Ва ўсе часы пошта была нечым большым, чым проста служба. Адначасова з прымяненнем інфармацыйных тэхналогій, шырокіх прастораў інтэрнэту не можа знікнуць душэўнае пісьмо, якое прыходзіць у канверце. Але і за ім зараз стаяць новыя, высокатэхналагічныя спосабы дастаўкі, адсочвання яго шляху на працягу ўсяго ланцужка “адпраўшчык-адрасат”. Сучасная пошта – складаны механізм з новымі інфармацыйнымі і камунікацыйнымі тэхналогіямі, з разгалінаванай структурнай сеткай. А паштовы работнік – універсальны спецыяліст, які аказвае паслугі як у аддзяленні сувязі, так і на доме.
Мяркуйце самі. Сёння ўчастак “Ушачы” Полацкага вузла паштовай сувязі Віцебскага філіяла РУП “Белпошта” прадстаўлены 15 аддзяленнямі – 1 гарадскім, 12 сельскімі і 2 перасоўнымі. Штат з 61 работніка акрамя традыцыйных паштовых аказвае жыхарам раёна і іншыя паслугі. Не так даўно, напрыклад, з’явілася магчымасць перасылкі пісем (пасылак) з адзнакай “Камфорт” – адпраўшчыку праз SMS паведамяць, што пісьмо дастаўлена, а адрасату яго могуць прынесці дамоў ці ў офіс у зручны для яго час. Актыўнасць набірае і такая паслуга адпраўленняў як “1 клас”: спецыяльныя канверты з акантоўкай чырвонага колеру даюць прыярытэт пры апрацоўцы і перасылцы.
Паштальёны, напэўна, як ніхто, працуюць у цесным кантакце з людзьмі. У нейкім сэнсе яны і сацыяльныя работнікі, і псіхолагі, і дарадчыкі, якіх заўсёды з нецярпеннем чакаюць на вёсцы. Яны і аплату за розныя паслугі прымуць, і неабходныя тавары на дом прынясуць. Калі ж дабрацца пешшу да населенага пункта няма магчымасці – на дапамогу прыходзіць мотадастаўка. У любым выпадку без любімых выданняў і патрэбных паслуг жыхары Ушаччыны не застаюцца.
Увогуле, прафесійныя абавязкі паштавікоў можна пералічваць бясконца: гэта і афармленне падпіскі, і ажыццяўленне пераводаў, і пакаванне пасылак, і прыём банкаўскіх плацяжоў. Толькі скажы аператару, што трэба аплаціць, – і ён імгненна выканае аперацыю. Дарэчы, дапамагае таксама грамадзянам паштова-даведачны тэрмінал, які ўстаноўлены ў аддзяленні ва Ушачах і прымае як наяўныя грошы, так і пластыкавыя карткі.
У даволі жорсткіх умовах працуюць зараз ушацкія паштавікі. Тым не менш, на цяжкасці яны не скардзяцца – высакакласна выконваюць свае абавязкі, на працягу двух дзесяцігоддзяў трымаюць агульны падпісны тыраж на адным з самых высокіх узроўняў у вобласці. Як расказала начальнік участка “Ушачы” Полацкага вузла паштовай сувязі Галіна Іванаўна Свідзінская, на 1 кастрычніка бягучага года падпіска была аформлена на 10 тысяч 653 экземпляры, самымі ж папулярнымі выданнямі ў жыхароў раёна традыцыйна сталі “Патрыёт” і “Витебские вести”.
Гаворачы пра калектыў, цяжка некага вылучыць: ён стабільны, адказны, вопытны. Вось і званне “Ветэран працы” за шматгадовую добрасумленную работу сёлета прысвоена начальніку ўчастка Галіне Іванаўне Свідзінскай, начальнікам сельскіх паштовых аддзяленняў Наталлі Мікалаеўне Башун (Глыбачка), Надзеі Дзмітрыеўне Сабін (Двор Пліна) і Таісе Іванаўне Алексяёнак (Касары). Ганаровымі граматамі Полацкага вузла ўзнагароджаны аператар сувязі Алена Архіпаўна Азевіч і начальнік перасоўнага паштовага аддзялення №1 Святлана Пятроўна Васькевіч. Падзяка названай дзяржструктуры аб’яўлена намесніку начальніка аддзялення сувязі Алёне Аляксандраўне Манух, начальнікам сельскіх аддзяленняў Ларысе Васільеўне Клопавай (Вяркуды), Таццяне Аляксандраўне Дрозд (Дубраўка), вадзіцелям Сяргею Генадзьевічу Ладзіку і Цімафею Фёдаравічу Свідзінскаму.
Шчыра віншуем з прафесійным святам калектыў участка “Ушачы” Полацкага вузла паштовай сувязі, супрацоўнікаў аддзела падпіскі і асабліва нашых памочнікаў – паштальёнаў, на якіх трымаецца сувязь газеты з чытачамі. Жадаем ім здароўя, шчодрых кліентаў, удачы і спрыяльнага надвор’я ў сем’ях.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
9 кастрычніка супрацоўнікі РУП “Белпошта” адзначылі не проста прафесійнае свята – няхай і невялікі, але юбілей. Самастойным прадпрыемствам паштовая служба нашай краіны стала 20 гадоў таму.