В день матери ушачанка Тамара Алексеёнок получила почётную премию имени З.Туснолобовой-Марченко

Общество

“Дзеці, хадзем фатаграфавацца!” Калі пасля гэтага воклічу Тамары Віктараўны Алексяёнак са сваіх пакояў амаль адначасова выйшлі тры яе сыны, дачушка і выскачыў жыццярадасны сабака Люк, прыхожая раптам стала падобнай на вагон метро ў час пік. Калі ўся іх сям’я збіраецца разам, нават у чатырохпакаёвай кватэры становіцца цеснавата, ну а цішыня і спакой тут увогуле госці рэдкія. Быць гаспадыняй у такой вялікай сям’і – канечне, няпроста, і хоць у кожнага з дзяцей ёсць свае абавязкі (існуе, напрыклад, строгі графік мыцця посуду), без мамінага ўдзелу ніводная справа не абыходзіцца. “Іншы раз іду дамоў з работы і думаю: вось бы хто дагадаўся бульбу для вячэры пачысціць – гэткія мары ў мяне прыземленыя”, – жартуе Тамара Віктараўна. Але ж калі яна пачынае з непадробным захапленнем расказваць пра сваіх сыноў і дачку, у яе прыгожых вачах іскрыцца сапраўднае шчасце.

Бязмерная любоў да дзяцей – сваіх і чужых – гэта ў Тамары ад маці. На руках у Валянціны Трафімаўны Саламахі ў літаральным сэнсе вырасла не адно пакаленне льнозаводскіх дзетак, бо жанчына працавала нянечкай у мясцовым садзіку, які, дарэчы, размяшчаўся побач з іх хатай. “Памятаю, як мама то і справа прыбягала дамоў, каб знайсці ў нашай шафе кофтачку ці штонікі і пераапрануць якога-небудзь малыша, што праліў на сябе суп ці спазніўся на гаршчок, а за час дзённага сну паспявала памыць рэчы і высушыць на нашай печцы. Для мяне ж было лепшай забавай, вярнуўшыся са школы, пайсці да мамы ў садок, каб пагуляць з малышамі. Напэўна, яшчэ тады вырашыла, што стану настаўніцай, а паколькі вельмі любіла маляваць, выбрала мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута”, – расказвае Тамара Віктараўна. Сваю настаўніцкую работу спачатку ва Ушацкай, а зараз – у Арэхаўскай школе яна спалучае з выхаваннем уласных дзяцей, бо лічыць, што жанчына павінна рэалізаваць сябе і ў мацярынстве, і ў прафесіі. Ды і матэрыяльны фактар не спішаш з рахунку. Іх сям’я ніколі не была багатай. Асабліва ж востра стаяла кватэрнае пытанне: першы час жылі ў доме разам з бацькамі мужа, але ж у невялікім пакойчыку не хапала нават месца, каб паставіць ложкі для трох сыноў. Спрабавалі здымаць кватэру, аднак не пацягнулі аплату. Некаторы час “кватаравалі” нават у былой канторы райсельгастэхнікі, частку якой ім дазволілі прыстасаваць пад жылое памяшканне. А калі ва Ушачах пачалі актыўна будавацца жыллёвыя кааператывы, сталі на чаргу, але сабраць грошы на пачатковы ўзнос не здолелі. У такім, здавалася, безвыходным становішчы Тамара Віктараўна даведалася аб сваёй цяжарнасці. І хоць было ёй на той час ужо пад 40, думак аб тым, каб яе перарваць, нават не дапускала – найперш таму, што з’яўляецца глыбока веруючым чалавекам, ды і мары пра дачушку-памочніцу былі заўсёды. І, нібыта дзякуючы за правільны выбар, лёс паслаў сям’і шчаслівы выпадак: адны з патэнцыяльных жыльцоў новага дома па Віцебскай у апошні момант адмовіліся ад ужо амаль пабудаванай кватэры і жыллё прапанавалі мнагадзетнай сям’і Алексяёнкаў: трэба было толькі сплаціць раней унесеныя грошы. Каб зрабіць гэта, галава сям’і ўладкаваўся на няблага аплачваемую работу вадзіцеля дальніх рэйсаў: і хоць на плечы Тамары Віктараўны ляглі ўсе гаспадарчыя клопаты, бо муж амаль пастаянна ў ад’ездзе, аднак з радзільнага дому яны з маленькай Веранічкай прыехалі ва ўласную кватэру. Гадаваць немаўля і трох старэйшых хлопчыкаў практычна адной было складана. Але нечакана ў мамы знайшоўся выдатны памочнік: сярэдні сын Сярожа, якому тады было гадоў 9, з першага дня вельмі прывязаўся да сястрычкі, асвоіў усе працэдуры па доглядзе, нават дапамагаў яе купаць. “Ён і зараз яе галоўны дарадчык і абаронца – сочыць, каб ніхто ў двары не ўздумаў пакрыўдзіць любімую сястрычку!” – з цёплай усмешкай кажа Тамара Віктараўна. А яшчэ прыгадвае, што самым складаным у той час былі ранішнія зборы ў школу, калі наразаць бутэрброды да чаю для хлопцаў налаўчылася адной рукой, бо другой трымала капрызную малышку. Аднак усе гэтыя бытавыя нязручнасці паказаліся дробяззю ў параўнанні з выпрабаваннем, якое напаткала сям’ю праз год пасля нараджэння дзяўчынкі: малышка захварэла на абструктыўны бранхіт і амаль год яны з мамай правялі на бальнічных ложках розных лячэбных устаноў. Медыкі спрабавалі камбінацыі лекаў, аднак прыступы ўдушша паўтараліся зноў і зноў. Калі ж сітуацыя была зусім крытычнай, удалося знайсці аптымальны варыянт лячэння: хвароба адступіла, шчасце і спакой вярнуліся ў сям’ю. “Памятаю, як радаваліся мае хлопчыкі, калі мы ўрэшце выпісаліся з бальніцы!” – узгадвае Тамара Віктараўна.

Пра кожнага са сваіх дзетак яна можа расказваць бясконца. Яны вельмі розныя, але ўсе такія любімыя. Сур’ёзны і ўжо зусім дарослы Раман пасля заканчэння тэхнікума і службы ў арміі вярнуўся на родную Ушаччыну, уладкаваўся на працу ў раён электрычных сетак. Ён вельмі любіць прыроду, лес, рыбалку. А вось Сярожа, які зараз вучыцца на другім курсе Полацкага дзяржуніверсітэта, аддае перавагу камп’ютару. Малодшы з хлопцаў – Алег, вельмі любіць жывёл, а тры гады таму зрабіў немагчымае: угаварыў маму завесці ў кватэры сабаку, таму менавіта на ім ляжаць усе абавязкі па доглядзе за абаяльным маскоўскім спаніэлем.

Амаль усе дзеці вучыліся ў школе мастацтваў – старэйшыя хлопцы выдатна іграюць на гітары, Вераніка асвойвае фартэпіяна. Алексяёнкі – актыўныя прыхільнікі здаровага ладу жыцця: у пакоі хлопчыкаў пад двухпавярховым ложкам захоўваецца каштоўны сямейны скарб – гумавая лодка, вёслы, палатка. Кожнае лета ўсе з нецярплівасцю чакаюць моманту, калі пойдзе ў водпуск тата і разам з сям’ёй Касічаў, з якімі сябруюць шмат гадоў, яны адправяцца ў паход на азёры. Год таму ў Алексяёнкаў з’явілася яшчэ адна мэта – яны набылі ў райцэнтры невялікі ўчастак з домікам і займаюцца абсталяваннем дачы. А яшчэ моцным стрыжнем, які згуртоўвае сям’ю і дапамагае годна сустракаць усе выпрабаванні, з’яўляецца тое, што жывуць яны па хрысціянскіх запаветах.

– Я часта думаю, чаму некаторыя сучасныя мамы так баяцца нараджаць больш аднаго-двух дзяцей? – разважае гераіня гэтага аповеду. – Ну вось, скажыце, хіба мае двое старэйшых хлопцаў больш дастойныя таго, каб жыць на гэтай цудоўнай зямлі, чым двое малодшых дзетак? Няўжо я была б шчаслівейшая, каб не нарадзіла іх? Так, магчыма, купляла б сабе больш дарагія боты ці паліто, спала б ноччу не шэсць, а восем гадзін, але хіба гэта можна параўнаць з тым, што я бачу іх побач – непаседлівых, вясёлых, добрых. І няхай іншы раз вельмі стамляешся і нават марыш, каб уся гэтая шумная ватага хоць на пару гадзін сышла з кватэры і можна было проста пасядзець у цішыні з кніжкай на канапе, але ўсяго толькі адной дзіцячай усмешкі, кароткага “мам, як справы?” хапае, каб адчуць сябе шчаслівай і зразумець, што ўсё ў жыцці я раблю правільна.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *