Прыцемкам восеньскай раніцы на тэрыторыі Ушацкай лінейна-дарожнай дыстанцыі ДЭУ-37 г.Лепеля было ўжо ажыўлена – нават і не верыцца, што штат тут налічвае ўсяго 16 чалавек. Працоўны дзень работнікаў гэтай арганізацыі пачынаецца намнога раней звыклых васьмі гадзін. Напрыклад, брыгада Андрэя Ізмайловіча ў гэты час ужо на аб’екце, бо займаецца зараз герметызацыяй шчылін дарожнага палатна трасы Р-113 на мяжы нашага і Бешанковіцкага раёнаў. На працягу года віды работ мяняюцца ў залежнасці ад сезона, першачарговасці і неадкладнасці. А вось па значнасці раздзялення няма – у справе ўтрымання дарог важна ўсё. Тым больш што абслугоўваюць працаўнікі дыстанцыі дарогі рэспубліканскага значэння.Усе дарожныя рабочыя маюць даволі высокую кваліфікацыю нягледзячы на малады сярэдні ўзрост брыгады. Большым працоўным стажам выдзяляюцца Яўген Крыскевіч і Генадзь Касьмін, побач з якімі ў гэтым мабільным падраздзяленні працуюць Канстанцін Баркоўскі, Вадзім Глінскі і Уладзімір Ізмайловіч, брат выконваючага абавязкі брыгадзіра. А.Ізмайловіч пачынаў таксама дарожным рабочым. Зараз жа намінальна лічыцца вадзіцелем, а за кіруючыя функцыі атрымлівае даплату. На працягу чатырох гадоў працы на прадпрыемстве зарэкамендаваў сябе з самага лепшага боку і сёлета да прафесійнага свята аўтамабілістаў і дарожнікаў узнагароджаны Ганаровай граматай РУП “Віцебскаўтадар”.
– Няма пакуль магчымасці ўвесці пасаду майстра, на якую плануем з цягам часу назначыць А.Ізмайловіча, – кажа начальнік арганізацыі Пётр Пятровіч Кляшчонак. – У нашым невялікім калектыве толькі дзве адміністрацыйныя адзінкі – я і дыспетчар Марыя Стрыжонак, якая паспяхова спраўляецца са стосам папер і пуцявых лістоў.
Новай тэхнікі на прадпрыемстве не атрымлівалі даўно, таму для паспяховага выканання задач імкнуцца рацыянальна, беражліва выкарыстоўваць тую, што маецца. Тры трактары МТЗ-82 дзякуючы ўмелым рукам Рыгора Шарамэта, Аляксандра Шарага і Рыгора Целепня спраўна служаць нягледзячы на значны ўзрост. Апошні з трактарыстаў з’яўляецца і машыністам грэйдара. Самазваламі МАЗ кіруюць Аляксандр Кудраўцаў, Віктар Кухто, а адзін з самых вопытных працаўнікоў Мікалай Пузатка пры неабходнасці перасаджваецца і на “Газель”, а за рулём пагрузчыка старанна працуе Анатоль Ярмош.
Рамонты дарожнага палатна і разнастайных тэхнічных элементаў дарогі, уборка смецця, абкошванне – штодзённыя іх абавязкі. Хто ведае, якім будзе заўтра надвор’е? Магчыма, з’явіцца галалёд або пачнецца снегапад, а можа ўсіх парадуе цудоўны сонечны дзень — але ўсё роўна, як і ў сваё прафесійнае свята, дарожнікі будуць несці дзяжурства. Яны гатовы да любых прыродных катаклізмаў, зараз рыхтуюць на зіму неабходныя аб’ёмы солі і пясчанасолевай сумесі. А за сезон працаўнікі Ушацкай лінейна-дарожнай дыстанцыі ДЭУ-37 выканалі бягучы рамонт 9 кіламетраў аўтадарогі Ушачы-Лепель, 5 – Сянно-БешанковічыУшачы, паклалі 2 кіламетры выраўніваючага слою асфальту. Заменены аўтапавільён у вёсцы Наваселле і 120 дарожных знакаў на новыя. Выканана каля 3,5 тысячы метраў квадратных ямачнага рамонту, абсталяваны дзве новыя пасадачныя пляцоўкі.
З кожным годам расце колькасць аўтамабіляў у насельніцтва і ў арганізацыях. Адпаведна становіцца цясней і на дарогах, узрастае рызыка здарэнняў, паскараецца зношванне дарожнага пакрыцця, часцей узнікае патрэба рамонту. Седзячы ў салоне прэстыжнага аўто, мы адчуваем сябе камфортна і бяспечна, атрымліваем асалоду ад хуткай і лёгкай язды, якая не стамляе, а наадварот, стварае “аранжавы” настрой. Забяспечваюць жа нам прыемную паездку не толькі канструктары аўтамабіля. З яго было б мала толку, калі б не бесперапынная праца людзей у аранжавых камізэльках.
Дзмітрый Раманоўскі.
Наведаўшыся днямі ва Ушацкае ДРБУ-105, злавіла сябе не думцы, што бываць у гэтай арганізацыі заўсёды прыемна – незалежна ад мэты візіту. Прыгожы адміністрацыйны будынак і парадак на тэрыторыі, добразычлівы і згуртаваны калектыў, кожны член якога неабыякавы да спраў прадпрыемства – усё гэта стварае пазітыўнае ўражанне.
Ні для каго не сакрэт, што апошнія гады не самыя лёгкія для большасці прадпрыемстваў раёна: зніжэнне аб’ёмаў работ і, адпаведна, тэмпаў росту заработнай платы, аптымізацыя штатаў – усе гэтыя тэндэнцыі не абмінулі і нашу галоўную дарожнабудаўнічую арганізацыю. Аднак песімістычнага настрою напярэдадні прафесійнага свята тут не дапускаюць: усе думкі і намаганні кіраўніцтва і работнікаў скіраваны толькі на тое, як з мінімальнымі стратамі пераадолець цяперашні няпросты этап. Паказчыкі дзейнасці за тры кварталы бягучага года хоць і не ўражваюць, але сведчаць пра стабільную работу прадпрыемства: так, агульны аб’ём выкананых сёлета падрадных работ склаў 9 мільярдаў 441 мільён рублёў, тады як летась – 8 мільярдаў 629 мільёнаў (рост у дзеючых цэнах – 109,4 працэнта). Больш трэці гэтай лічбы – 3,5 мільярда – асвоена падчас рамонту і работ па ўтрыманні мясцовай дарожнай сеткі (у мінулым годзе – 2,7 мільярда). Асноўныя аб’екты, дзе дарожнікі ДРБУ-105 працуюць па дагаворах, – асфальтаванне і ўкладка бардзюраў на вуліцы Азёрнай ва Ушачах, добраўпарадкаванне гаражнабудаўнічых кааператываў у Наваполацку, бягучы рамонт аўтадарогі “Варонічы-Ухвішча”. Удзельнічалі ўшацкія дарожнікі ў рэканструкцыі моста на дарозе УсвеяУсвіца, якая праводзілася ў сувязі з будаўніцтвам Полацкай ГЭС на Заходняй Дзвіне. Зроблена з пачатку года і шмат іншай неабходнай работы: заменена 138 дарожных знакаў, высечана больш 50 тысяч метраў кубічных кустоўя, абкошана каля 2 тысяч кіламетраў абочын – гэтыя работы аблегчыла атрыманне сёлета прадпрыемствам новай касілкі. Устаноўлены аўтапавільён у вёсцы Глыбачка, што на дарозе Полацк-Ушачы, абсталявана новая пасадачная пляцоўка ў Двор Павуллі, у хуткім часе з’явіцца пляцоўка з павільёнам у Старым Сяле Жарскага сельсавета.
Славуты савецкі выраз “кадры вырашаюць усё” не згубіў актуальнасці і ў нашы часы. А таму на прадпрыемстве працэс аптымізацыі праводзяць прадумана, узважана. За год сярэднеспісачная колькасць работнікаў зменшылася на 6 чалавек, большасць з якіх ужо мелі пенсійны ўзрост. Прыйшлі ў філіял і новыя кадры. Так, сёлета тут свой працоўны шлях пачала малады спецыяліст – інжынер па якасці Анастасія Лёля.
Асноўны ж касцяк калектыву складаюць вопытныя работнікі. Такія, напрыклад, як вадзіцель Іван Іванавіч Аўдошка, які мае больш чым дваццацігадовы стаж работы на прадпрыемстве – яго сумленная праца адзначана сёлета Ганаровай граматай КУП “Віцебскаблдарбуд”. Такі ж працяглы адрэзак свайго жыцця аддалі ДРБУ-105 інжынер па арганізацыі працы Зінаіда Міхайлаўна Гапонава і інспектар па кадрах Галіна Іванаўна Карпёнак – ім прысвоена званне “Ветэран працы”. А вось дарожны рабочы Павел Пятровіч Віхтар на прадпрыемстве толькі тры гады, аднак паспеў праявіць сябе адказным, старанным работнікам і заслужыў Падзяку КУП “Віцебскаблдарбуд”.
Ушанаванне названых і іншых дастойных прадстаўнікоў калектыву, былых работнікаў прадпрыемства прайшло ўчора ва ўрачыстай абстаноўцы на мерапрыемстве, прысвечаным прафесійнаму святу людзей, праца якіх заўсёды на віду – асабліва ў нашым раёне, дзе аўтатранспарт з’яўляецца галоўным сродкам перамяшчэння.
Наталля БАГДАНОВІЧ.