В Ушачах во время тактико-специальных учений тушили пожар на центральной котельной

Cлужба-101

На мінулым тыдні пажарныя машыны імчалі ў бок цэнтральнай кацельні, а ўшачане тым часам занепакоена пачыналі абмяркоўваць: “Няўжо нешта здарылася? Мабыць, застанёмся без цяпла ў кватэрах…” І сапраўды, на цэнтральнай кацельні ўзнік пажар, але, на шчасце, ён быў умоўным, бо тут праходзілі тактыка-­спецыяльныя вучэнні.

Як вядома, пажар лягчэй папярэдзіць. Калі ж надзвычайная сітуацыя ўзнікла, то трэба аператыўна яе ліквідаваць, а зладажана працаваць у такім выпадку павінны не толькі выратавальнікі, а і ўсе астатнія службы. Цэнтральная кацельня УП ЖКГ – аб’ект стратэгічны і адносіцца да высокай катэгорыі пажаранебяспечнасці. На пачатку новага ацяпляльнага сезона і вырашана было яшчэ раз адпрацаваць алгарытм неабходных дзеянняў у выпадку здарэння. Так, у выніку неасцярожнага абыходжання з агнём рабочага персаналу цэнтральнай кацельні адбылося ўзгаранне на складзе шчапы, узнікла пагроза распаўсюджвання агню на дах і суседнія памяшканні кацельні.

Па сігнале імгненна да месца прыбылі тры пажарныя разлікі з Ушач і Двор Пліна. Атрымаўшы неабходную інфармацыю на разгорнутым штабе, выратавальнікі кінуліся на барацьбу з агнём. Адны тушылі пажар на складзе, другія не давалі распаўсюдзіцца полымю на дах. Стала вядома, што ўнутры аднаго з задымленых памяшканняў застаўся рабочы. Узброіўшыся спецыяльным абмундзіраваннем, пажарныя накіраваліся ў памяшканне і ў хуткім часе вынеслі адтуль пацярпелага, які быў перададзены своечасова падаспеўшай брыгадзе “хуткай дапамогі”. Работнік кацельні з прыкметамі атручвання прадуктамі гарэння быў дастаўлены ў бальніцу. На месцы здарэння тым часам працавалі таксама супрацоўнікі РАУС, райгаза, электрычных сетак, вузла электрасувязі. УП ЖКГ перавяла ў павышаную гатоўнасць аварыйныя і рамонтныя службы і гатова было запусціць рэзервовае кацельнае абсталяванне.

З узгараннем удалося аператыўна справіцца.

Падчас вучэнняў праверку на гатоўнасць да пажару прайшлі і непасрэдна работнікі ЖКГ – яны прадэманстравалі, як будуць спраўляцца з узгараннем пры дапамозе пярвічных сродкаў пажаратушэння – пяску і вогнетушыцеляў.

Падводзячы вынікі тактыка­спецыяльных вучэнняў, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па надзвычайных сітуацыях А.В.Галяковіч адзначыў, што падобныя мерапрыемствы – гэта экзамен на гатоўнасць для ўсіх службаў і сказаць, што ў вучэбнай сітуацыі абсалютна ўсе спрацавалі ідэальна – нельга. Напрыклад, персанал кацельні недастаткова вывучыў свае абавязкі, а менавіта яны як ніхто добра ведаюць свой аб’ект і павінны быць не назіральнікамі, а сустракаць увесь транспарт, паказваць і падказваць ачаг узгарання, тым больш што плошча кацельні складае больш за 3500 квадратных метраў.

Кожны з прысутных улічыў памылкі і ў выпадку сапраўднага, а не ўмоўнага ўзгарання ўжо будзе ведаць дакладна, як дзейнічаць. Але лепш, каб надзвычайных сітуацый на гэтым аб’екце ніколі не ўзнікала.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *