Индивидуальный предприниматель Наталья Грак открыла своё дело. Как идёт производство «Плінскіх вянкоў», в нашем материале

Экономика и малый бизнес

Калі б не суседства з Плінскай бібліятэкай, куды мы завіталі з нагоды прафесійнага свята, так мусіць і яшчэ гадамі можна было праязджаць міма старэнькага, нічым не прыкметнага будынка ў цэнтры Двор Пліна. Між тым, менавіта тут і вядзецца ўласная вытворчасць “Плінскіх вянкоў”, пра што адным радком прыгадваецца ў рэкламных аб’явах. А адкрыла сваю справу індывідуальны прадпрымальнік Наталля Міхайлаўна Грак яшчэ ў 2009 годзе. І хоць нагода ў падобным тавары, на жаль, сумная, тым не менш самая што ні ёсць жыццёвая. Справа, якая патрэбна ва ўсе часы.

Памятаеце, як Ільф і Пятроў апісвалі ў “12 стулах” быт невялікага правінцыйнага гарадка. Толькі на адной вуліцы размяшчаліся тры пахавальныя канторы, адна з якіх, “Міласці просім” развалілася яшчэ тры гады таму”.

Канкурэнцыя была ва ўсе часы, а розніца за стагоддзе тым не менш адбылася прынцыповая. Калі ў пачатку дваццатага века заснавальнікі кантор біліся за кожнага кліента, адшукваючы патэнцыяльных яшчэ на бальнічным ложку, то ў дваццаць першым гэты сегмент рынка толькі ўсталёўваецца.

Зусім нядаўна пачалі паступаць прапановы аб поўным пакеце паслуг – ад транспартных да арганізацыі трызны. Фірма ж Наталлі Грак мяркуе пайсці і далей – да ўстаноўкі помнікаў і агароджаў на могілках. Адрозненне ад многіх – таксама ўласнай вытворчасці. Якраз зараз наладжваецца абсталяванне для работы з металам, каб механізаваць ручную працу і павялічыць вытворчасць. Ды і рабіць не толькі каркасы для вянкоў, якія асвоены ўжо даўно. Дрот, кветкі, стужкі, елачкі – гэта тое, што набываецца, а ўжо зыходная прадукцыя – вянок вырабляецца ўласнымі рукамі. Ёсць і іншыя думкі аб развіцці гандлёвай маркі, да якой само прыйшло імя “Плінскія вянкі”. Яго Наталля пачула аднойчы проста ў чарзе. Другі, калі падпісвала дакументы пры адгрузцы вянкоў ушацкаму райспажыўтаварыству. Людзі так і казалі – плінскія вянкі павінны падвезці, чакаем…

Хацела творчую вытворчасць

– У 2009 годзе я трапіла пад скарачэнне на адной з мінскіх АТ-фірм, – расказвае Наталля Міхайлаўна, – і нехта прапанаваў скарыстацца субсідыяй для адкрыцця сваёй справы. Купі-прадай я адкідвала адразу, мне не цікава, хацела адкрыць менавіта вытворчасць, але творчую, дзе я б магла працаваць і сама. Неяк так і спынілася на вырабе вянкоў, таму што не патрабавала вялікіх укладанняў, ну і сапраўды творчасць. Літаральна кожную мадэль я распрацоўваю сама, а ў прайс-лісце ўжо 120 найменняў.

Зінаіда Браніславаўна Бучкіна, спрытна абмотваючы каркас елачкай, пацвярджае, што ставіцца да гэтай справы як да творчай, забываючыся на прызначэнне. Толькі першы час, пакінуўшы комплекс “Маяк”, складана было перастроіцца на абсалютна новую справу і ўбачыць рэальным намаляваны вянок, тым больш так яго “заплесці”. Зараз прызвычаілася, нават сама можа фантазіраваць з колерам. Дапамагаюць у вырабе прадукцыі і бацькі заснавальніцы. Па найме працуе тут пакуль толькі тры чалавекі, адзін гандлюе і двое на вытворчасці. У апошніх вольны графік работы – у свой зручны час, што вельмі добра для людзей, маючых уласную гаспадарку. Акрамя ўсяго іншага склаўся вельмі дружны калектыў з поўнай ступенню даверу. Зарплата пакуль невялікая – але ўсе спадзяюцца, што калі набярэ абароты і раскруціцца прадпрыемства, яна павялічыцца. Ну а “раскрутку” “Плінскіх вянкоў” вядзе непасрэдна Наталля, якая спецыяльна пайшла вучыцца ў інстытут бізнесу і менеджменту пры БДУ.

У нас больш магчымасцей

– Рэальна патрэбна вучоба чалавеку, які ўжо мае дзве вышэйшыя адукацыі, прычым беларускую і нямецкую? – пытаюся ў Наталлі Міхайлаўны і атрымліваю сцвярджальны адказ: “Адназначна. Мае ранейшыя ўніверсітэты далёкія ад вядзення сваёй справы: пасля заканчэння інстытута замежных моў магу перакладаць з нямецкай і англійскай, ну а ў Германіі вывучала тэхнічны замежны для іншаземцаў. Цяпер атрымліваю веды, патрэбныя для вядзення бізнесу, выкладае многа практыкаў, у якіх ёсць свая справа, таму адназначна сцвярджаю, што вучоба дае многае і адукацыя сапраўды годная. Наперадзе, дарэчы, бясплатная стажыроўка ў Германіі, дзе пагляджу практыку нямецкіх бізнесменаў. Так што зведаю Германію зусім з іншага боку. Яшчэ адна і самая важная прычына, чаму пайшла вучыцца – я не прымаю паняцця, маўляў, Ушачы – перыферыя, значыць сыдзе, значыць можна абыяк. Не, патрэбна так, як у Маскве, Мінску ці Берліне. Я не бачу розніцы. І мабыць таму мне цікава жыць, працаваць і развівацца.

Бізнес магчымы ў любой вёсачцы

– Чаму не засталіся жыць у Германіі, як імкнуцца многія?

– Шчыра кажучы, мяне гэтае пытанне ставіць у тупік кожны раз, калі задаюць, а робяць гэта часта, – адказвае Наташа. Я і не збіралася там жыць, як скончыла ўніверсітэт, так і вярнулася назад. Мне ў Беларусі намнога камфортней і прасцей ва ўсіх адносінах. Ну напрыклад, у працаўладкаванні. У Германіі людзі з нашых краін стаяць на 56 месцы па рэйтынгу працаўладкавання. На першым грамадзяне Германіі, на другім – Еўрасаюза і гэтак далей. І хоць наша адукацыя цэніцца і ў нас як у спецыялістах зацікаўлены, работадаўцу складана растлумачыць, чаму ён узяў беларуса, а не, напрыклад, эстонца. Таму я думаю, што я б сябе там не знайшла, проста б займалася нечым, каб існаваць. Падругое, вельмі многа значыць, што я дома, побач з роднымі людзьмі. Патрэцяе, менавіта на перыферыі прасцей кіраваць бізнесам. Калі мне па справах патрэбна ў Полацк, я спраўлюся хутчэй, чым калі я дабіраюся некуды ў Мінску, хоць і жыву практычна ў цэнтры. У мяне былі нараканні на “Ідэябанк” і я прыемна ўражана, як у табе зацікаўлены, рэальна дапамагаюць, вядуць ва ўшацкім “Беларусбанку”. Быў бы інтэрнэт, сувязь, аўтамабіль, і кіраваць сваёй справай можна з любой вёсачкі Ушаччыны. Дарэчы, у Германіі засталося вельмі мала людзей, з якімі былі разам. І што цікава, знаёмыя немцы, калі прыязджаюць да мяне, ра­зумеюць, чаму я жыву тут. Ім падабаецца і краіна, і нашы Ушачы, і Двор Пліна. А мне сапраўды камфортна. Адкрыць сваю справу, знайсці сваю нішу – можна. Праблемы ў нашых галовах. Шкада, калі людзі не разумеюць, у які ўнікальны час мы жывём. Няма немагчымага, няма бар’ераў. І хоць я зараз з-за вучобы па тыдні бываю то ва Ушачы, то ў Мінску, не шкадую, што перабралася са сталіцы на вёску, набыла дом. У групе я адна з правінцыі, і заўважыла, што я самая спакойная, ураўнаважаная.

– Вы паказваеце рэальны прыклад адраджэння вёскі.

– Не толькі мы з мужам, у мяне хапае прыкладаў, калі людзі вярнуліся з далёкага замежжа, пабудаваліся ў вёсцы на 6 дамоў, маюць сваю справу і расцяць здаровых дзяцей. Таксама пераканана, што для нармальнага развіцця дзіцяці ва ўсялякім разе да сярэдняга ўзросту ў нас ва Ушачы больш магчымасці.

Што ж, жадаем новаму плінскаму прадпрыемству хутчэйшай раскруткі. А нашай моладзі і тым, хто мяркуе распачаць сваю справу, браць прыклад з маладой рознабаковай і вельмі пазітыўнай бізнес-вуман Наталлі Грак.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *