«Патрыёту» — 85. Из воспоминаний бывшего сотрудника газеты И.Картеля

Листая страницы истории Юбилейные даты

3 успамінаў былога супрацоўніка ўшацкай “раёнкі” І.Картэля.

Першым рэдактарам ушацкай раённай газеты «Прымежны калгаснік» быў Рыгор Яўсеевіч Ваксман. Адначасова ён з’яўляўся і загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі райкама партыі. Адказным сакратаром, рэдактарам­стылістам, літсупрацоўнікам, карэктарам і экспедытарам адначасова быў мой аднакурснік па Полацкім педтэхнікуме Іван Сымонавіч Ліпаўка. Аднойчы ён заходзіць да мяне і кажа:

– Стаміўся, усё аднаму прыходзіцца рабіць. Трэба паспець адшукаць матэрыял, апрацаваць яго ды яшчэ тры разы на тыдні з’ездзіць у Полацк. Ваксман жа поўнасцю ў апошні час заняты справамі ў райкаме. Ідзе калектывізацыя, работы ў раёне шмат. Пакідай свой Полацк і перабірайся да нас ва Ушачы. Тым больш што практыка ў цябе ёсць, друкуешся ж у “Чырвонай Полаччыне”.

Памятаю, надышоў сакавік. На рынку доўга шукаю спадарожную падводу да незнаёмых мне Ушач. Дамовіўся з возчыкам. Еду насустрач свайму працоўнаму лёсу. Праязджаем незнаёмыя вёскі, а ў галаве адна думка: мне давядзецца рабіць газету, ці спраўлюся з гэтым?

Позняй ноччу даехалі да Ушач. Мястэчка патанала ў цемры. Толькі дзе­нідзе мігалі агеньчыкі газавых лямп. У акне прасторнага драўлянага дома гарэла святло, нізка над сталом хтосьці схіліўся. Мой фурман спыніў каня.

– Вось гэта і ёсць твая рэдакцыя.

Абклаўшыся паперамі, у маленькім пакойчыку над нечым працаваў Іван Ліпаўка.

– Вось добра, што застаў мяне тут. Дапаможаш апрацаваць некалькі матэрыялаў у газету, сам не паспяваю, – сказаў ён.

Так пачалася мая работа ў газеце.

Знаёмлюся бліжэй з Ушачамі, з раёнам, з рабочымі і сельскімі карэспандэнтамі. У цагляных будынках або магазін кааперацыі, або раённыя ўстановы. Усяго пяць пыльных вуліц, цэнтральная – брукаваная. Сямігадовая беларуская школа, яўрэйская пачатковая школа, бібліятэка, калгас, некалькі прамысловых арцелей, народны дом. Па вечарах у нардоме паказваюць кіно, якое ахвотна наведваюць і старыя, і маладыя.

Газета згуртавала вакол сябе шырокае кола актывістаў, рабочых і сельскіх ка­рэспандэнтаў. Штодня ў рэдакцыю прыходзілі лісты. Пісалі пра ўсё: аб бюракратах і перадавых калгасніках, сяўбе і рамонце тэхнікі, аб рабоце хат­чыталень, гандлёвых арганізацый, аб першых трактарыстах. Часта выступалі на старонках газеты работнікі райкама партыі, райвыканкама. Але больш за ўсё пісалі аб сельскіх сходах, дзе падымаліся пытанні арганізацыі калгаса.

Кожную заметку аб стварэнні новага калгаса мы ў рэдакцыі ўспрымалі як свята, гэта была асабліва радасная вестка. Такія паведамленні мы звычайна змяшчалі на першай паласе пад буйным загалоўкам: “Даеш суцэльную калектывізацыю!”. Рэдакцыю часта наведваў сакратар райкама камсамола Мікалай Пакроўскі. Аднойчы ён прапанаваў арганізаваць у газеце камсамольска­маладзёжную старонку. Я, як член бюро райкама камсамола, пагадзіўся.

Такая старонка хутка з’явілася на свет і рэгулярна стала выходзіць тры разы ў месяц. Наш вопыт па асвятленні камсамольска­маладзёжнага жыцця быў адобраны ЦК камсамола Беларусі.

Супрацоўнікі газеты прымалі непасрэдны ўдзел у калектывізацыі, у складзе брыгад выязджалі на сяло, праводзілі сходы. Нам, тады маладым камсамольцам, даручалі сур’ёзныя справы.

Рос аўтарытэт газеты сярод чытачоў і рабселькораў. Па кожнай крытычнай заметцы мы дабіваліся дзейснага рэагавання. Я не памятаю выпадку, каб газета кагосьці пакрытыкавала і па гэтым матэрыяле не было прынята канкрэтных мер. Газеты баяліся бюракраты, чынушы. Затое ў рэдакцыю, як кажуць, у любы час без стуку мог зайсці кожны, пагутарыць, паведаміць навіну.

3 таго часу прайшло шмат год, але і зараз успамінаю людзей, з якімі працаваў і сустракаўся ва Ушачах. Гэта калгаснікі Лаюшка, Прыстаўка, Ярмош і іншыя, настаўнікі Анісовіч, Клёнава, Маеўскі, Афанасьеў, жыхары Ушач і Кубліч – Шэнкман, Гінзбург, Макутонін, Шчэрба, Грыдзюшка, Арлоўскі і іншыя.

У 1931 г. рэдакцыя атрымала сваю друкарню. Спачатку працавала ў ёй два чалавекі: Баскін – яе загадчык, ён жа друкар і метранпаж, і Ганін – наборшчык з Ніжняга Ноўгарада. Усё рабілася ўручную: набіралі тэкст, друкавалі. Супрацоўнікі рэдакцыі таксама навучыліся набіраць тэкст.

У сярэдзіне 1931 г. у Чырвоную армію пайшоў адказны сакратар І.С.Ліпаўка. Гэтую пасаду даверылі мне. Пакінуў нас і Р.А.Ваксман, пераехаўшы на працу ў Мінск. Рэдактарам стаў нядаўні выпускнік журналісцкіх курсаў у Мінску Барысёнак. У нашым раёне ён працаваў нядоўга. Вясной 1932 г. яго змяніў Байкачоў. Ён толькі што закончыў Камуністычны інстытут журналістыкі (КІЖ) і дасканала валодаў журналісцкім майстэрствам.

Прыходзілі ў рэдакцыю новыя супрацоўнікі, мяняліся журналісцкія кадры. Але “Прымежны калгаснік” быў сапраўдным прапагандыстам, агітатарам і арганізатарам.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *