Пагубная «подкормка» для ёлки. По вине коммунальной службы засохла ёлка, посаженная жителем улицы Витебской

Экология

Закрануць гэтую тэму прымусіў зварот у рэдакцыю жыхара пятага пад’езда дома №4 па вуліцы Віцебскай М.Грышчанкі. У свой час, засяліўшыся ў новыя кватэры, тутэйшыя жыльцы праводзілі добраўпарадкаванне двара, саджалі дрэвы, разбівалі кветнікі. Унёс свой уклад у азеляненне тэрыторыі і Мікалай Міхайлавіч, пасадзіўшы ля дома елкі і кусты акацыі. Адно ж з дрэўцаў з’явілася ля пад’езда ў гонар нараджэння сына: мужчына меркаваў, што будзе глядзець на стройную елку і прыгадваць шчаслівыя хвіліны пачатку бацькоўства. Так, зрэшты, 15 год і было, аднак мінулай зімой працаўнікі камунальнай гаспадаркі, пасыпаючы дарогу пяшчана-­солевай сумессю, шчодра накідалі яе і пад дрэва. Ад такой “падкормкі” елка ў хуткім часе засохла…

Агульнавядома, што соль прыносіць шкоду не толькі падэшвам абутку і шынам, але і экалогіі. Асабліва дастаецца раслінам, якія знаходзяцца ля дарог: трапляючы ў глебу, соль назапашваецца ў іх клетках. Вось толькі нічога іншага для барацьбы з галалёдам у арсенале нашых службаў пакуль няма. Неабходнасць пасыпання дарог разумее і Мікалай Міхайлавіч, які сам з’яўляецца прафесійным вадзіцелем. А таму проста заклікае работнікаў, што займаюцца раскідваннем сумесі, і спецыялістаў камунальнай гаспадаркі, якія кантралююць працэс, выконваць свае абавязкі больш адказна і ўважліва, каб не знішчаць плён працы іншых людзей, не шкодзіць жывой прыродзе.

Як змагаюцца з галалёдам іншыя

У Маскве, Кіеве дарогі паліваюць вадкімі хларыдамі, але яны таксама не бяскрыўдныя. Канечне, у адрозненне ад солі, яны не выклікаюць карозію аўтакузаваў і не псуюць дрэвы, затое, трапіўшы на скуру, могуць выклікаць раздражненні, псуюць абутак і адзенне. У краінах Скандынавіі на буйных скрыжаваннях устаноўлены датчыкі, якія вызначаюць тэмпературу паветра і асфальту. Калі яна блізкая да нулявой, паліваюць дарогу саляным растворам, які не дае ўтварыцца лёду. Цікавы спосаб барацьбы са слізкасцю існуе ў Швецыі, дзе на некаторых дарогах наўмысна ствараюць наледзь: утрамбоўваюць снег і паліваюць гарачай вадой са шчэбенем, які ўплаўляецца ў лёд і стварае шурпатую паверхню. Найбольшай жа прыхільнасці эколагаў заслугоўваюць немцы: у гэтай краіне запатэнтаваны новы сродак для пасыпання зімовых дарог, які змяншае коўзкасць, выклікае хуткае раставанне снегу, не мае каразійнага дзеяння, не толькі не шкодзіць раслінам і людзям, а нават стымулюе рост зялёных насаджэнняў і сельгаскультур. У яго аснове – дробныя часцінкі вулканічных горных парод. Хочацца спадзявацца, што ў будучым падобны сродак заменіць на нашых зімовых дарогах традыцыйную сумесь.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *