі. Зрэшты, нельга сказаць, што прайгралі і ўдзельнікі астатніх каманд. Яны з карысцю правялі выхадны, ацанілі свой узровень на фоне моцных сапернікаў і галоўнае – папоўнілі запас ведаў для наступных інтэлектуальных баталій.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *