На мінулым тыдні старшыня райвыканкама правёў нарадувучобу са спецыялістамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. А напярэдадні Віктар Віктаравіч Родзіч зазірнуў на фермы і малочнатаварныя комплексы некаторых сельгаспрадпрыемстваў. Было гэта ў нядзелю 13 верасня, ну а 12, згодна графіка пастаноўкі жывёлы на стойлавае ўтрыманне, літаральна ўсе статкі павінны былі заняць свае месцы ў падрыхтаваных памяшканнях і сталавацца па павышаным рацыёне. Убачанае і стала падставай пазачарговага склікання спецыялістаў гаспадарак, загадчыкаў ферм і лабарантаў. Ну а ў якасці нагляднага “дапаможніка” на гэты раз служылі фотаздымкі з комплексу КУСГП “Арэхаўна”.
А “Гаспадар” спазняўся
Старыя вытворчыя памяшканні без акон і дзвярэй, з выбаінамі, аброслыя пустазеллем. Перарослая трава – абавязковы антураж любога аб’екта комплексу “Слабада” – ад сянажных ям да ўнутраных дворыкаў. Між іншым, менавіта там яна – у рост чалавека, сведчанне, што не ступала нага. У малочнай – вада ледзь не па ўсёй бетоннай падлозе. У кароўніках усё пабелена, аб чым яскрава пераконвалі не толькі сцены, аднак такія ж бялюткія малакаправод і аконнае шкло. Жывёла пераехала на той час толькі ў адно памяшканне, аднак спазніўся “Гаспадар” – кормараздатчык адрамантаваць не паспелі. Таму замест раскладвання корму непасрэдна на кармавы стол, ён быў раскіданы практычна па ўсім праходзе, а кароўкі перабіралі сянаж, які па выглядзе і колеры нічым не адрозніваўся ад гною, ды і быў перамешаны з ім. Астатнія кароўнікі яшчэ і не чакалі пастаяльцаў – ці то будаўнічае смецце, ці выбітае шкло, ці яшчэ горш – горы гною, які ўжо і трактарам далей не ссунеш. Гэта, дарэчы, адзіная праблема, якую не зрушыць сіламі даярак і даглядчыкаў – неабходна тэхніка, а ўсё астатняе…
Каб нядзеля не стала чацвяргом
У гэты дзень на комплексе ў Слабадзе было аб’яўлена “надзвычайнае становішча” – на ногі падняты ўсе жывёлаводы, якіх толькі можна было падняць. Адмывалі малакаправод і шкло, абкошвалі тэрыторыю. Праўда, рабілі гэта, не скрываючы абурэння, маўляў – гэта не мой участак, больш 8 гадзін сёння ніхто не паставіць, а на нагах з чатырох, а больш за ўсё “праходзіліся” па тых калегах, якім не атрымалася ўстроіць суботнік. Між тым, для таго каб памыць малакаправод ці вокны, сапраўды, не абавязкова было ахвяраваць нядзельным днём. Былі і панядзелак, і серада, і чацвер, дарэчы, санітарны дзень, падчас якога і праводзіцца больш грунтоўная ўборка вытворчых памяшканняў. А таксама ёсць пятніцы – Дні жывёлаводаў, цудоўная магчымасць сабрацца разам: кіраўніку, эканамісту, загадчыку, лабаранту, даглядчыкам і даяркам – і гледзячы адзін аднаму ў вочы, адказаць, хто вінаваты ў тым, што каровы засталіся галодныя? Што ў Лепель было адпраўлена бруднае малако? На каго лягуць выдаткі, а ў такіх выпадках спаганяецца не толькі кошт непрададзенага (сапсаванага малака), але і транспартныя расходы – 384 тысячы ў адзін бок. І канечне, хто вінаваты ў зарплаце да мільёна рублёў і што патрэбна, каб яна была хаця б тры.
Былі б надоі ды экстра
А патрэбна адзінае – прадукцыя, якая складаецца ў жывёлагадоўлі з вельмі многіх дробных фактараў. Так, даярка ў гэтай счэпцы зацікаўленых апошняя, хоць далёка не заўсёды вінавата ў браку. Ёсць сумленныя даяркі ў Слабадзе. І не павінны яны атрымліваць нараўне з гультаямі і прагульшчыкамі. Менавіта ўраўнілаўка адбівае ахвоту працаваць і ў тых, хто можа гэта рабіць. І збірацца арэхаўскім жывёлаводам неабходна абавязкова, бо ёсць што абмяркоўваць. З верасня больш жорсткімі сталі патрабаванні па якасці малака (другога гатунку проста няма), а вяртанне яго ўжо было. Яшчэ ніводнай тоны ў гэтым месяцы не прададзена экстрай. Нават у параўнанні з мінулым годам скарацілася колькасць гэтага гатунку, хоць і ўсяго то 24 працэнты, калі ў “Вялікадолецкім” 92. Назіраецца тэндэнцыя да павелічэння першага і другога гатунку, і толькі па гэтай прычыне гаспадарка страціла 91,6 мільёна рублёў. Яшчэ сто дадатковых мільёнаў атрымалі б, калі б павялічылі надой усяго на 2,6 літра – да 10, што таксама не з’яўляецца рэкордам. А гэта больш паловы месячнага фонду аплаты гаспадаркі – 338 мільёнаў.
Абавязак ці павіннасць
Слабадскі “нядзельнік” – відавочны прыклад таго, як выконваюцца на месцах тэхналагічныя патрабаванні. Прычым, парадак – гэта дробязь у параўнанні з парушэннямі ў кармленні, даенні, атрыманні прыплоду ці аднаўленні статка. Толькі з такіх дробязяў і складаецца канчатковы вынік – малако ці яго адсутнасць.
Трымаю ў руках асноўныя вытворчаэканамічныя параметры КУСГП “Арэхаўна” з 2010 па 2015 гады. Колькасць кароў з 692 зменшылася да 460. Надой на карову: 2505 літраў у 2010м, 2494 – у 2011м, 2742 – у 2012, 1768 – 2013, 1921 – у мінулым. Вытворчасць скарачалася, а зарплата расла: ад 620 да 2320 тысяч летась. Малая – так. Аднак самае крыўднае, што і гэта не зарплата, а “сацыяльная дапамога”, пераважна даплата да мінімалкі, незалежна ад таго, колькі ж выручкі прынёс гаспадарцы даглядчык, асемянатар, механізатар. З году ў год гаспадарка атрымлівала зарплату ў доўг. З месяца ў месяц Лепельскі малочнакансервавы камбінат запазычваў перад аграрыямі з Пастаў ці Верхнядзвінска, каб выплаціць яе ўшачанам – даўгі маюць літаральна ўсе гаспадаркі. Толькі калі КУСГП “Вялікадолецкае” сёлета закрые іх і пачне працаваць з рэальнымі даходамі за малако, то “Арэхаўну” для гэтага патрэбна 7 гадоў (!?). І калі зрухі ў скарачэнні гэтых даўгоў назіраюцца (малаказавод проста перастаў даваць у доўг), то ў сумленні – паранейшаму трывалы застой. Ніхто не жадае бачыць відавочнага – даваць зарплату проста так больш не будуць: толькі за прадукцыю, прычым за якасную.
Каму паставіць 10
Такой адзнакі, ці “пяцёркі” па ранейшых часах не атрымаў бы ні адзін з прысутных на нарадзе, нягледзячы на тое, што ветурач па адукацыі В.В.Родзіч задаваў простыя тэхналагічныя пытанні лабарантам, заатэхнікам, загадчыкам ферм. Як разводзіцца замяняльнік цэльнага малака? З якога часу пачынаецца прыкорм цяляці? У якім узросце пакрываецца цялушка? Задаваў не дзеля таго, каб пасароміць, хоць чырванець, дарэчы, было каму – падкарэкціраваць адказы практыкаў мог толькі тэарэтык – галоўны спецыяліст райсельгасхарча Т.У.Нажэева. А каб на пальцах паказаць, што цялушку можна пакрыць не ў 23 гады, як бывае ў нас, а ў 14 месяцаў, і адпаведна раней на год, а то і болей атрымаць малако і прыбытак. Толькі для гэтага трэба, каб яна набрала мінімум 250 кілаграмаў. Таму і прывагі патрэбны 700-800 грамаў, а для гэтага ў сваю чаргу і замяняльнік малака, і камбікорм, і галоўнае, збалансаванасць кармоў.
Эксперымент з зарплатай
Заўсёды лічыла, што самы лепшы стымул у рабоце – рубель. Аднак, спецыялісты райсельгасхарча пахіснулі маё перакананне.
– На жаль, большасць жывёлаводаў не стымулюе і гэта, – кажа начальнік райсельгасхарча Леанід Аляксандравіч Лісоўскі. – Вельмі вялікія праблемы былі з вытворчай дысцыплінай на комплексе “Завячэлле” “Райаграсэрвіса”, дзе задзейнічана дарагое абсталяванне. Каб зацікавіць, набраць адказных працаўнікоў, адміністрацыя пайшла на эксперымент – павялічыла расцэнкі настолькі, каб даяркі атрымлівалі і па 7 мільёнаў. Што вы думаеце – за выключэннем адзінак усё роўна запоі, прагулы. Набралі другую групу – лепш, аднак таксама з прагуламі, а дастаткова і аднаго дня, каб непадоеная пасля расцёлу карова захварэла на масціт. Аднаго літра малака ад хворай каровы дастаткова, каб была забракавана ўся партыя. А ў тым жа “Райаграсэрвісе” ў нядаўнія гады поўнае абнаўленне статку адбывалася за 23 гады. Было дзе браць цялушак – і выбракоўвалі тых, якіх самі ж і сапсавалі. Хто заплаціў за гэта? Наадварот, яшчэ і зарплату атрымлівалі.
Падобныя прыклады – у кожнай гаспадарцы, на жаль, нават такіх моцных, валаўтваральных, як “Ільюшынскі”. Апошнія праверкі на комплексе ў Ільюшыне паказалі бескантрольнасць працэсу кармлення, як і наогул захавання тэхналогіі. В.В.Родзіч не паленаваўся праверыць якасць корму для малых цялят – у кармушцы замест сенажу ляжаў гной. Такія ж няякасныя кармы раскладваліся кормараздатчыкамі. Кантрольная дойка васьмі кароў выявіла трох з мастытам. Хворая жывёла не аддзелена ад здаровай. Адсутнічала дыферэнцыраванае кармленне. Пытанне толькі адно – калі гэта бачаць правяраючыя, чаму не бачаць на месцы. А ў ААТ “Ільюшынскі” ўкамплектаваны штат – як спецыялістаў, так і даглядчыкаў, добрыя зарплаты, а выканаўчая дысцыпліна, захаванне тэхналогіі – практычна як у “Арэхаўне”, дзе і спецыялістаў па пальцах пералічыць, і зарплату не параўнаць.
Ферма – банкаўская картка
Гэту метафару трапна прымяніў Л.А.Лісоўскі на пазапланавым пасяджэнні райвыканкама, на якім разглядаўся правал “Ільюшынскага” ў жывёлагадоўлі. Не толькі жывёлаводаў, але і літаральна ўсіх працуючых у гаспадарцы работнікаў менавіта гэта галіна корміць круглы год. І пакідаць яе на водкуп даяркі ці даглядчыку, тым больш пры яўным дэфіцыце добрасумленных кадраў, проста недапушчальна.
Літаральна ўсе спецыялісты гаспадаркі, а не толькі ветурач ці заатэхнік павінны быць на ферме, навучыць, прасачыць, і ў выніку – зрабіць нормай пастаяннае захаванне тэхналогіі. Пакуль што мы гаворым толькі пра элементарную дысцыпліну. І будзем таптацца на месцы, калі ўсе гаспадаркі не ўкараняць прыклад КУСГП “Вялікадолецкае”, дзе кожны спецыяліст гаспадаркі замацаваны за фермай і кантралюе кармленне і даенне і ў выхадныя, і ў святы, і па начах. Праблем хапае і там, аднак наладжаная сістэма прынесла вынік. І яшчэ адно хацелася б параіць спецыялістам – перагартайце спецыяльную літаратуру, аднавіце веды. Паколькі сапраўды складана патрабаваць ад падначаленых тое, чаго не ведаеш сам.
Вольга КАРАЛЕНКА.