21 кастрычніка на базе Ушацкай сярэдняй школы прайшоў першы (раённы) этап рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай адукацыі сярод вучняў 10-11 класаў, у якім прынялі ўдзел 33 прадстаўнікі 7 школ раёна.
Алімпіяда праходзіла пры ўдзеле ААТ “Беларусбанк”. Старшакласнікам было прапанавана рашыць 27 тэставых заданняў, сярод якіх былі як пытанні на тэарэтычныя веды, так і задачы, якія патрабавалі разлікаў. Новаўвядзеннем сёлетняй алімпіяды сталі два творчыя заданні, разгорнутыя адказы на якія трэба было даць у пісьмовай форме. Падчас іх выканання школьнікі аналізавалі вартасці і недахопы безнаяўных разлікаў, давалі парады чалавеку, які мае намер пакласці грошы на пэўныя ўклады.
Пераможцам раённага этапу алімпіяды стала вучаніца 11 “Б” класа Ушацкай СШ Ганна Герцык, другое месца ў 10-класніка Глыбачанскай школы Васіля Чыграя (на здымку), трэцяе – у вучаніцы 11 “А” Ушацкай Кацярыны Свідзінскай. Тое, што менавіта Аня атрымала сёлета статус самай фінансава адукаванай школьніцы раёна, падаецца цалкам справядлівым, бо год таму на падобнай алімпіядзе яна таксама набрала вышэйшую колькасць балаў і саступіла пераможцу Валянціну Лёлі толькі па дадатковым паказчыку.
– Да алімпіяды мы рыхтаваліся мэтанакіравана: разам з настаўнікамі Людмілай Сяргееўнай Абадковай і Людмілай Аляксандраўнай Худалеевай разбіралі заданні мінулагодніх тэстаў, рашалі тыповыя задачы, – дзеліцца Ганна сакрэтамі поспеху. – Не паставілі мяне ў тупік і творчыя заданні. Сустрэліся, праўда, некаторыя банкаўскія тэрміны, значэнне якіх ведала недакладна, што стала нагодай запоўніць гэтыя прабелы ў ведах ужо пасля алімпіяды.
Дзяўчына пакуль не вызначылася, ці спатрэбяцца ёй менавіта фінансавыя веды пры паступленні ў ВНУ, але ўпэўнена, што яны будуць карыснымі ў самастойным дарослым жыцці. А вось бронзавы прызёр раённага этапу Кацярына Свідзінская мяркуе набыць пасля заканчэння школы эканамічную спецыяльнасць, а таму ўдзел у алімпіядзе лічыць этапам падрыхтоўкі да паступлення. Неаднаразова дэманстраваў высокі ўзровень сваёй эрудыцыі на розных алімпіядах і конкурсах Васіль Чыграй. Прыемна таксама адзначыць, што лепшыя ў фінансавых ведах школьнікі з’яўляюцца і актывістамі ў грамадскіх справах – Васіль прадстаўляе сваю навучальную ўстанову ў раённай Маладзёжнай палаце, якую ўзначальвае Ганна.
Пераможцы раённага этапу прымуць удзел у другім (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды, які адбудзецца 26 лістапада ў Віцебску.
Наталля БАГДАНОВІЧ.