Завяршаецца раённая праграма развіцця асабістай падсобнай гаспадаркі грамадзян Ушацкага раёна, прынятая на 2011‑2015 гады. Ход яе выканання і аналізаваўся на апошнім пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, справаздачу на якім трымаў начальнік райсельгасхарча Леанід Аляксандравіч Лісоўскі. Ён спыніўся літаральна на ўсіх пунктах праграмы, а ў ёй прапісана шмат канкрэтных мерапрыемстваў у падтрымку тых ушачан, якія трымаюць падсобную гаспадарку.
Па запытах
Трэба зазначыць, што як сельвыканкамамі, так і сельгаспрадпрыемствамі, райспажыўтаварыствам, дэпутатамі, старэйшынамі вёсак вывучаюцца запыты насельніцтва наконт падтрымкі вядзення гаспадаркі. Робяцца падваровыя абходы, заключаюцца дагаворы на наступны гарантаваны закуп лішкаў. Райспажыўтаварыствам сумесна з сельскагаспадарчымі арганізацыямі праведзена 7 кірмашоў у 20 вёсках, на якіх прадавалася ўсё неабходнае для вядзення асабістай гаспадаркі: насенне зерневых (15,8 тоны), агародніны на 48 мільёнаў, 700 кілаграмаў цыбулісяўка, сродкі аховы раслін на 51 мільён, інвентару на 13, мінеральных угнаенняў на 73, элітнай бульба (4 тоны). Зусім не праблематычна для насельніцтва набыць для гадоўлі птушку, на якую і накіроўвалі ў апошні, неспрыяльны для развіцця свінагадоўлі час. Аднак, сітуацыя змянілася і, захоўваючы ўсе правілы, трымаць свіней зараз можна ўжо па ўсім раёне, за выключэннем некалькіх вёсак Сарочынскага сельсавета, якія ўваходзяць у двухкіламетровую ад комплексу зону.
Калі паўставалі пытанні, іх на месцы падчас сходаў вырашалі спецыялісты раённых службаў, райсельгасхарча, прадстаўнікі сельвыканкамаў. Сёлета прайшло многа сходаў з малаказдатчыкамі, паколькі з верасня памяняліся стандарты да здаваемай прадукцыі. Бруднае, ад хворай каровы, з антыбіётыкам малако – проста не пройдзе, прычым забракуецца ўся партыя. Таму спецыялісты райсельгасхарча рабілі заборы проб, правяралі малако на шчыльнасць, наяўнасць антыбіётыкаў, а паралельна вялі тлумачальную работу з насельніцтвам. Не аднойчы праходзіла гэта тэма і на старонках газет. Паўстаюць, хоць і вельмі мала, пытанні па аднаўленні або перазалужэнні пашаў.
Каму зямелька?
Што і змянілася карэнным чынам за стагоддзе – дык гэта адносіны людзей да зямлі. Калі век таму яна была асноўным багаццем, карміцелькай, то зараз цікавасць да плошчаў, каб на іх працаваць, цепліцца ў душах у асноўным пажылых людзей. За 9 месяцаў у сельвыканкамы не паступіла ніводнай заявы на выдзяленне зямлі для пашырэння плошчаў. Затое не адзінкавыя заявы на адмову ад зямлі – людзі пазбаўляюцца ад тых надзелаў, якія атрымалі ў дзевяностых. На 1 студзеня ў карыстанні ўшачан знаходзілася 3192 гектары зямлі, у тым ліку 1968 – для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. У населеных пунктах пашыраецца практыка выдзялення пад пашы або сенакос плошчаў унутры населенага пункта – на ўчастках, якія нікім не апрацоўваюцца: па 21 заяве выдзелены 9,31 гектара. Пад пашы на выпас жывёлы выдзелена 715 гектараў. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы правялі падкормку пашаў на плошчы 429 гектараў. Згодна калектыўных дагавораў, работнікам дапамагаюць у нарыхтоўцы грубых кармоў. Традыцыйна тэхнікай гаспадарак вядзецца абмалот зерневых на ўчастках прыватнікаў. А паколькі сеяць іх усё менш людзей, і механізатарам даводзіцца дзеля аднагодвух участках ехаць у аддаленую вёску і круціцца на палосках ля дамоў, дзе з шасціметровай жняяркай і не развярнуцца, то штогод насельніцтву прапаноўваюць сеяць зерневыя на плошчах агульнага севазвароту.
У апошнія гады няма ніякіх праблем і з пакупкай ячменю ці пшаніцы. Іх у дастатку гаспадаркі прывозяць падчас кірмашоў, а таксама па заяўках старшынь сельвыканкамаў ці старэйшын – непасрэдна ў вёску. Сёлета рэалізавана 157 тон зерня па цэнах, ніжэй за рыначныя – ад паўтары да двух тысяч рублёў за кілаграм.
Казу замест кароўкі
На першага студзеня 2010 года на падворках ушачан утрымлівалася 1089 кароў, сёлета на гэту ж дату – 402. Вясковае насельніцтва старэе і проста не ўстане даглядаць як раней жывёлу і агарод. Падругое, у магазінах няма дэфіцыту ні на што, нават у вясковых крамах пастаянным таварам з’яўляецца малако, кефір ці смятана. Хаця і ёсць на Ушаччыне гаспадары, якія жывуць з падсобнай гаспадаркі (мы расказваем пра іх на старонках газеты). І нямала тых, хто трымае агарод і гаспадарку выключна для сябе, каб ужываць натуральныя экалагічна чыстыя прадукты. Сведчаннем таму і павелічэнне ў падсобных гаспадарках коз (535 у 2011 годзе і 580 у 2015), авечак 302 і 299, практычна аднолькавая колькасць пчол і нязначнае скарачэнне па трусах і птушцы. Апошняй, дарэчы, летам трымаецца больш, чым на 1 студзеня (19896 сёлета і 22213 галоў у 2011 годзе). У параўнанні з гэтым годам зменшылася і колькасць домагаспадарак, адпаведна 5725 і 4899, а гэта таксама сведчанне таго, што ўшачане сталі больш трымаць менавіта дробнай жывёлы.
Выбарачна, па асобных населеных пунктах раёна, улічваецца і ўраджайнасць на агародах прыватнікаў. Сёлета, напрыклад, улік вёўся па некалькіх населеных пунктах Жарскага сельсавета. Ураджайнасць зерневых склала 40 цэнтнераў з гектара (як і летась па аграгарадку Арэхаўна), бульбы – 196, агародніны – 323.
Лішкі здаюцца
Праграмай развіцця асабістых падсобных гаспадарак прадугледжаны закуп у насельніцтва лішкаў прадукцыі. Так, закуп малака ажыццяўляюць прыватныя прадпрыемствы “Стаўр” і “Сямёныч”, за 9 месяцаў імі было закуплена 396,5 тоны – 93,3 працэнта да ўзроўню мінулага года, аднак на 74 кілаграмы больш у разліку на адну карову – 986 кілаграмаў. Райспажыўтаварыства па магазінах, нарыхтоўчых пунктах або з дапамогай перасоўнага нарыхтоўчага пункта закупіла ў насельніцтва 144 тоны бульбы, 60 тон агародніны, 75,5 тоны пладоў і ягад. Дарэчы, гэты паказчык выкананы сёлета толькі на 9 працэнтаў пераважна зза адсутнасці ў садах яблыкаў. Ад здачы лішкаў прадукцыі грамадзяне за 9 месяцаў гэтага года зарабілі больш 5,1 мільярда рублёў, у тым ліку ад здачы малака 1,6 мільярда.
Платныя паслугі
па апрацоўцы агародаў, уборцы ўраджаю, падвозу ўгнаення, асемяненні кароў і іншых аказаны насельніцтву на 74,8 мільёна рублёў. Ветстанцыя аказала платных паслуг па лячэнні жывёлы на 33,1 мільёна. Акрамя гэтага праведзены эпізаатычныя мерапрыемствы па вакцынацыі жывёлы на 7,5 мільёна рублёў са сродкаў абласнога бюджэту. ААТ “Ушачы” і Ушацкі лясгас прадаюць піламатэрыялы, жардзіны.
Падводзячы вынікі прэзідыума, старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка адзначыла, што выкананы практычна ўсе пункты праграмы, створаны ўмовы для вырошчвання і рэалізацыі ўласнай прадукцыі. Падкрэсліла, што ў апошні час практычна не паступае скаргаў ад насельніцтва, звязаных з вядзеннем падсобнай гаспадаркі. Галоўная ўмова для далейшага развіцця – жаданне саміх людзей займацца гаспадаркай. Дзяржава і надалей будзе падтрымліваць тых, хто трымае падсобную гаспадарку.
Вольга КАРАЛЕНКА.