Декрет №5: больше полномочий руководства для пользы предприятия

Закон - один для всех

У снежні мінулага года падпісаны дэкрэт Прэзідэнта №5 “Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый”. Гэты дакумент значна пашырае магчымасці кіраўніка для стымулявання работнікаў і развіцця прадпрыемства, але і накладае больш адказнасці. Пра новаўвядзенні Дэкрэта і яго пасаванні з іншымі законамі ў сферы працоўных адносін – наша гутарка з намеснікам пракурора Ушацкага раёна В.Э.БАНЕЎСКІМ.

Віталь Эдуардавіч, чым дэкрэт нумар 5 адрозніваецца ад Дэкрэта №1, які таксама нацэлены на ўзмацненне працоўнай дысцыпліны?

– Перш за ўсё тым, што накіраваны на пашырэнне паўнамоцтваў кіраўніцтва для карысці (развіцця) прадпрыемства. Ён больш гібкі, прыстасаваны для рэальных умоў, з больш сціслымі тэрмінамі для выканання, якія так патрэбны на вытворчасці. У гэтым дакуменце канкрэтна прапісаны меры як заахвочвання работнікаў, так і пакарання. І адрозненні адчувальныя.

Давайце і спынімся на самых істотных.

– Напрыклад, кіраўнік мае права ўнесці змены па істотных умовах працы (аплата працы, рэжым працоўнага часу, змены гарантый) і папярэдзіць аб гэтым работніка за 7 дзён, калі раней Працоўны кодэкс абавязваў рабіць гэта не пазней чым за месяц. Раней наогул не было такога віду самастойнага дысцыплінарнага пакарання, як пазбаўленне поўнасцю або часткова выплат стымулюючага характару (прэміі, павышэнне тарыфнай стаўкі да 50 працэнтаў). Пазбавіць прэміі за парушэнне працоўнай дысцыпліны зараз можна не толькі за канкрэтны месяц, калі адбылася правіннасць, а нават тэрмінам да 12 месяцаў. Раней па распараджэнні кіраўніка (без накіравання справы ў суд) за нанесены прадпрыемству ўрон з работніка спаганялася сума не болей сярэднямесячнага заробку – зараз – да трох. Паўнамоцтвы пашырыліся значна, галоўнае, каб за адно парушэнне прымалася нейкае адно дысцыплінарнае спагнанне, а не некалькі адразу. Падобны факт меў месца ў ААТ “Ільюшынскі”, дзе работніку і вымову аб’явілі, і прэміі пазбавілі на паўгода. Маглі ці тое, ці другое. Пры гэтым магло мець месца і пазбаўленне прэміі гэтага работніка за той месяц, у якім здзейснены дысцыплінарны праступак, калі гэта прадугледжана палажэннем аб прэміраванні.

На працягу гэтых паўгода да пакаранага работніка можа прымяняцца дысцыплінарная адказнасць?

– Канечне, калі ён праз дзень, тыдзень ці месяц зноў парушыць дысцыпліну, то на новае выносіцца новае спагнанне. Аднак з падобным работнікам лепш развітацца, не чакаючы пятага­дзясятага праступка, тым больш што кіраўніку дадзена права звальнення і за адно грубае парушэнне дысцыпліны.

– Пад парушэннямі працоўнай дысцыпліны мы часцей за ўсё разумеем прагулы, з’яўленне на рабоце ў нецвярозым выглядзе, а больш часта сустракаюцца парушэнні тэхналогіі, якія таксама наносяць значны ўрон.

– Дзеянне Дэкрэта №5 распаўсюджваецца на любыя парушэнні дысцыпліны: вытворча­тэхналагічнай, выканаўчай, працоўнай. Больш таго, у дэкрэце прапісана, што такое вытворча­тэхналагічная дысцыпліна. Незахаванне тэхналагічных рэгламентаў – гэта невыкананне сваіх непасрэдных абавязкаў, а гэта значыць такое ж парушэнне, як і прагул ці спазненне на работу.

Вы ўжо закраналі тэму кампенсацыі нанесенага ўрону, калі на чалавека было вынесена пакаранне, напрыклад вымова, пазбаўленне прэміі, ці будзе ён у такім выпадку выплачваць суму нанесенага ўрону, або гэта двайное пакаранне?

– Гэта розныя рэчы. Парушыў – атрымаў пакаранне, а вось спагнанне нанесенага ўрону – права кіраўніка. Толькі калі сума не перавышае трох сярэднямесячных заробкаў работніка – то гэта робіцца распараджэннем кіраўніка, а калі болей – справа перадаецца ў суд. Больш таго, гэта з’яўляецца грубым парушэннем дысцыпліны і дае права наймальніку скасаваць кантракт (звольніць) работніка.

Мы прыводзілі прыклады толькі пакарання. А заахвочвання?

– Кіраўнік можа прэміраваць работніка, у якога не было парушэнняў і спагнанняў, за добрую працу на любую суму, галоўнае, робіцца гэта з прыбытку прадпрыемства.

Можа падацца, што Дэкрэт дае бязмерныя правы наймальніку і супярэчыць Працоўнаму кодэксу.

– Не, па­першае, любую вымову ці іншае пакаранне трэба абгрунтаваць на падставе Працоўнага кодэксу – артыкулы дэкрэта спасылаюцца менавіта на кодэкс. Па­другое, Дэкрэт №5 патрабуе у першаю чаргу з кіраўніка захавання на даручаным яму прадпрыемстве тэхналагічнай, выканаўчай і працоўнай дысцыпліны і належных умоў працы. Паўнамоцтвы наймальніка хоць і пашыраны, аднак яны прымушаюць яго змагацца з разгільдзяйствам, імгненна рэагаваць на нанесены ўрон, прымаць меры да парушальнікаў дысцыпліны. Дарэчы, утойванне – падмена падставы для звальнення (часта ў нас бывае, калі кіраўнік па дабрыні душэўнай адпускае нядбайнага работніка “па ўласным жаданні”) з’яўляецца грубым парушэннем з боку наймальніка, якое абавязкова заканчваецца дысцыплінарным спагнаннем (артыкул 47 Працоўнага кодэкса) нават да звальнення. Так што дэкрэт №5 – гэта не вольніца, а настольная кніга кіраўніка.

Гутарыла В.КАРАЛЕНКА.  т



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *