Ужо не адзін раз нашы чытачы прачыталі інфармацыю аб тым, што Ушацкая школа трапіла ва ўмоўны рэйтынг “Топ 100 лепшых школ Беларусі”. Па якіх крытэрыях складаўся гэты рэйтынг, а таксама пра іншыя асноўныя здабыткі школы ў нашым інтэрв’ю з дырэктарам гэтай навучальнай установы Віталіем Іосіфавічам КЛІМАШЭЎСКІМ.
– Што за рэйтынг “Топ 100 лепшых школ Беларусі” і чаму мы не чулі пра яго раней?
– Гэта рэйтынг навучальных устаноў па выніках цэнтралізаванага тэсціравання, які абнародвае Міністэрства адукацыі, а праводзіць цэнтр кантролю за ведамі. Улічваліся вынікі цэнтралізаванага тэсціравання ўсіх вучняў па ўсіх прадметах, вылучаўся сярэдні бал. А не быў на слыху, таму што мы туды не траплялі. Дарэчы, поўнай нечаканасцю для нас гэта было і сёлета.
– Адкуль даведаліся пра такую перамогу?
– На абласной справаздачнай настаўніцкай канферэнцыі. Калі начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Іван Антонавіч Шчурок пачаў называць навучальныя ўстановы, якія ўвайшлі ў “Топ100”, нават і думкі не было, што мы можам там быць, паколькі рэйтынг агульны сярод ліцэяў, гімназій і проста сярэдніх школ. Канкурыраваць з навучальнымі ўстановамі, якія праводзяць конкурсны адбор вучняў у профільныя класы (прычым ва ўсе), а лепшыя педагогі па напрацаваных гадамі методыках працуюць на паглыбленым узроўні на адзіны вынік – ЦТ, самі разумееце – не проста складана, а практычна нерэальна. Таму, канечне, не проста прыемна, а сапраўды адчуваеш гонар за нашых прадметнікаў, за нашых дзяцей. Гэта абгрунтаваная падстава ў чарговы раз сказаць бацькам, што не варта імкнуцца адарваць дзіця ад дома, каб яно вучылася ў ліцэі. Няма такіх ВНУ, куды б не паступалі нашы дзеці: сёлета з профільнага класа паступала 25 чалавек – 22 студэнты ВНУ.
Трэба зазначыць, што ад Віцебскай вобласці ў сотню лепшых увайшло наогул толькі 14 навучальных устаноў – пераважна ліцэі і гімназіі і літаральна некалькі проста школ, як мы.
– Давайце канкрэтызуем, па якіх прадметах нашы дзеці паказалі добры вынік на тэсціраванні.
– Напрыклад, фізіка – настаўнік Віктар Мікалаевіч Герцык: 94 (лепшы бал) у Сашы Касіч, 91 ва Улада Тарасевіча, самы горшы 48 балаў, што, зразумела, таксама добры паказчык. Матэматыка – Людміла Аляксандраўна Худалеева: 97 – ва Улада і 96 у Сашы, далей 70, 67, 47, 46. Вельмі многія дзеці здавалі сёлета рускую мову: 94 у Дашы Іванковіч, 90 – Аліны Лемеш, 85, 77, 74…; хімія – Алена Васільеўна Марозава: 62, 53, 52; беларуская мова – Ірына Уладзіміраўна Леснічэнка: 73, 68, 58; гісторыя – Таццяна Робертаўна Пугачова: 7258; біялогія – Вольга Анатольеўна Жыткая: 7850. Як бачыце, сёлета не па нейкіх асобных дысцыплінах асобныя дзеці паказалі выдатны вынік, а вельмі высокія балы ў многіх і па ўсіх прадметах. Вельмі добры паказчык і тое, што ніхто не атрымаў балаў ніжэй за прахадны. Так што наша 64 месца па выніках ЦТ сярод трох тысяч школ краіны – гэта камандны вынік.
– І за гэта школа павінна атрымаць сучасны кабінет хіміі.
– Так, чакаем, аднак не толькі за гэта, а і за добрую падрыхтоўку школы да навучальнага года. У нас, як прыгадвалася, сёлета першае месца сярод школ раёна і па добраўпарадкаванні. На нашай базе праходзіў абласны семінар, куды былі запрошаны многія сродкі масавай інфармацыі. І.А.Шчурок пытаўся ў журналіста з “Витебских вестей”, – колькі ў Віцебску падобных школ: аднадзве. Удзельнікі семінара былі ўражаны, што ў невялікім раёне школа, як пасля капрамонту, а глядзелі тады ўсё – і сучасны кабінет фізікі, і рэсурсны цэнтр, і парадак вакол школы. А паколькі ўсё гэта працуе, прыносіць плён – то і сучасны кабінет хіміі не будзе прастойваць.
– Падводзіўся сёлета рэйтынг і сярод школ Ушаччыны, па якім у вас першае месца сярод гарадскіх.
– А вось у гэтым рэйтынгу ўлічваецца абсалютна ўсё: ад удзелу ў алімпіядах, да правапарушэнняў. І хоць мы адзіная гарадская школа, аднак маглі б не заняць ніякага месца, калі б не адпавядалі хоць па адным крытэрыі.
Не магла не запытацца пра падрыхтоўку да цэнтралізаванага тэсціравання ў непасрэдных “віноўнікаў” перамогі.
В.Герцык: “Гэта быў профільны клас. Выдатна, што зноў адноўлены такія класы, мы можам вывучаць прадмет на дзве гадзіны болей і тым самым крыху зраўняліся з ліцэямі і гімназіямі. Аднак данесці матэрыял можна толькі да таго, хто “чуе”. Я не пазнаваў у апошні год Улада Тарасевіча, ён паставіў перад сабой мэту – паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, разумеў, што каб прайсці на бюджэт, трэба набраць больш 300 балаў і ўпарта займаўся”.
Жыткая: “У маёй практыцы былі і лепшыя паказчыкі па ЦТ, напрыклад, у выпускніцы 2012 года Вікі Волах – 92 балы. Не магу сказаць, што толькі мая заслуга ў паспяховай здачы сёлетніх абітурыентаў. Іх вяла Аксана Васільеўна Смірнова, я ж толькі адзін год, за які спрабавалі дабіцца максімуму: акрамя ўрокаў і факультатываў былі і платныя заняткі па падрыхтоўцы да ЦТ”.
І.Леснічэнка: “Мая заслуга ў перамозе школы сёлета зусім невялікая, паколькі мала вучняў абралі беларускую мову, вось летась, калі ЦТ па ёй здавалі амаль два класы – так. А вынік – заўсёды калектыўны: вучня і настаўніка, і галоўнае, каб і жаданне навучыцца і навучыць таксама супадала”.
Л.Худалеева: “Працавала з задавальненнем, паколькі была зацікаўленасць у канчатковым выніку бацькоў, дзяцей і настаўніка. Вучні асэнсавана ішлі ў профільны клас, каб паступіць у ВНУ і потым без праблем там вучыцца. Нам нават не спатрэбіліся дадатковыя платныя заняткі па падрыхтоўцы да ЦТ, вучыліся лічы што на павышаным узроўні, адпрацавалі тэсты розных краін”.
Л.Трафімава: “Трапіць у сотню лепшых, канечне, прыемна, аднак самая вялікая ўзнагарода, калі цябе спыняюць бацькі, дзеці і дзякуюць за падрыхтоўку”.
Вольга КАРАЛЕНКА.
А конкретно, на каком месте в этом ТОПе наша школа?
На 64-м.