Президент Беларуси принял участие в 70-й сесии Генеральной асамблеи ООН

Общество

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26-29 верасня знаходзіўся з рабочым візітам у Злучаных Штатах Амерыкі (г.Нью-Ёрк). Прэзідэнт прыняў удзел у мерапрыемствах саміту ААН па ўстойлівым развіцці, па выніках якога прыняты міжнародны парадак дня ў галіне развіцця на перыяд пасля 2015 года. Новы парадак дня ААН у галіне развіцця прадугледжвае дасягненне 17 мэт устойлівага развіцця – глабальных арыенціраў, а таксама 169 задач, якія выяўлены ў канкрэтных колькасных параметрах. Аляксандр Лукашэнка выступіў на пленарным пасяджэнні саміту з выкладаннем нацыянальнай пазіцыі Беларусі ў гэтай сферы, у агульнай дыскусіі на юбілейнай, 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН. Кіраўнік беларускай дзяржавы прадставіў падыходы Беларусі да вырашэння найбольш актуальных і вострых міжнародных праблем сучаснасці.

Аляксандр Лукашэнка ў будынку Генеральнай асамблеі ААН падпісаў Канвенцыю аб правах інвалідаў, а таксама правёў шэраг двухбаковых сустрэч з лідарамі іншых дзяржаў, кіраўніцтвам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, устойлівае развіццё любой краіны немагчыма без міру і бяспекі. “Гэту бясспрэчную ісціну беларускі народ спаўна пазнаў на сваім лёсе. У мінулым стагоддзі Беларусь стала месцам самых кровапралітных бітваў дзвюх сусветных войнаў”, – нагадаў Прэзідэнт.

“Страціўшы ў вайне з фашызмам трэць насельніцтва, Беларусь адрадзілася з попелу і свята шануе мір і згоду ў грамадстве, імкнецца забяспечыць дабрабыт народа і стабільнае развіццё дзяржавы”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што за гады суверэннага існавання Беларусь з гонарам выканала тыя мэты тысячагоддзя, якія звязаны з ліквідацыяй голаду і беднасці, з дасягненнем стапрацэнтнай пісьменнасці насельніцтва, роўнасці мужчын і жанчын, сацыяльна-палітычнай стабільнасці, з недапушчэннем дыскрымінацыі па нацыянальных і рэлігійных прыкметах.

“У нас няма мацярынскай смяротнасці, дзіцячая смяротнасць – самая нізкая ў свеце. Менавіта гэта і ёсць дэмакратыя, а не тое, што спрабуюць насадзіць нам нашы заходнія настаўнікі”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“Планету ўскалыхваюць шматлікія ўзброеныя канфлікты, тэрарыстычныя акты. Сумна тое, што рост глабальных пагроз не знаходзіць адэкватнага адказу”, – сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што да гэтага часу не ўдалося аднавіць той баланс сіл, які быў страчаны з распадам Савецкага Саюза.”Палітыка гегеманізму і нацыянальнага эгаізму прыводзіць да шырокага выкарыстання націску, санкцый, абмежаванняў і ваенных акцый. “Як вынік – мы страчваем давер адзін да аднаго”, – падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

“Неабходна на справе прызнаць, што мы ўсе розныя і што кожны народ, кожная краіна мае права на выбар свайго шляху развіцця. Менавіта ў нашай разнастайнасці – залог агульнага прагрэсу і поспеху кожнага, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Такі падыход дасць магчымасць аднавіць давер у нашым міжнародным жыцці”.

“Знаходзячыся ў ААН, не магу не закрануць крызіс міжнародных структур, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – У цэлым узнікае адчуванне, што іх роля апошнім часам зводзіцца да таго, каб быць месцам спрэчак паміж дзяржавамі, а часта і сродкам націску на асобныя краіны, якія нечым не дагадзілі ўладным людзям”.

“Глыбока перакананы, што ААН не павінна выкарыстоўвацца для дэманстрацыі чыёй-небудзь сілы. Гэта аслабляе Арганізацыю і разбурае давер да яе, супярэчыць самой яе прыродзе і прызначэнню”, – падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Прэзідэнт Беларусі прапанаваў успомніць нядаўнія факты. “Пад выглядам наяўнасці хімічнай зброі ў Іраку вядомыя дзяржавы вырашылі дэмакратызаваць Ірак. І дзе гэта хімічная зброя? Дзе дэмакратыя ў Іраку? Навошта забілі прэзідэнта Ірака? Дзе наогул гэта краіна і якая будучыня ў іракскага народа? На тэрыторыі гэтай дзяржавы людзям стала жыць лепш? Не”, – сказаў беларускі лідар.

“Вы – вінаватыя – скажаце, што памыліліся, трэба спыніцца б, але зноў жа – не, пайшлі далей. Пачалі з Туніса і скончылі Лівіяй. Сцэнарый той жа. Распялі прэзідэнта Кадафі, знішчыўшы дзяржаву. У Лівіі стала лепш? Не. І дзе гэта Лівія наогул як цэласная дзяржава?” – адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

“Спадары, можа хопіць? Не, ірванулі ў Сірыю. Паўстае пытанне, навошта? Навошта забіваеце людзей, навошта звяргаеце дзеючага прэзідэнта, чым ён вам не дагадзіў? Больш таго, бойняй у гэтай краіне вы сціраеце першыя сляды нашай з вамі цывілізацыі”, – сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

“Скажыце сусветнай супольнасці, чаго вы хочаце і да чаго вы імкняцеся, якраз з гэтай трыбуны Генеральнай асамблеі ААН”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка згадаў пра ўкраінскі крызіс. “Калі не спынім кровапраліцце ў Еўропе, братазабойчую бойню, дапусцім эскалацыю гэтага канфлікту, “горача” будзе ўсяму цывілізаванаму свету. Прабачце мне, зробім яшчэ адзін крок да глабальнага канфлікту, а магчыма, да новай сусветнай вайны, ужо ў цэнтры цывілізаванага свету”, – сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы ў агульнай дыскусіі 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН, са шкадаваннем канстатаваў, што свет не стаў больш стабільным, прадказальным і камфортным для большасці жыхароў планеты, нягледзячы на вялікую работу і каласальныя намаганні па рэалізацыі маштабных планаў ААН.

“У фокусе падагульняючага дакумента пяць стратэгічных напрамкаў, якія маюць жыццёва важнае значэнне: людзі, планета, працвітанне, мір і партнёрства. Яны нарадзіліся не на пустым месцы, а сталі лагічным працягам намаганняў па рэалізацыі мэт развіцця тысячагоддзя”, – заўважыў беларускі лідар.

Лукашэнка прапануе ажыццявіць ідэю інтэграцыі інтэграцый у сусветнай эканоміцы для процістаяння глабальным пагрозам. “Трэба ўсвядоміць адказнасць перад будучыняй, думаць аб тым, што мы пакінем пасля сябе. Нельга забываць, што крайняя беднасць у асобных рэгіёнах планеты, сацыяльнае расслаенне ўнутры грамадства і дыспрапорцыі паміж дзяржавамі, адсутнасць перспектыў, перш за ўсё ў моладзі, – гэта пажыўнае асяроддзе для міжнароднага тэрарызму і арганізаванай злачыннасці”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка заклікаў сусветных лідараў пакончыць з войнамі і канфліктамі на планеце.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *