В ответе за пассажиров. Контролёр технического состояния транспортных средств Виктор Юркевич проверяет перед выходом в рейс каждый автобус

Ими гордятся

Каб дабрацца ў тую ці іншую кропку, многія з нас выкарыстоўваюць грамадскі транспарт, які па праве лічыцца самым бяспечным. Так яно і ёсць, бо перш чым выйсці ў рэйс, кожны аўтобус праходзіць сур’ёзную праверку і атрымлівае допуск да руху. На ўчастку філіяла АТП № 6 г.Наваполацка гэтым займаюцца кантралёры тэхнічнага стану механічных транспартных сродкаў, адзін з іх – герой нашага сённяшняга аповеду Віктар Віктаравіч Юркевіч.

Да сваёй справы мужчына адносіцца з усёй сур’ёзнасцю. Гэта і не дзіўна, бо менавіта ён, заступаючы на змену, павінен пракантраляваць, каб кожны аўтобус, які выязджае з участка, быў у спраўным стане.

– На першы погляд многім такая работа можа паказацца лёгкай. Канечне, пагаджуся, што вялікіх фізічных нагрузак тут няма, але ёсць вялікая адказнасць. Штодня на нашых аўтобусах ездзіць вялікая колькасць людзей і спраўны транспарт – гэта залог іх бяспекі, жыцця і здароўя. Ні ў якім разе нельга фармальна адносіцца да справы, падпісаўшы выезд і даўшы дазвол на рух. Таму перш чым “даць дабро”, правяраю светлавую сістэму, павароты, як працуе цяга, тармазы і астатняе, затым пасля афармлення дакументаў транспартны сродак можа выходзіць на лінію, – расказвае нюансы працы В.Юркевіч. – У кожнага аўтобуса свой расклад і маршрут, адны выязджаюць у 6 гадзін раніцы, другія толькі ўвечары, таму і работа кантралёра не ўкладваецца ў рамкі з 8 да 17 гадзін, працуем пазменна.

Надзвычайных сітуацый, калі б аўтобус пры праверцы аказаўся няспраўным і не мог выехаць на маршрут, Віктар Віктаравіч за апошнія гады працы на гэтай пасадзе не прыпомніць. Апошнім часам аўтапарк значна абнавіўся, адпаведна і сур’ёзныя паломкі ўзнікаюць не так часта. У выпадку, калі ўсё ж аўтобус не пройдзе праверку, замест яго пусцяць рэзервовы. В.Юркевіч заўсёды гатовы прыйсці на выручку сваім калегам, напрыклад, дапамагчы адрамантаваць прабітае кола ці іншую няспраўнасць, каб транспарт хутчэй уключыўся ў работу.

Увесь працоўны стаж В.Юркевіча, а гэта 36 гадоў, быў звязаны з аўтамабілямі і прайшоў у АТП №6. Менавіта ў гэтую арганізацыю ў 1979 годзе ўраджэнец вёскі Лажане пасля службы ў арміі прыйшоў уладкоўвацца на працу. На той момант ён ужо паспеў атрымаць вадзіцельскія правы. На радасць юнака яго не толькі прынялі на работу, а і ад прадпрыемства накіравалі на абучэнне на вадзіцеля катэгорыі Д, атрымаўшы якую, В.Юркевіч стаў вадзіцелем аўтобуса. Не злічыць, колькі кіламетраў ён праехаў за 16 гадоў, паспеў змяніць тры аўтобусы. У той час “калясіў” не толькі па краіне, але і за яе межамі. Прыгадвае Віктар Віктаравіч, як ездзіў у такія рэйсы, як Вільнюс ці Кіеў. У тыя часы геаграфія маршрутаў была намнога шырэйшая, ды і аўтапарк быў у разы большы, зараз жа на ўчастку налічваецца 23 аўтобусы.

Па стане здароўя прыйшлося адмовіцца ад работы вадзіцелем, аднак роднаму прадпрыемству В.Юркевіч не здрадзіў і прадоўжыў працаваць тут на заправачнай, якая ў тыя часы яшчэ існавала пры АТП. Апошнія ж 6 гадоў – на пасадзе кантралёра.

“Я ж звычайны працаўнік, навошта пра мяне пісаць, столькі ж добрых вадзіцеляў ёсць!” – сціпла адмаўляўся Віктар Віктаравіч. Між тым, праца гэтага адказнага, стараннага чалавека, які прысвяціў сябе аўтамабільнай справе, заўсёды высока ацэньваецца кіраўніцтвам прадпрыемства, а сёлета прозвішча В.В.Юркевіча было занесена і на раённую Дошку гонару.

Не раз за свой працоўны шлях мужчыну прыходзілася адзначаць прафесійнае свята на рабочым месцы. Сёлета ж на гэты дзень у яго выпадае выхадны, які ён правядзе ў цёплым сямейным крузе разам з жонкай, дочкамі і ўнукамі, якія ім таксама ганарацца.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *