Цэнтрвыбаркам Беларусі сёння на пасяджэнні прыняў рашэнне аб рэгістрацыі чатырох кандыдатаў у прэзідэнты, паведамляе БЕЛТА.
Удзел у выбарчай кампаніі прадаўжаюць Сяргей Гайдукевіч, Таццяна Караткевіч, Аляксандр Лукашэнка і Мікалай Улаховіч. Такое рашэнне ЦВК прыняла ў сувязі з тым, што ініцыятыўныя групы гэтых кандыдатаў змаглі сабраць больш за 100 тыс. сапраўдных подпісаў, кандыдаты прадставілі карэктныя дэкларацыі аб даходах і маёмасці (свае і паўналетніх членаў сям’і, якія жывуць разам з імі) або дэкларацыі з нязначнымі памылкамі, а іх біяграфіі адпавядаюць рэчаіснасці.
Яшчэ дваім прэтэндэнтам на вышэйшую дзяржаўную пасаду ў рэгістрацыі адмоўлена. Камплекты дакументаў для разгляду ў ЦВК раней падалі Віктар Цярэшчанка і Жанна Раманоўская. Адмова ў рэгістрацыі аргументавана тым, што пераважная большасць подпісаў, прадстаўленых у тэрытарыяльныя камісіі ініцыятыўнымі групамі Віктара Цярэшчанкі, па выніках праверак прызнаны несапраўднымі. У прыватнасці, у Брэсцкай вобласці было выяўлена нямала подпісаў з «мінскімі» серыямі пашпартоў. У некаторых выпадках названа няправільнае месца рэгістрацыі выбаршчыка. У Гомельскай вобласці былі зафіксаваны факты збору подпісаў людзей, якія не пражываюць у раёне, названым у падпісных лістах. Таксама там выяўлены фіктыўныя подпісы.
Прыклады няякаснага збору подпісаў за Цярэшчанку ёсць у Гродзенскай вобласці. Там былі і подпісы ад імя памерлых людзей. Выяўлены і такія факты, калі людзі на самай справе ніякіх подпісаў не ставілі. У некаторых выпадках былі названы даныя пашпартоў, якія не выдаваліся, гэта значыць такіх дакументаў у рэальнасці не існуе. У Магілёўскай вобласці экспертыза некаторых лістоў за вылучэнне Цярэшчанкі паказала, што яны падроблены з дапамогай каляровага лазернага друку.
У Мінску ў многіх выпадках подпісы за вылучэнне Цярэшчанкі былі забракаваны з-за таго, што даныя грамадзян, пазначаныя ў лістах, не супадалі з інфармацыйнай базай МУС. Акрамя гэтага, у сталіцы, як і ў Гродзенскай вобласці, былі здадзены і подпісы «мёртвых душ». У Мінску і па краіне за Цярэшчанку здадзены лісты, якія сведчаць, што быццам бы за адзін дзень некаторыя ўдзельнікі каманды змаглі сабраць столькі подпісаў, колькі проста тэхнічна немагчыма сабраць за суткі. І гэта далёка не поўны спіс недахопаў і парушэнняў, якія выяўлены пры праверцы падпісных лістоў, здадзеных камандай Віктара Цярэшчанкі.
Ініцыятыўныя групы Жанны Раманоўскай першапачаткова не змаглі сабраць неабходнай колькасці подпісаў. Як вынік, абодва гэтыя патэнцыяльныя кандыдаты не маглі прайсці рэгістрацыю Цэнтрвыбаркама і прыняць удзел у наступным этапе прэзідэнцкай кампаніі — перадвыбарнай агітацыі.
Таксама ЦВК зацвердзіла сёння форму і колькасць бюлетэняў для галасавання. Тэкст бюлетэняў будзе на беларускай мове, а прозвішчы кандыдатаў размесцяць у алфавітным парадку. Пасля гэтых радкоў будзе графа «Супраць усіх кандыдатаў». Што датычыцца памераў бюлетэня, то шырыня будзе 207 мм, а вышыня — 298 мм. Іх колькасць складзе 7 млн 285 тыс. Колькасць запасных бюлетэняў — 4,5 працэнта ад агульнай колькасці.
Бюлетэні для галасавання за мяжой будуць друкаваць самі дыпмісіі. Але пры гэтым у ЦВК усё ж ёсць магчымасць перадаць бюлетэні з Беларусі пасольствам у Літве і Латвіі.
Акрамя таго, сёння былі зарэгістраваны 30 давераных асоб Аляксандра Лукашэнкі і яго фінансавы прадстаўнік. Таксама ЦВК зарэгістравала па 28 давераных асоб Таццяны Караткевіч і Сяргея Гайдукевіча. Пры гэтым у камандзе Гайдукевіча з’явіўся і афіцыйны фінпрадстаўнік. Штаб Караткевіч пакуль не падаў дакументы на рэгістрацыю свайго фінансавага прадстаўніка. Пры гэтым усе каманды яшчэ маюць права папрасіць ЦВК зарэгістраваць давераных асоб і фінпрадстаўнікоў. Як растлумачыла сёння Лідзія Ярмошына, гранічная колькасць давераных асоб — 30. Прычым кандыдаты маюць права рабіць замены