В приюте г.п.Ушачи принимали подарки от представителя благотворительного фонда из американского штата

Наши дети

Не раз даводзілася бываць у гарпасялковым дзіцячым сацыяльным прытулку пры правядзенні дабрачынных акцый, калі госці з розных арганізацый і ўстаноў наведваюць яго выхаванцаў, цікавяцца іх жыццём, разам разбіраюць падарункі. Вось і прадстаўнік дабрачыннага фонду з амерыканскага штата Масачусэтс Даг Брэндл літаральна праз некалькі хвілін сабраў ля сябе ўсіх выхаванцаў установы, якіх прыцягваў нібы магніт. Тое, што грамадзянін ЗША не валодае нашай мовай, зусім не праблема – чалавек з чулым сэрцам наладзіў кантакт з дзецьмі розных узростаў на мове дабрыні.

Падарункі, якія Д.Брэндл прывёз ва Ушачы ў аўторак, сталі толькі невялікім дапаўненнем да той высакароднай справы, якой яны ра­зам з жонкай Крысцінай займаюцца на працягу ўжо некалькіх гадоў. Упершыню дзверы прытулку яны расчынілі разам з Людмілай Пятроўна Казавой. Ураджэнка нашага раёна з’яўляецца старшынёй грамадскага рэспубліканскага аб’яднання “Водгук”, якое займаецца дабрачыннасцю, у тым ліку і з дапамогай іншаземных аднадумцаў.

– Дзякуючы дапамозе гэтых неабыякавых людзей у нас з’явіўся новы сучасны тэлевізар, партатыўны камп’ютар, – расказвае дырэктар установы Алена Іванаўна Клімашэўская. – Таксама за сродкі мецэнатаў набыты гідрамасажор для ног, вопратка, у прыватнасці, спартыўныя касцюмы і іншыя элементы адзення для заняткаў фізкультурай. Зрэшты, яны ніколі не прыязджаюць да нас з пустымі рукамі.

У падарунках, якія Даг і Людміла Пятроўна прывезлі на гэты раз, кожны з дзевяці дзяцей адшукалі для сябе многа карысных і цікавых рэчаў. Акрамя самых розных цацак, гэта гігіенічныя сродкі, адзенне, алоўкі, фламастары і нават губны гармонік! А калі адзін з хлапчукоў, надзеўшы модныя сонечныя акуляры, паспрабаваў на ім зайграць, то прывёў Д.Брэндла ў захапленне: “О, Стыві Уандэр!”

Наўрад ці хто з гэтых дзяцей ведае славутага музыканта, але станоўчыя эмоцыі гасцей міжволі запальвалі ўсмешкі і на тварах выхаванцаў прытулку. Трапіўшы ў нармальныя ўмовы сацыяльнай установы, яны не адрозніваюцца ад сваіх равеснікаў, якія выхоўваюцца ў сем’ях, ні талантам, ні здольнасцямі. Хіба што адсутнасцю належнай бацькоўскай увагі і сур’ёзнасцю не па гадах. У гэтым можна было пераканацца, паглядзеўшы хаця б выставу малюнкаў – некаторыя з іх вельмі ўразілі гасцей.

Пакуль Д.Брэндл гуляў з дзецьмі, Л.П.Казавая цікавілася ў А.І.Клімашэўскай і намесніка старшыні райвыканкама Наталлі Мікалаеўны Марковіч станам спраў, у чым установа мае першачарговую патрэбу. Ды­рэктар не адразу і адважылася выказаць сваю просьбу аб дапамозе ў набыцці новых шафаў для раздзявалкі – кошт немалы, таму ўдвая была рада, калі гэта задума найшла станоўчы водгук. У той жа дзень індывідуальны прадпрымальнік В.Шчарбакоў ужо здымаў меркі будучай гардэробнай, выраб якой аплацяць сябры прытулку. Больш таго, Валянцін Аляксеевіч таксама захацеў паўдзельнічаць у дабрачыннасці і за ўласны кошт адрамантуе некаторую іншую мэблю. Як казаў класік, “Яго прыклад – іншым навука”.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *