СТО «Витагротехсервис» активно развивается, здесь выполнят практически любой ремонт авто

Общество

Заўсёды лічыла, што ліквідаваць драпіну на крыле белага ці чорнага аўто не складае ніякай цяжкасці: бярэш фарбу адпаведнага колеру – і крыло як новенькае. Але падчас візіту на станцыю тэхабслугоўвання “Вітагратэхсэрвіс”, дзе каля трох месяцаў таму пачалі аказваць паслугі па афарбоўцы машын з дапамогай самага сучаснага абсталявання, даведалася, што, напрыклад, тая ж белая аўтаэмаль мае 35 адценняў, і падбор “роднага” – няпросты тэхналагічны працэс. Перш за ўсё трэба вызначыць састаў фарбы: робіцца гэта з дапамогай спецыяльнага стэнду, дзе ў адпаведнасці з маркамі машын змешчаны ўзоры ўсіх існуючых колераў. Напрыклад, даволі папулярныя ва ўшачан “Опелі” бываюць 120 розных адценняў, а патрэбнае выбіраюць, прыкладаючы да аўто “пробнікі”. Кожны з іх мае маркіроўку, якая ўводзіцца ў камп’ютар, пасля чаго вызначаецца састаў фарбы і пачынаецца тонкі працэс яе вырабу. Падчас яго работнік СТА узбройваецца вагамі і нагадвае правізара, бо розныя базавыя фарбы змешваюцца ў строгіх прапорцыях з дакладнасцю да 0,01 грама. Наўмысна так падрабязна апісала тэхналогію, каб праілюстраваць выснову, што для якаснага выканання такіх работ неабходна спецыяльнае абсталяванне і высокая кваліфікацыя майстра, што наўрад ці могуць забяспечыць так званыя “гаражныя” ўмельцы.

Даволі складанае і нятаннае абсталяванне патрэбна і для таго, каб выконваць поўны спектр кузаўнога рамонту – з нядаўняй пары аўтамайстэрня пачала аказваць і такія паслугі. Для гэтага, прынамсі, быў закуплены стапель, з дапамогай якога гідраўлічным спосабам кузаў можна выцягнуць да неабходных заводскіх каардынатаў. Рамонт транспартных сродкаў спалучаецца з адказнасцю за жыццё людзей, а таму патрабуе пастаяннага кантролю: напрыклад, спецыяльнае абсталяванне для рэгуліроўкі вуглоў развалу-сыходжання колаў праходзіць паверку раз у два тыдні. Вядома ж, працуюць у майстэрні слесары, зваршчыкі высокай кваліфікацыі – такія, напрыклад, як Дзяніс Жыцянёў, Аляксандр Контараў, Аляксандр Кызыма. Пры неабходнасці спецыялісты праходзяць навучанне і стажыроўку.

Звычайна, калі мы захварэем, звяртаемся ў паліклініку да прафесійнага доктара, а не да якога-небудзь суседа-лекара. Дык чаму ж свае аўтамабілі многія давяраюць нелегалам?

– Да нас часта паступаюць ахвяры майстроў-дылетантаў, якія бяруцца за рамонт, а калі нешта “заломваюць”, перадаюць “пацыента” нам, – кажа ўладальнік прадпрыемства прадпрымальнік Мікалай Несцярэнка. – Некаторыя памылкова лічаць, што ў нас высокія расцэнкі, але ж гэта не так. Нядаўна, напрыклад, адзін ўладальнік “Аудзі” замяніў счапленне ў знаёмага майстра за 1 мільён 700 тысяч рублёў і быў вельмі расчараваны, калі даведаўся, што ў нашым сэрвісе гэта абышлося б яму прыкладна ў 800 тысяч.

Словы Мікалая Мікалаевіча магу пацвердзіць і ўласнымі назіраннямі: нядаўна знаёмы жыхар Мінска быў прыемна здзіўлены, калі за рамонт глушыцеля і зварку кузава заплаціў удвая менш, чым давялося б у сталіцы.

– Мы стараемся трымаць цэны і на паслугі, і на тавар у нашым магазіне, асартымент якога, дарэчы, у апошні час значна пашырыўся, на ўзроўні мінулага года. Шукаем для гэтага любыя магчымасці – напрыклад, за кошт гандлёвых скідак, якія робяць нам, як пастаянным кліентам, пастаўшчыкі запчастак, – расказвае менеджэр СТА Андрэй Саўчанка.

Для далейшага развіцця бізнесу, умацавання канкурэнтаздольнасці прадпрыемства трэба ўкладваць у яго сродкі, таму большую частку прыбытку прадпрымальнікі накіроўваюць на набыццё новага абсталявання. Каманда аўтасэрвіса імкнецца да таго, каб ушацкім аўтаўладальнікам не было патрэбы ехаць у іншы горад: зараз тут выконваецца практычна любы рамонт, за выключэннем звязанага з дакладнай электронікай, для якога патрэбны стэнды на спецыялізаваных аўтасэрвісах. Больш за тое, у нашага “Вітагратэхсэрвіса” ёсць пастаянныя кліенты з Лепельскага, Глыбоцкага, Полацкага раёнаў. Увогуле ж сваім прыкладам гэтае прадпрыемства даказвае, што малы бізнес у невялікіх гарадах – справа перспектыўная, якая дазваляе вырашаць як пытанне аказання насельніцтву неабходных якасных паслуг, так і праблему занятасці.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “СТО «Витагротехсервис» активно развивается, здесь выполнят практически любой ремонт авто

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *