За покупками — на ярмарку! В Ушачах прошла осенняя ярмарка

Общество

Суботняй раніцай многія ўшачане не высыпаліся пасля працоўнага тыдня, а спяшаліся на восеньскі кірмаш, які традыцыйна разгарнуўся на цэнтральнай плошчы гарпасёлка. Хоць пачатак кірмашу быў аб’яўлены на 9 гадзін, яшчэ да гэтага часу ўжо многія былі на плошчы, каб паспець купіць усё неабходнае.

Самым “хадавым” таварам, як заўсёды, было мяса. Ялавічыну прапаноўвалі сельгаспрадпрыемствы, шырокі асартымент мясной прадукцыі прадставіла райспажыўтаварыства. Дарэчы, не прастойвалі ў чаканні пакупнікоў і астатнія ўпрыгожаныя палаткі прадпрыемства гандлю – з задавальненнем куплялі ўшачане разнастайныя хлебабулачныя вырабы, садавіну, а таксама рыбу, якая прадавалася па прывабным акцыйным кошце. Напрыклад, цана на мінтай была 39100 рублёў за кілаграм замест папярэдняй 46800.

– Сёлета полацкіх тартоў на кірмашы няма, але нашы, ушацкія, нічым не горш, а цана больш дэмакратычная і вунь які выбар, трэба набыць гасцінец дзецям, – абмяркоўвалі ля палаткі з салодкімі прысмакамі пакупнікі.

Пах шашлыкоў заклікаў наведвальнікаў прысесці адпачнуць за столікі, але гэтай магчымасцю імкнуліся скарыстацца нямногія, бо халоднае надвор’е ўсё ж прымушала накіроўвацца з пакупкамі ў цёплыя дамы і кватэры.

Той, хто не паспеў запасціся на зіму агароднінай, маглі зрабіць гэта на кірмашы. Добра разыходзілася капуста, якую прадавалі Арэхаўская школа, прадпрымальнікі, меншым попытам карысталася бульба, бо сёлета ўраджай “другога хлеба” ў многіх агароднікаў вырас выдатны.

Зерне на любы густ прапаноўвалі практычна ўсе сельгаспрадпрыемствы, аднак збожжа хутчэй за ўсіх распрадалі ільюшынцы, якія прадавалі ячмень па 70000 рублёў за мяшок. Гэтая ж гаспадарка прывезла на кірмаш і “жывы” тавар. Белагаловыя цяляты мясной пароды адразу прыцягнулі ўвагу многіх пакупнікоў, прывабліваў і кошт – 30000 рублёў за кілаграм жывой вагі. Таму і не дзіўна, што большая частка белагаловікаў знайшла сабе новых гаспадароў.

А вось “Райаграсэрвіс” акрамя свайго звычайнага тавару – ялавічыны (за якой, дарэчы, выстраілася чарга яшчэ да прывозу тавару) прапаноўваў пакупнікам паспрабаваць гарачых клёцак.

Не абміналі ўвагай ушачане і прамысловыя тавары. Так, пастаянна былі пакупнікі каля машыны з прадукцыяй прамкамбіната, якія выбіралі сабе цёплыя пледы ды пасцельную бялізну. Як і звычайна попытам карысталіся саджанцы дрэў.

Знайшліся на кірмашы тавары і для самых маленькіх – цацкі, сувеніры, салодкая вата і многае іншае. Дарэчы, сувеніры, зробленыя сваімі рукамі, прапаноўваў ушачанам і раённы цэнтр дзяцей і моладзі.

Вядома, патрэбы кожнага чалавека задаволіць цяжка, тым не менш, абсалютная большасць людзей вярталася з восеньскага кірмашу з тымі ці іншымі пакупкамі.

Святочнага настрою ўдзельнікам кірмашу дадала наладжаная культработнікамі канцэртная праграма.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *