Аб тым, што ўласнае прозвішча стане для яе лёсавызначальным, ураджэнка Браслаўшчыны Ірына Далецкая не магла нават і падумаць. Дзяўчына нарадзілася ў сям’і з польскімі каранямі, а ў роднай Слабодцы з калыскі чула разнастайную сумесь моў: беларускай, рускай, польскай. Магчыма з-за гэтага і з вывучэннем нямецкай і англійскай ў яе не ўзнікала праблем ні ў школе, ні ў Мінскім дзяржаўным інстытуце замежных моў, куды яна паступала асэнсавана. Аб педагагічнай дзейнасці не марыла – больш уяўляла сябе перакладчыкам ці супрацоўнікам пасольства. Паваротным жа момантам жыцця, як гэта часта бывае, стала гісторыя кахання. На другі год навучання на сельгасработах сустрэлася з Васілём Мычко, таксама студэнтам інстытута замежных моў, а пасля заканчэння ўстановы накіравалася па месцы размеркавання мужа – у Вялікія Дольцы.
– Больш трох з паловай дзясяткаў гадоў я зноў “далецкая”, – усміхаецца Ірына Іосіфаўна. – Менавіта так у раёне завуць жыхароў нашага населенага пункта, які за гады жыцця стаў і для мяне, і для Васіля Пятровіча па-сапраўднаму родным. Ведаеце, думала, што прыгажэй маёй Браслаўшчыны мясцін не бывае. Але Ушаччына не саступае ніколькі – хіба што не так “раскручана”. Муж пачынаў тут, працаваў у Судзілавіцкай, Весніцкай школах, з моманту адкрыцця Касарской выкладае нямецкую мову там. А я ўсё жыццё на адным месцы, у Вялікадолецкай школе. Зараз смела, без залішняй сціпласці магу сказаць, што педагагічная дзейнасць – гэта маё, тут я знайшла сябе.
Прыгадвае Ірына Іосіфаўна гады пачатку працы і нават не верыць, што прайшло ўжо столькі часу. У школе сабраўся вельмі малады калектыў, прычым шмат было менавіта сямейных пар. Азы педагагічнага майстэрства Васіль Пятровіч і Ірына Іосіфаўна Мычко, як і маладыя настаўнікі Васіль Ігнатавіч і Вольга Іванаўна Карчэўскія, Аляксандр Аляксандравіч і Ірына Уладзіміраўна Гарбачовы, Пётр Станіслававіч і Алена Антонаўна Леановічы спасцігалі побач з вопытнымі Уладзімірам Іосіфавічам і Марыяй Рыгораўнай Аніскевічамі, Аркадзем Пятровічам і Кацярынай Якаўлеўнай Тухто, а Аліна Яфімаўна Гвоздзева была сапраўдным аўтарытэтам літаральна для ўсіх. Выпускнікоў жа ў тыя часы было больш, чым зараз усіх вучняў – у 1981 годзе, напрыклад, сцены школы пакінула звыш васьмідзесяці дзесяцікласнікаў. Двое з таго выпуску сталі калегамі Ірыны Іосіфаўны і Васіля Пятровіча – калектыў роднай школы неўзабаве папоўнілі Мікалай Уладзіміравіч Аніскевіч і Валянціна Васільеўна Пугач.
В.П.Мычко таксама першапачаткова не думаў стаць настаўнікам замежнай мовы – больш схіляўся да фізкультуры, але такі выбар не адобрылі бацькі. Між тым, хлопца заўсёды цягнула на спартыўныя пляцоўкі, чаму спрыялі выдатныя фізічныя даныя і здольнасці да гульнявых відаў спорту. У настольны тэніс у Вялікіх Дольцах гуляюць, напэўна, амаль усе, але мала каму вядома, што падчас студэнцтва Васіль Пятровіч адстойваў спартыўны гонар інстытута ў складзе зборнай каманды па баскетболе. Трапіўшы на Ушаччыну, дзе гэты від спорту не быў масавым, з лёгкасцю перакваліфікаваўся ў валейбаліста.
– На спаборніцтвы ездзілі на “Запарожцы” Аляксандра Крыштопенкі, яшчэ аднаго заўзятага аматара валейболу, – прыгадвае частыя спартыўныя “адлучкі” мужа Ірына Іосіфаўна. – Як толькі змяшчалася там па шэсць-сем зусім не маленькіх мужчын! І турызмам захапляўся, толькі гадоў да пяцідзесяці “ўгаманіўся”!
Пашчасціла не толькі вучыцца ў абодвух настаўнікаў, але і некаторы час папрацаваць побач з гэтымі цудоўнымі людзьмі, за плячыма якіх вялікі педагагічны шлях. Васіль Пятровіч пачынаў яго яшчэ за год да майго нараджэння – у 1978 годзе, праз два гады маладым спецыялістам пераступіла парог школы Ірына Іосіфаўна. Зараз гэта сапраўдныя прафесіяналы, настаўнікі вышэйшай катэгорыі, якім ва ўстановах адукацыі давераны пасады завучаў. У Ірыны Іосіфаўны вопыт адміністрацыйнай працы багаты, бо на працягу многіх гадоў была дырэктарам Вялікадолецкай школы. А вось Васіль Пятровіч намеснікам дырэктара Касарской школы па асноўнай дзейнасці прызначаны нядаўна.
– Мабыць мне многія гады зайздросціў, раз згадзіўся на такую пасаду, – жартуе Ірына Іосіфаўна. – А калі сур’ёзна, я ніколі не імкнулася да адміністрацыйнай работы, нам з мужам намнога болей па душы весці ўрокі. Але ў адной школе цяжка даць нагрузку двум спецыялістам аднолькавага профілю.
Настаўнікі сцвярджаюць, што іх прафесія творчая, параўноўваюць сябе з артыстамі, а вучняў – з гледачамі, удзячнымі і разам з тым патрабавальнымі. Галоўным прынцыпам у рабоце лічаць справядлівасць, бо дзеці на ўзроўні пачуццяў яе востра адчуваюць. Затое даруюць і рэзкія словы, і любое пакаранне, калі гэта было за справу.
Вядомы ўсім дарослым пункт з асабістай справы пра валоданне замежнай мовай “Чытаю і перакладаю са слоўнікам” Ірына Іосіфаўна і Васіль Пятровіч лічаць нонсэнсам – каму гэта патрэбна? Таму ў сваёй дзейнасці стараюцца дасягнуць таго, каб мова для вучняў станавілася сродкам зносін, і заўсёды прытрымліваліся такіх поглядаў. У мінулым годзе вучні Вялікадолецкай школы Яна Зянюк, Руслан Крыштопенка і Ларыса Правада сталі пераможцамі раённага этапу фестывалю міжкультурных камунікацый і занялі ганаровае трэцяе месца ў вобласці ў намінацыі “Я – гід” па тэме “О, спорт, ты – мір!”, дзе расказвалі аб спартыўных дасягненнях краіны. Зразумела, што рабілі яны гэта на нямецкай мове.
Цікаўнасць да яе ў Васіля Пятровіча і Ірыны Іосіфаўны з гадамі толькі ўзрастае. Калі былі маладымі, на ўсё не хапала часу. У цяжкія дзевяностыя, як і большасць вяскоўцаў трымалі падсобную гаспадарку. Маладыя педагогі цяпер такога не могуць нават уявіць, а на той момант затрымкамі зарплаты на месяц было нікога не здзівіць. Зараз для павышэння самаадукацыі яны чытаюць кнігі на нямецкай мове, стараюцца больш практыкаваць. У апошні час цудоўная магчымасць для гэтага з’явілася падчас паездак да дачкі, якая пасля заканчэння “альма матэр” бацькоў жыве ў Аўстрыі.
Многа таленавітых дзяцей могуць прыгадаць вопытныя настаўнікі за гады працы. Гордасць Ірыны Іосіфаўны – Кацярына Лапіцкая, якая заваёўвала дыпломы абласных алімпіяд, скончыла Беларускі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і зараз працуе там выкладчыкам. Паспяхова здала цэнтралізаванае тэсціравання па нямецкай мове і паступіла на факультэт міжнародных адносін БДУ Алена Крыштопенка. Выдзяляліся здольнасцямі і стараннем Таццяна Пахолак (зараз дырэктар Вяркудскай школы), студэнтка Акадэміі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Маша Машчонак, больш 80 працэнтаў на тэсціраванні паказвала Кацярына Тухто. І спіс таленавітых дзяцей і не менш таленавітых педагогаў можна працягваць.
Яны даўно сталі сваімі як у раёне, так і ў прафесіі. Сямейны тандэм уголас сцвярджае: яна – назаўсёды: “Ты і дома настаўнік, і на вуліцы, і само сабой у школе!” Таму і лічаць Васіль Пятровіч з Ірынай Іосіфаўнай, што сацыяльнаму статусу вясковага інтэлігента педагог павінен адпавядаць пастаянна і ў розных абставінах. Гэта ў нейкай ступені і стрымліваючы момант, бо іх заўсёды ставяць у прыклад, асабліва на сяле. З цягам часу рабіць гэта становіцца вельмі проста, бо прафесія становіцца стылем жыцця. Іх гісторыя – яскравы таму доказ.
Дзмітрый Раманоўскі.
Дзмiтрый, няма такой навучальнай установы як «Беларускі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт». Ёсць МIНСКI дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт
«Сейчас как Амстердам по Копенгагену, так и Душанбе из тебя вон!», «Забодай тебя комар», «Да чтоб ты!…был здоров» (когда чихаешь), «Айне кляйне поросенок через поле лауфен ши» — эти и другие выражения Василия Петровича я использую уже почти 20 лет 🙂