Апошні месяц для сям’і Залатых з аграгарадка Глыбачка стаў у многім адметным. Па-першае, Анастасія і Вячаслаў, якія дагэтуль дарылі сваю любоў дзвюм родным дачушкам, сталі прыёмнымі бацькамі яшчэ для чатырох дзетак з Ушацкага раёна. Падругое, давялося ім справіць і наваселле – у абноўленым складзе сям’я пераехала ў камфартабельны дом сямейнага тыпу ў аграгарадку Арэхаўна. Ну а на мінулым тыдні з дзвюма гэтымі падзеямі Залатых павіншавалі актывісты райкама БРСМ, пярвічных арганізацый грамадскага аб’яднання Ушацкай сярэдняй школы, ДРБУ-105. Прычым, зрабілі гэта ў нестандартнай форме: цёплыя словы спалучылі з цікавай культурнай праграмай, правядзеннем разнастайных конкурсаў і ўручэннем шматлікіх падарункаў.
– Менавіта гэтай сям’і было вырашана перадаць адзенне, канцылярскія прыналежнасці, сабраныя грамадскім аб’яднаннем падчас акцыі “У школу – з “Добрым сэрцам”, – адзначыла першы сакратар райкама БРСМ Ірына Ціханава. – Прыемна, што на прызыў нашых валанцёраў адгукнуліся многія жыхары раёна, таму скарбонка са школьнымі рэчамі атрымалася даволі аб’ёмнай. Асаблівую ўдзячнасць хачу выказаць пярвічцы ДРБУ105, прадстаўнікі якой набылі і падарылі Залатым прыгожы гадзіннік, а таксама тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна, які дапамог нам дабрацца ў Арэхаўна з такой прыемнай місіяй.
Як вядома, добрыя справы не рэгулююцца межамі аб’яўленых акцый. Цеплыню свайго сэрца хлопчыкам і дзяўчынкам з дзіцячага сацыяльнага прытулку, малазабяспечаных, мнагадзетных, прыёмных сямей Ушаччыны можна (і трэба!) дарыць заўсёды.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.