Молочные реки в «кислых» берегах.Из-за недобросовестных сдатчиков молока предприниматели зачастую терпят убытки

Личное подсобное хозяйство

Закуп малака ў насельніцтва можа быць прыбытковым бізнесам, прычым і для грамадзян, якія трымаюць кароў, і для прадпрымальнікаў, што ўзяліся за гэту справу. Яе смела можна назваць сацыяльна арыентаванай, бо грошы за здачу лішкаў прадукцыі дазваляюць вяскоўцам папоўніць свой бюджэт, а для некаторых гэта з’яўляецца асноўным спосабам заробку. Між тым прадпрымальнікі ў сваёй працы адчуваюць шмат аб’ектыўных цяжкасцей у выглядзе не вельмі добрых дарог, вялікіх адлегласцей, недахопу здатчыкаў і малых аб’ёмаў – не кожны дзень даходы перавышаюць расходы. Для С.П.Палякова, які ўжо некалькі год збірае малако ў грамадзян, тым больш крыўдна несці страты з-за няўдзячных і неахайных гаспадароў.

На пачатку мінулага тыдня малаказавод двойчы забракоўваў партыі малака, якое работнікі Сяргея Пятровіча збіраюць у населеных пунктах Жарскага, Кубліцкага і Вялікадолецкага сельсаветаў – тоны прадукцыі прыйшлося літаральна выліць у кусты. З 1 верасня ўступілі ў сілу новыя стандарты якасці, згодна якім павысіліся патрабаванні да сыравіны, якая паступае на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Малако павінна быць ахалоджаным да 6 градусаў, кіслотнасць не павінна перавышаць 16-18 градусаў Тэрнера, а тлустасць павінна быць не ніжэй 2,8. Таму і адпраўляецца С.П.Палякоў у рэйс разам са зборшчыкамі малака, каб не толькі кантраляваць якасць, але і тлумачыць здатчыкам новыя патрабаванні. Услед за аўтамабілем з бочкай разам з галоўным спецыялістам райсельгасхарча Людмілай Міхайлаўнай Міхаль накіраваліся і мы.

Яшчэ з цёмным зборшчыкі зрабілі першы прыпынак у Рыбаках, дзе давялося ўбачыць “ноу-хау”, якое варта нашай рубрыкі “Карысная знаходка” – у звычайных пластыкавых бутэльках Ганна Лемеш замарожвае ваду, а потым апускае іх у ёмістасці з ахалоджаным папярэдне малаком, такім чынам не даючы яму награвацца пасля таго, як вымае з халадзільніка! Менавіта з-за неадпаведнасці тэмпературы засталіся на стале вёдры некаторых селішчанскіх здатчыкаў – ніяк не могуць людзі прывыкнуць да таго, што ранішні сырадой, як было раней, цяпер не прымаецца. Узніклі сумненні і наконт якасці асобнай прадукцыі. Некалькі проб узяла Л.М.Міхаль, і трэба сказаць, што па адной з іх сумненні пацвердзіліся – аналіз, праведзены ў лабараторыі комплексу Завячэлле, паказаў нізкую тлустасць у прадукцыі з гаспадаркі Н.Пранік, а ў астатніх малаказдатчыкаў з Селішча яна адпавядала патрабаванням. Цікава, што адна гаспадыня на заўвагу аб тым, што “малако ваша не вельмі тлустае”, прастадушна адказала: “Не можа быць, нават смятану сёння не збірала!”. Падкрэслю яшчэ раз, гэта раней плацілі за малако пры тлустасці як 3,6, так і 2 працэнты, зараз калі яно ніжэй 2,8 – не будзе прымацца наогул.

Малако высокай якасці з прычыны неадпаведнасці тэмпературы засталося ў двары А.Масальскай. Прычым гэта яўна быў не сырадой, але малако ўсё роўна было не належным чынам ахалоджана. “Стаяла ў халадзільніку” – даказвала зборшчыкам маці гаспадыні. У чарговы раз тлумачыць Сяргей Пятровіч, цярпенню якога можна толькі пазайздросціць, што гэта не азначае аўтаматычную адпаведнасць патрабаванням. Але неўзабаве спрэчку спыніла сама дачка, якая ў гэты момант скончыла ранішнюю дойку: “Дык халадзільнік жа размарожваўся…” У выніку вядро малака зборшчыкі пакінулі гаспадарам на “дапрацоўку”, паабяцаўшы забраць праз дзень, калі яно астыне да патрэбнай тэмпературы.

У Мажуйках зборшчыкі хутка апаражнілі ёмістасці Г.Мялешкі і У.Жаваранка. А вось у П.Прашковіча, яны былі цёплыя нават на дотык, без тэрмометра. Зрэшты, трагедыі з гэтага Пётр Парфёнавіч рабіць не стаў: “Магчыма і праўда халадзільнік не адрэгуляваны, не марозіць да патрэбнай тэмпературы!”. С.П.Палякоў зазначае, што далёка не ўсе жыхары з такім разуменнем ставяцца да фактаў, калі малаказборшчыкі па якіх-небудзь прычынах адмаўляюцца браць малако:

– У аднаго гаспадара ў здаваемым аб’ёме выявілі каля 40 працэнтаў вады, за дзесяцідзёнку знялі аплату. Тэлефануе мне: “Я не адказваюся, былі факты, дык вы за ваду вылічыце, а за малако грошы аддайце!” Бывае, тлумачу людзям, здаецца, пагаджаюцца, а потым чуеш: “Ну дык ці возьмеце?” – хоць плач!

Вопытныя зборшчыкі Аляксандр Броўка і Віктар Дайлідзёнак папярэджваюць грамадзян аб новых патрабаваннях да якасці кожны дзень, а за гады працы вызначаць яе навучыліся амаль беспамылкова па смаку, выглядзе і паху малака, хаця некаторыя гаспадары ідуць на хітрыкі – ліюць паўвядра кіславатага малака, а зверху заліваюць нармальным. Спецыфічнага паху пры гэтым не адчуваецца, але ведаючы аб тым, што малако можна сапсаваць, прыёмшчыкі яго ў агульную бочку адразу не ліюць – ёсць свой спецыяльны посуд. У Старынцы значная колькасць такой “прадукцыі” з гаспадаркі Г.Ланцунцэвіч засталася на стале. Аналіз паказаў 27 градусаў Тэрнера – гэтым кіславатым малаком можна было сапсаваць усё астатняе!

Яго сумленна здаюць жыхары Кубліч Н. Акуліч, Т.Кальчэўская, К.Гатаўская, Л.Гарнак. З ра­зуменнем адказнасці за агульны вынік ставяцца да гэтай справы Г.Жаваранак і А.Анэцька з Кляпцоў, А.Падгол са Скачых, рэдка ўзнікаюць пытанні да жыхара Забалацця Л.Скачыхі. А вось малако М.Лапіцкага ў Старынцы зборшчыкі працадзілі, хаця маглі і не забіраць наогул, але па магчымасці яны заўсёды ідуць насустрач гаспадарам. У Ільюшыне ўсім патрабаванням адпавядала малако І.Бондаравай, а І.Цвяцінскай яго пакінулі для ахалоджвання.

– Раней я лічыла, што сыравіна прыватнікаў супраць прадукцыі малочнатаварных фермаў вызначаецца якасцю, – кажа Л.М.Міхаль. – Але за гады працы ўпэўнілася, што з-за асобных несумленных гаспадароў гэта не так.

Акрамя таго, у пагоні за колькасцю ( а менавіта ад яе і ад тлустасці залежыць аплата) некаторыя гаспадары могуць і некалькі літраў вадзіцы падкінуць у надой. Робіцца аналіз малака здатчыкаў па асноўных параметрах раз у дзесяць дзён. А “грахі”, як правіла, вылазяць на паверхню ў лабараторыі завода, правяраецца кожная партыя. Таму павінна быць агульная заклапочанасць вынікам усіх без выключэння гаспадароў, бо як лыжка дзёгцю псуе бочку мёду, так і некалькі літраў кіслага, або малака з антыбіётыкам псуюць тоны прадукцыі, марнуючы карпатлівую працу сумленных гаспадароў.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *