Совместные поездки сближают! Работники Ушачского райпо вместе ездят в туристические поездки

Общество

Нішто так не згуртоўвае калектыў, як сумеснае правядзенне вольнага часу, таму гэты накірунак дзейнасці заўсёды пад увагай прафсаюзнай арганізацыі райспажыўтаварыства. Асаблівай жа папулярнасцю ў нашых работнікаў карыстаюцца калектыўныя турыстычныя паездкі – і гэта не дзіўна, бо што можа быць больш цікавым, чым у прыемнай кампаніі калег пашыраць свой далягляд, адкрываць новыя мясціны.

З задавальненнем мы адпраўляемся ў падарожжы па роднай краіне. Вядома ж, у год 70годдзя Вялікай Перамогі мы не маглі не пабываць у Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Экскурсія нікога не пакінула абыякавым. Вось як нашы агульныя ўражанні выказала прадавец магазіна “Заходні” Ірына Васільеўна Кірпічова:

– Гэты музей адпавядае велічнасці подзвігу нашага народа. Вялікі фонд арыгінальных экспанатаў, фантастычна выкананыя дыярамы, магчымасць пахадзіць ля баявой тэхнікі і заглянуць у акенцы зямлянак – усё гэта дазваляе адчуць рэальны дух вайны. Абавязкова раім усім тут пабываць!

У беларускай сталіцы ўвогуле вельмі шмат цікавых месцаў. Масу станоўчых эмоцый атрымалі мы падчас наведання нядаўна адкрытага ў Мінску аквапарку – аднаго з буйнейшых комплексаў у Еўропе. Мы нібыта пабывалі на экзатычным востраве: атрымалі шмат адрэналіну на водных атракцыёнах, моцна ўразіў і тэрмальны комплекс, дзе можна наведаць лазні розных народаў свету – ад рускай парылкі да турэцкага хамама, прайсці сеанс аздараўлення ў салянай пячоры.Паколькі многія члены нашага калектыву вырошчваюць кветкі, захапляюцца садаводствам, цікавай і пазнавальнай для іх была экскурсія ў батанічны сад, ну а аматары музыкі засталіся ў захапленні ад мюзікла “Блакітная Камея”, які мы паглядзелі ў Беларускім дзяржаўным музычным тэатры. Шэраг станоўчых эмоцый прынёс нашым работнікам і канцэрт “Нам не жыць друг без друга”, прысвечаны творчасці знакамітага сямейнага дуэта Аляксандры Пахмутавай і Мікалая Дабранравава, які ладзіўся ў рамках праграмы “Славянскага базару ў Віцебску”.

Падарожнічаем мы і па іншых краінах свету: летась, напрыклад, падчас пяцідзённага аўтобуснага тура наведалі Вену і Будапешт, ну а щ минулыя выхадныя паўтара дзясятка нашых працаўнікоў правялі ў Рызе, Таліне і Стакгольме. Адметна, што нам удаецца знаходзіць даволі эканамічныя варыянты падарожжаў, на якія цалкам рэальна накапіць грошай нават пры сярэдніх даходах.

Такім чынам, цікавыя падарожжы, ініцыятарам якіх выступае прафкам, сталі добрай традыцыяй нашага калектыву. І ўжо па дарозе дамоў з чарговай паездкі мы разам пачынаем абмяркоўваць, куды накіруемся ў наступны раз.

І.ДОЛГАЯ, старшыня прафсаюзнай арганізацыі райспажыўтаварыства.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *