Цяжка, амаль немагчыма знайсці сферу жыцця грамадства, якая б прама або ўскосна не перасякалася з дзейнасцю жыллёвакамунальнай гаспадаркі. Больш таго, час дыктуе новыя ўмовы – і, як вынік, звязка “жыхар-структура ЖКГ” стала яшчэ цясней, бо кола абавязкаў камунальнікаў з кожным годам пашыраецца, на баланс прымаюцца новыя аб’екты, а паслугамі прадпрыемства зараз карыстаюцца нават у аддаленых населеных пунктах. Падыходзіць да завяршэння тэрмін Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Ушацкага раёна на 2011-2015 гады. З чым завяршаюць пяцігодку нашы камунальнікі, ці ўдалося выканаць намечанае, якія праблемы вырашае служба сёння і якія задачы стаяць перад ёй? Аб гэтым – у нашым матэрыяле.
І на сяле, і ў горадзе
На сённяшні дзень унітарнае прадпрыемства жыллёвакамунальнай гаспадаркі Ушацкага раёна забяспечвае жыццядзейнасць пасёлка і сельскіх населеных пунктаў. Кожны год на баланс прадпрыемства прымаюцца новыя аб’екты. За апошнюю пяцігодку да УП ЖКГ далучаны 12,5 кіламетра водаправодных сетак у Матырыне, Завячэллі, Сарочыне і дзве артэзіянскія свідравіны ў Завячэллі і Вацлавова. У Ціханятах адкрыты “Дом паляўнічага” на 12 месцаў, у гарадскім пасёлку па вуліцах Каранеўскага, Піянерскай, Данукалава, Заводскай пабудавана 2,9 кіламетра новых водаправодных сетак. Дабавілася і жылфонду – на абслугоўванне прыняты шматкватэрны кааператыў №13 па вуліцы Віцебскай агульнай плошчай 1889 квадратных метраў. Таксама прадпрыемству перададзены на баланс інтэрнат “Райаграсэрвіса” ў Градзянцы плошчай 2400 квадратных метраў, памяшканні Ушацкага камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва і былога комплекснапрыёмнага пункта ў аграгарадку Ільюшына. У мінулым годзе праведзена рэарганізацыя УП ЖКГ шляхам далучэння да яго ўнітарнага прадпрыемства “Прагрэс”.
Для забеспячэння бесперабойнай працы прадпрыемства імкнецца абнаўляць аўтапарк. Для ўчастка водаправодных і каналізацыйных сетак і абслугоўвання вытворчай базы набыты два грузапасажырскія аўтамабілі УАЗ, для ўчастка добраўпарадкавання – экскаватар, МАЗ5551, асенізатарскі аўтамабіль ГАЗ3309, бульдозер, аўтагрэйдар. Пяць адзінак новай тэхнікі (тры трактары і два прычэпы) прызначаны для забеспячэння шчапой кацельні.
Трэба адзначыць, што нягледзячы на пашырэнне абавязкаў і геаграфіі дзейнасці колькасць работнікаў на прадпрыемстве не ўзрасла. З мэтай павелічэння прадукцыйнасці працы, аптымізацыі колькасці працаўнікоў і адміністрацыйнакіруючага апарата за пяць год штат скарочаны на 46 адзінак. За гэты ж перыяд створана 18 новых працоўных месцаў, на работу прынята 6 маладых спецыялістаў. Зараз у штаце прадпрыемства налічваецца 298 чалавек, з якіх 246 – рабочыя.
Праводзіцца мэтанакіраваная работа па нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці, зніжэнні выдаткаў, росце прадукцыйнасці працы і павышэнні якасці аказваемых паслуг. Выручка ад іх рэалізацыі за пяць год узрасла з 11272 мільёнаў рублёў у 2011 годзе да 46073 у мінулым. У першым паўгоддзі бягучага года аб’ём вытворчасці склаў 26728 мільёнаў рублёў. Прагнозны паказчык росту аб’ёма вытворчасці прадукцыі выконваецца ў поўным аб’ёме.
За справаздачны перыяд аказана платных паслуг насельніцтву на суму 14560,3 мільёна рублёў, за першае паўгоддзе 2015 года – 302,8.
Для зніжэння матэрыяльных затрат і выканання задання па эканоміі паліўнаэнергетычных рэсурсаў праведзены шэраг мерапрыемстваў, якія далі эканамічны эфект у памеры звыш пяці мільярдаў рублёў. За кошт бюджэтнага фінансавання і ўласных сродкаў за 2011-2015 гады выканана шмат мерапрыемстваў, якія дазволілі зрабіць больш зручным і камфортным жыццё насельніцтва раёна.
Прыгажосць наводзім разам
Гэта той від работ, які вядзецца пастаянна. Ямкавыя рамонты і грэйдзіраванне вуліц, добраўпарадкаванне і абсталяванне дваровых тэрыторый, зон адпачынку, могілак, азеляненне і догляд за газонамі і насаджэннямі, пастаянная ўборка тэрыторыі і ліквідацыя несанкцыянаваных сметнікаў – асноўныя намаганні рабочых камунгаса накіраваны на вырашэнне гэтых задач. Пачынаючы з 2011 года ўсталяваны 2 гульнявыя пляцоўкі ў аграгарадку Арэхаўна і гарадскім пасёлку, прыведзены ў эстэтычны выгляд помнік У.І.Леніну на цэнтральнай плошчы. Выкананы работы па рэстаўрацыі воінскага пахавання ў скверы па вуліцы Ленінскай, дэмантаж і ўкладка 3612,4 метра квадратных новай тратуарнай пліткі на плошчы і тратуарах райцэнтра, заменена звыш 2 кіламетраў бардзюраў па вуліцах Ленінскай, Савецкай, Фрунзе, Камсамольскай. На гэтыя і іншыя віды работ з мясцовага бюджэту было выдзелена амаль 11,5 мільярда рублёў, а фактычны кошт работ склаў звыш 15,5 мільярда, з іх у бягучым годзе – 2440 мільёнаў рублёў. Трэба адзначыць, што ў апошнія гады ў справе добраўпарадкавання значную дапамогу камунальнай службе аказваюць прадпрыемствы і працоўныя калектывы райцэнтра.
Жыллёвы фонд
У мінулым годзе завершаны работы на доме №30 па вуліцы Фрунзе – умацаваны фундамент, устаноўлены новыя балконныя рамы і выканана афарбоўка фасада. Агульны ўвод плошчы ў эксплуатацыю склаў 1,9 тысячы квадратных метраў, і зараз гэты аб’ект можна назваць паказальным. 2 тысячы квадратных метраў дома №24 на гэтай жа вуліцы таксама ўведзена ў эксплуатацыю ў 2014 годзе. Адрамантаваны дах і месцы агульнага карыстання з зашкленнем акон і тэрмарэнавацыяй тарцовых сцен у доме №2 па вуліцы Ленінскай, праведзены рамонт даху і замена акон дома №8. Праведзены капітальны рамонт даха дома №4 па вуліцы Камсамольскай, газіфікацыя дома № 6 па вуліцы Цэнтральнай у Градзянцы. Зараз рабочыя прадпрыемства мяняюць старыя камунікацыі на доме № 8 па вуліцы Ленінскай. Усяго за 2011-2015 гады адрамантавана 13 тысяч метраў квадратных жылля, на што затрачана 7231,4 мільёна рублёў. З іх сродкаў насельніцтва – толькі 2670,1 мільёна, астатняе – за кошт бюджэтных асігнаванняў.
Цяпло ў кватэры, а не ў паветра
Запланаваныя аб’ёмы замены цеплавых сетак папярэдне ізаляванымі трубамі праведзены ў поўным аб’ёме ўласнымі сіламі прадпрыемства, на што затрачана амаль 7,8 мільярда рублёў. Пачынаючы з 2011 года заменена 12550 пагонных метраў цеплавых сетак, што дазволіла знізіць страты цяпла з 25,4 працэнта ў 2011 годзе да 16,3 у бягучым. Работы па замене цепласетак вядуцца кожны год, прычым не толькі ў гарпасёлку, але і ў аграгарадках. У 2011 годзе 900 метраў цеплатрасы заменена ў аграгарадку Арэхаўна, 1100 – да дамоў №2, 4, 6 па вуліцы Ленінскай, дома №30 па вуліцы Фрунзе і станцыі тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў. У наступным годзе пакладзена 2200 метраў новых труб, з якіх 1156 – у аграгарадку Глыбачка, 597 – у Градзянцы і 447 – у г.п.Ушачы. 3000 метраў заменена ў 2013 годзе. Работы вяліся па вуліцах Камсамольскай і Ленінскай гарпасёлка, на тэрыторыі ПМК66. У мінулым годзе зноў мянялі ўчасткі цеплатрасы ў аграгарадку Арэхаўна (400 метраў), 2400 метраў новай трубы паклалі ў г.п.Ушачы. Сёлета заменена каля 3000 метраў цеплатрасы – скончаны работы ля цэнтральнай раённай бальніцы (1250 метраў), памяшканняў ЗАГСа і дзіцячага сада №1 гарпасёлка, у аграгарадку Вялікія Дольцы (1100 метраў). Эканамічны эфект ад перакладкі цеплатрасы за справаздачны перыяд склаў 230 тон умоўнага паліва. Трэба сказаць, што ў бліжэйшыя пару гадоў гэты від работ будзе скончаны: засталося замяніць трубы на некаторых участках у цэнтры гарпасёлка і па вуліцы Віцебскай.
У бліжэйшай перспектыве – устаноўка новага абсталявання кацельні на ўчастку аграгарадка Глыбачка. У шматкватэрных жылых дамах праведзена замена 13 цеплаабменнікаў, што дазволіла павысіць якасць забеспячэння насельніцтва гарачай вадой. На гэтыя мэты затрачана 3250 мільёнаў рублёў, з якіх 940 мільёнаў – бюджэтныя сродкі, 2310 – уласныя сродкі прадпрыемства.
“Чыстая вада”
Значны аб’ём работ праведзены для бесперабойнага забеспячэння насельніцтва і іншых спажыўцоў пітной вадой, прадухілення яе страт у сетках і як следства – эканоміі паліўнаэнергетычных рэсурсаў. Адрамантавана 500 водаразборных калонак, з якіх 344 знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, 36 артэзіянскіх свідравін, 26 воданапорных вежаў, 47 каналізацыйных калонак. Праведзены дэмантаж 4 воданапорных вежаў. Перакладзена 7415 метраў водапровадных сетак (2640 – у бягучым годзе), 2400 метраў каналізацыі (у 2015 годзе – 800). Кожны год у запланаваным аб’ёме праводзіцца прамыўка сістэм водазабеспячэння і каналізацыі. Згодна абласной праграмы “Чыстая вада” на 20112015 гады ў 2012 годзе пасля рэканструкцыі ўведзены ў эксплуатацыю ачышчальныя збудаванні ў гарпасёлку. Кошт будаўніцтва склаў амаль 3,7 мільярда рублёў. Выкананы работы на дзвюх ветках напорнага калектара, рамонт блоку ёмістасцей, будынкаў вытворчых памяшканняў, будаўніцтва блока механічнай ачысткі, другасных адстойнікаў, ачыстка глеевых пляцовак і біялагічных саджалак.
За прыведзенымі вышэй лічбамі рэальнае паляпшэнне нашых умоў жыцця. Прыгадайце, як часта выклікала нараканне жыхароў якасць пітной вады – а зараз сітуацыя змянілася кардынальна! Некалькі год таму гарачая вада з крана ў любы час сутак здавалася недасягальнай мэтай, сёння гэта – прыемная будзённасць, да якой хутка прывыкаеш. У разы менш стала скаргаў на холад у кватэрах падчас ацяпляльнага сезона. На тратуарах у цэнтры гарпасёлка, дзе зусім нядаўна жанчыны ламалі абцасы, увечары па новенькай плітцы няспешна прагульваюцца людзі, любуюцца дагледжанымі кветнікамі, новымі альтанкамі, архітэктурнымі формамі, зялёнымі насаджэннямі… Магчыма не так хутка, як хацелася б нам усім, але парадак і камфорт прыходзяць і на аддаленыя вуліцы райцэнтра, у сельскія населеныя пункты. Аднак зрабіць наш раён чыстым і прыгожым мы зможам толькі тады, калі ён будзе домам для кожнага, а не толькі камунальнікаў.
Падрыхтаваў Д.РАМАНОЎСКІ.