Гулам рухавікоў цэнтр гарпасёлка напоўніўся задоўга да заяўленага часу афіцыйнага адкрыцця ралійнай гонкі “Лясныя азёры- 2015”, якая падводзіла фінальную рысу пад юбілейным дзясятым чэмпіянатам краіны па гэтым відовішчным відзе спорту. Ушачы месцам правядзення знакавага для беларускага аўтаспорту мерапрыемства арганізатары абралі невыпадкова – менавіта на нашых гравійках 10 год таму пасля доўгага перапынку аднавіліся спаборніцтвы па аўтаралі. За гэтыя гады было рознае, але адно можна сказаць дакладна – ралі ніколі не былі лёгкім відам спорту, мабыць таму працэс назірання за майстэрствам лепшых пілотаў і нават лакальныя іх поспехі прыносяць асаблівае задавальненне.
На сайце федэрацыі аўтаспорту і іншых сродкаў масавай інфармацыі датай правядзення пятага заключнага этапу Чэмпіянату краіны значылася 2324 кастрычніка. Але ў пятніцу заездаў не было, бо ўсю гоначную праграму ўмясціла субота. А напярэдадні шматлікія гледачы пераважна юнага ўзросту знаёміліся з удзельнікамі спаборніцтваў, якія пад апладысменты па чарзе выязджалі на плошчу. Трэба сказаць, што найбольшая ўвага ўдзялялася экіпажам, якія прымаюць удзел у ралійных этапах на Ушаччыне пастаянна – іх прозвішчы ўжо добра вядомы аматарам відовішчных гонак. Удзячныя гоншчыкі ў сваю чаргу выказвалі лепшыя словы ў адрас кіраўніцтва раёна за дапамогу ў арганізацыі. Статус спаборніцтваў сур’ёзны, таму без дапамогі РАУС, райаддзела МНС, ушацкіх медыкаў забяспечыць, напрыклад, патрабаванні бяспекі было б немагчыма. Ды і ў складзе судзейскага корпусу большасць прадстаўнікоў – ушачане, якія абслугоўвалі на трасе самыя розныя ўчасткі.
А распачалася гонка раніцай суботы ў Кубліцкім сельсавеце, каб завяршыцца з прыцемкам у Рагуцкіх. Агульная дыстанцыя трасы склала каля 200 кіламетраў, а даўжыня спецыяльных хуткасных участкаў – звыш 80. Перад стартам членаў экіпажаў, якія яшчэ ўчора жартавалі на плошчы з гледачамі, было не пазнаць. Менавіта апошні этап вызначаў лідараў у трох класах і двух заліках.
Чэмпіянат краіны носіць статус адкрытага, а гэта значыць, што пры выкананні некаторых умоў удзел у ім могуць прымаць прадстаўнікі любых краін. Але для таго, каб атрымаць балы і прэтэндаваць на прызавыя месцы ў першынстве, абавязкова неабходна заяўка на апошні этап. У выніку адваротнага па выніках сезона будзе налічана “баранка”. Страцілі свае балы ўдзельнікі не толькі з нашай краіны, але і з Расіі, Латвіі, Літвы, выступаўшыя на папярэдніх, пераважна выязных этапах, і ўсе прызавыя месцы падзялілі паміж сабой 18 экіпажаў, стартаваўшых раніцай 24 кастрычніка.
Які рускі не любіць хуткай язды? Гэта рытарычнае пытанне ў поўнай ступені адносіцца да нашых гасцей з Пскова. Вялікія надзеі на заключную гонку ўскладалі расійскія экіпажы з гэтага абласнога цэнтра Расіі. Сяргей Аляксееў і Аляксандр Гарланаў пасля ралі “Пскоў2015”, якое з’яўлялася выязным этапам чэмпіянату Беларусі, аказаліся лідарамі ў сваёй заліковай групе Б10 і мелі шанцы пазмагацца за тытул чэмпіёнаў брацкай рэспублікі, добры вынік паказалі і Дзяніс Баўлін з Аляксеем Бяловым. Але адзін з каварных спецучасткаў змарнаваў усе надзеі С.Аляксеева. Датэрмінова аформіў зыход з трасы і яго зямляк Д.Баўлін. Хоць і не без прыгод, але астатнія 16 экіпажаў змаглі дабрацца да фінішу і атрымаць заліковыя балы.
Барацьбу з трасай і завочную з сапернікамі вялі пілоты поўнапрывадных аўтамабіляў Сяргей Вязовіч, Анатоль Шымакоўскі, Яўгеніус Сладкявічус. На першых участках яны ішлі практычна з аднолькавым часам, а па выніках першай секцыі літоўскі пілот толькі крыху саступаў беларускім майстрам. Аднак у роўную барацьбу ўмяшаўся выпадак – Я.Сладкявічусу быў налічаны 20секундны штраф, прычым памылкова. І хаця пазней ён быў адменены, гэты фактар негатыўна паўплываў на далейшы настрой гоншчыка. Каб кампенсаваць адставанне ад лідараў, літоўскі гоншчык рэзка ўзвінціў тэмп, але гэта не прайшло бясследна – спачатку быў вылет з трасы, а потым напружання не вытрымала тэхніка – да страты часу прывялі праблемы з каробкай перадач.
Па выніках гонкі літоўскі экіпаж уступіў не толькі С.Вязовічу, але і А.Шымакоўскаму, які, дарэчы, таксама скардзіўся на тэхнічныя праблемы. Між тым на фінішы ён быў другім, забяспечыўшы сабе срэбра па выніках усяго чэмпіянату ў самым прэстыжным класе Б12 і бронзу ў абсалютным заліку. Пераможцам жа у гонцы, чэмпіянаце і класе стаў Сяргей Вязовіч. І гэта прытым, што мінчанін прапусціў два выязныя этапы. Затое ў трох хатніх змог забяспечыць сабе камфортную перавагу над канкурэнтамі. Я.Сладкявічус стаў другім у абсалютным заліку чэмпіянату. А паколькі яго аўтамабіль па тэхнічных характарыстыках не праходзіць у клас Б12, то другое месца па выніках сезона прысуджана А.Шымакоўскаму, а трэцяе – Андрэю Галабародзьку з Беларусі.
Затое ў катэгорыі монапрываду дамінаваў Рычардас Баўбінас. Перамога ў гэтым заліку і класе Б11 дазволіла “разграміць” усіх і па выніках чэмпіянату. Другім і ў заліку, і ў класе Б11 стаў беларус Юрый Семянчук. Але да гэтай гонкі ён не мог пахваліцца наяўнасцю балаў, таму па выніках чэмпіянату застаўся без узнагарод. Не змог пазмагацца за агульныя прызавыя месцы і беларус Мікалай Цімінскі – да бронзы ў суботняй гонцы ён меў больш сціплыя вынікі на папярэдніх этапах.
А вось расіянін Міхаіл Міронаў хаця і даязджаў зза паломкі паўвосі тры апошнія спецучасткі на блакіроўцы і фінішаваў далёка ад п’едэсталу, па выніках чэмпіянату выйшаў на другое месца як у монапрывадзе, так і ў класе Б11. Класам ніжэй, у Б10, выступала яго жонка Анастасія, адзіная жанчынапілот, але па класнасці кіравання аўтамабілем яна дасць фору большасці прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва. А.Міронава стала трэцяй у сваім класе, а па выніках усяго чэмпіянату – другой. Адным з нешматлікіх пілотаў, якія прынялі ўдзел ва ўсіх пяці этапах серыі, стаў Аляксандр Міцкевіч – у суботу ён быў другім у гонцы і стаў трэцім у чэмпіянаце. А перамогу ў класе Б10 атрымаў Іван Рускіх. Яго ВАЗ2108 аказаўся адзіным “айчынным” аўтамабілем, які дабраўся да фінішу да вялікай радасці пскоўскіх гоншчыкаў: “Усё роўна перамога ў “рускіх”!” – жартавалі яны. Стаць першым Івану не перашкодзіў нават хвілінны штраф, атрыманы за раннюю адзнаку на адным з пунктаў кантролю часу. Дзве вышэйшыя прыступкі п’едэсталу ў сезоне дазволілі экіпажу заняць першае месца ў чэмпіянаце, але ў агульным заліку ўсіх монапрывадных аўтамабіляў гэтага хапіла толькі для трэцяга выніку.
Пры падвядзенні вынікаў і цырымоніі ўзнагароджвання члены экіпажаў прыгадалі мінулыя гонкі на ўшацкіх дарогах. А.Галабародзька ўспомніў, што дзесяць год таму з 19 стартаваўшых аўтамабіляў да фінішу дабраліся толькі 12. Зараз жа сходы сталі радзей менавіта зза таго, што гоншчыкі пазнаёміліся з маршрутамі спецучасткаў. На іх яны абавязкова вернуцца яшчэ не раз, бо ўзроўнем турніру і ўмовамі задаволены былі ўсе. А адзін з літоўскіх гоншчыкаў адзначыў, што лічыць ушацкі этап “хатнім” не толькі для беларускіх калег, бо адчувае сябе тут не менш камфортна, чым на радзіме.
Дзмітрый Раманоўскі.