Матерям так мало для счастья надо…

Общество

Ганна Тарасаўна Ключонак гасцей не чакала. Па дарозе ад аўталаўкі разважала з аднавяскоўкай пра Пакроў, які сёлета незвычайны. Толькі клён асыпацца пачаў, а бярозы і зараз зялёныя. “Колькі жыву, не памятаю, каб так зялёна было ў сярэдзіне кастрычніка”, – задумалася над прыкметай жанчына.

І сапраўды, стаяў лагодны восеньскі дзень, які для ўсіх пажылых жанчын перш асацыіруецца з Пакровам Прасвятой Багародзіцы. Дзень маці быў прымеркаваны ў Беларусі да праваслаўнага свята толькі ў 1996 годзе, а віншаванні яны прывыклі прымаць ад дзяцей пераважна 8 сакавіка, таму тым больш не чакалі букетаў.

– Свае кветачкі адышлі, а тут такія прыгожыя, – дзякавала Ганна Тарасаўна старшыні раённага Савета дэпутатаў Вользе Мікалаеўне Захарэнка як за букет, так і за салодкі падарунак ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь». А больш за ўсё, канечне, за ўвагу.

У Дубінцы ж у палісадніку Валянціны Аляксандраўны Клачок яшчэ красаваліся восеньскія кветкі. Жанчына радасна сустракае гасцей і, паглядаючы на свежы нумар раённай газеты, пачынае з галоўнага, што хвалюе: “Як жа я рада, што перамог Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка”. Жанчына, як ніхто добра ведае пра сапраўдныя каштоўнасці. І ўмее годна пераносіць любыя цяжкасці, тым больш выпала на лёс іх многа.

«Зайшло маё сонейка, даўно зайшло”, – не згаворваючыся, прамаўляюць і Ганна Тарасаўна, і Валянціна Аляксандраўна, якія за апошнія гады сталі сяброўкамі. Іх зблізіла гора – самае страшнае гора – страта дзяцей. Сыны загінулі, выконваючы інтэрнацыянальны доўг, але і цяпер, калі прайшло столькі год, маці ўсё роўна звяртаюцца да іх у думках, а то і ўслых, быццам тут яны, побач. А тады, нават пахаваўшы, але не бачыўшы мёртвымі, упарта верылі, што адбылася памылка, што жывыя яны і абавязкова вернуцца, будуць самымі чулымі, самымі ўдзячнымі, будуць памочнікамі ў старасці…

Сёння натруджаныя матчыны рукі амаль не слухаюцца, не жадаюць выконваць самага простага. А колькі перарабілі больш чым за сем дзясяткаў гадоў… Грубыя ад цяжкой працы на зямлі, яны ўсё роўна заставаліся самымі пяшчотнымі, самымі ласкавымі. Абедзве жанчыны выхавалі па чацвёра дзяцей. Вось толькі засталося ў Валянціны Аляксандраўны трое, Ключонкі ж пахавалі двух сыноў..

Аднак цяжкія ўспаміны – за кадрам, увечары, калі застаюцца сам-насам. А ўдзень, сустракаючы гасцей (у абедзвюх вёсках да іх наведваліся таксама старшыні Кубліцкага і Вялікадолецкага сельвыканкамаў), яны імкнуліся быць бадзёрымі і прыгадвалі толькі добрае. “Вось дачка з зяцем учора агарод перааралі, дачушка блізка жыве, у Кублічах, і ва ўсім дапамагае. Вось і ўнучку нядаўна выдалі замуж, – прыгадваючы прыемную навіну, Ганна Тарасаўна весялее.

Як з роднымі размаўляе з жанчынамі Вольга Мікалаеўна, раіць забыцца крыху на хатнія клопаты і абавязкова падлячыцца. Тое ж самае яна скажа ўвечары і сваёй маці, для якой таксама падрыхтавала святочны букет.

Няхай жа на тварах усіх матуль заўсёды будуць усмешкі. Няхай ва ўсіх дзяцей знаходзіцца час, магчымасці і жаданне зрабіць шчаслівымі сваіх самых родных. А для гэтага так мала трэба: ведаць, што у вас усё добра, і часцей бачыць на бацькоўскім ганку.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *