Тыя, хто бывае ў Санкт-Пецярбургу, напэўна, звярнулі ўвагу на прыгожыя білборды з партрэтамі розных людзей, устаноўленыя па ўсёй паўночнай сталіцы Расіі. У рамках адмысловага праекту “Людзі нашага гораду” тут штогод выбіраюцца сто лепшых прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці і ствараецца такая вось незвычайная Дошка гонару. Ушачанам жа, што бывалі ля Смольнага палацу, твар прыгожай дзяўчыны, якая ўсміхаецца з тутэйшага білборда, можа падацца знаёмым. І гэта нядзіўна: Вераніку Махрову (да замужжа – Міхейку), якая нарадзілася, вучылася і пэўны час працавала ва Ушачах, добра памятаюць на малой радзіме.
Я ж ведаю яе з дзяцінства, бо жылі ў суседніх дамах на Садовай. Вераніка заўсёды была “генератарам гульнявых ідэй”: то казакі-разбойнікі арганізуе, то хованкі. За ёй, нібы хвосцікі, бегалі ўсе навакольныя малышы. “У школе настаўнікі, калі ім трэба было адлучыцца з урока, пакідалі Вераніку “старэйшай” і не хваляваліся, што дзеці разнясуць клас”, – расказвае маці дзяўчыны Святлана Васільеўна Міхейка. Сама ж Вераніка з усмешкай прыгадвае, што спачатку хацела стаць пажарным – як тата, або бухгалтарам – як мама. А яшчэ адзначае, што бацькі заўсёды былі для іх з сястрой прыкладам сумленнасці, працавітасці: “Яны аддавалі нам усю сваю любоў і разам з тым дазвалялі самавызначацца, ісці сваёй дарогай. Мы з Вікай не прывыклі да раскошы. Мы працаўніцы па жыцці. Пчолкі, як кажа мама”.
Жаданне стаць настаўніцай прыйшло да Веранікі ў старэйшых класах. Але ж узяць з першага наскоку “педагагічны Алімп” не ўдалася – спрабавала пасля 9 класаў паступіць у Полацкі педагагічны каледж на настаўніка беларускай мовы і літаратуры, але на бюджэтнае аддзяленне не прайшла. І, напэўна, гэта было да лепшага, бо ў старэйшых класах дзякуючы настаўніцам Тамары Ільінічне Калеснік і Наталлі Васільеўне Стрыжонак закахалася ў фізіку і, сур’ёзна падрыхтаваўшыся да паступлення, стала студэнткай Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. А дадаткова атрымала яшчэ і вышэйшую эканамічную адукацыю. Пасля заканчэння ВНУ працаваць прыехала ва Ушачы. “Магу з упэўненасцю сказаць, што лепшага месца для пачатку педагагічнай дзейнасці нельга было і жадаць. Мне пашчасціла працаваць у моцным калектыве пад кіраўніцтвам вопытнага дырэктара Святланы Канстанцінаўны Турло. На любое сваё пытанне я заўсёды атрымлівала абгрунтаваны адказ і, пасутнасці, менавіта тут сфарміравалася, як педагог”, – прызнаецца Вераніка. Знайшлі прымяненне і яе творчыя здольнасці – маладая настаўніца адкрыла гурток усходняга танца, які карыстаўся папулярнасцю ва ўшачанак.
А ў 2009 годзе Вераніка правяла тыдзень летніх канікул у Санкт-Пецярбургу і зразумела, што гэты горад проста створаны для яе – ён такі ж шматгранны, няўрымслівы, поўны ідэй, фарбаў і эмоцый…
Хуткасць і лёгкасць у прыняцці лёсавызначальных рашэнняў – характэрная рыса характару Веранікі. Дастаткова прыгадаць незвычайную гісторыю яе замужжа. Са сваім абраннікам яна пазнаёмілася праз сацыяльную сетку, і ўжо праз дзве гадзіны віртуальных зносін ён прапанаваў дзяўчыне руку і сэрца. А праз тры дні яны прыехалі ва Ушачы. “І цяпер памятаю выраз твару мамы, калі ў 5 гадзін раніцы мы з Аляксеем з парогу кватэры аб’явілі пра свой намер ажаніцца!” – расказвае Вераніка. Вяселле згулялі праз два месяцы. А зараз пацвярджаюць, што самыя моцныя шлюбы часта заключаюцца выпадкова і спантанна. Аляксей скончыў Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт, зараз жа з’яўляецца вядучым інжынерамканструктарам, займаецца распрацоўкай высокадакладнага абсталявання. Ён чалавек творчы, актыўны, пастаянна імкнецца ісці наперад і самаўдасканальвацца. Тое ж слова ў слова можна сказаць і пра яго жонку, якая паспявае працаваць настаўнікам фізікі ў школе, педагогам дадатковай адукацыі ў гарадскім цэнтры дзіцяча-юнацкай тэхнічнай творчасці і вучыцца ў магістратуры факультэта інфармацыйных тэхнологій Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.І.Герцэна. “Для мяне і работа, і вучоба стаяць на адной важнай прыступцы. Лічу, што педагог павінен быць усебакова развітай асобай, а не толькі прафесіяналам сваёй справы”, – адзначае наша зямлячка. У яе ёсць асаблівы дар – уменне знаходзіць кантакт з любымі катэгорыямі дзяцей: у цэнтры тэхнічнай творчасці яна паспяхова працуе не толькі са звычайнымі школьнікамі, але і з падлеткамі з нядобранадзейных сямей, дзецьмі з асаблівасцямі ў паводзінах, праблемамі са слыхам і мовай.
Не забываецца Вераніка і пра навуковую дзейнасць: зараз яна працуе над магістарскай дысертацыяй, у аснову якой пакладзены праект, ажыццяўляемы ў цэнтры. Датычыцца ён электроннага адукацыйнага асяроддзя. Гэты праект быў прадстаўлены на конкурсе педагагічных дасягненняў Санкт-Пецярбурга, і ў канцы мая ў Шувалаўскім палацы на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў Вераніка Махрова атрымала дыплом за перамогу ў намінацыі “Дэбют” – іншымі словамі, стала лепшым маладым педагогам другой расійскай сталіцы!
Аднак не толькі з работы і вучобы складаюцца дні нашай таленавітай зямлячкі. Нават пальцаў не хопіць, каб пералічыць усе яе захапленні, на якія яна нейкім дзіўным чынам знаходзіць час: гэта альпінізм, фатаграфія, фітнэс, спевы, танцы, а таксама вельмі папулярная зараз у Расіі ваенна-спартыўная гульня страйкбол, у якой яны ўдзельнічаюць разам з мужам. У жніўні яны ў ліку 2 тысяч пецярбуржцаў прымалі ўдзел у буйной ваенна-спартыўнай акцыі “Гонка герояў”, удзельнікі якой праходзілі выпрабаванні, прызначаныя для трэніровак спецыяльных падраздзяленняў Узброеных сіл Расіі. “У пачатку трасы я моцна параніла руку, было вельмі балюча, але дабралася да фінішу, каб не падвесці каманду. Такія выпрабаванні загартоўваюць, пашыраюць круг сяброў”, – дзеліцца ўражаннямі Вераніка.
Ёй аднолькава да твару і камуфляж, і дзелавы касцюм. Пры такім напружаным рытме жыцця яна застаецца надзвычай абаяльнай дзяўчынай, літаральна выпраменьвае энергію і пазітыў. “Я ўпэўнена, што чалавек сам каваль свайго шчасця, – разважае гераіня аповеду. – Побач з намі тыя людзі, якіх мы заслугоўваем. І я веру, што няма нічога немагчымага. Ёсць прычыны і адгаворкі, які чалавек сам сабе прыдумвае, каб апраўдаць ляноту і пасіўнасць. Знайдзіце сваю мэту і крочце да яе!“
Наталля БАГДАНОВІЧ.