«Только б не было войны..» 15 сентября — День мира

Общество

У КУСГП “Кублічы” можна ствараць дыяспару перасяленцаў з Украіны. Хоць і пераехалі на Ушаччыну Вайтовічы і Сабуравы з розных гарадоў і ў розны час, аднак, канечне, трымаюцца разам. На чужой старане асабліва дорага каштуе зямляцтва, і на любой – агульная бяда.

Горад перасяліўся ў падвалы

Лілія Анатольеўна Вайтовіч была бухгалтарам на станцыі тэхнічнага абслугоўвання ў Макееўцы. 400тысячны горад і фактычна спальны раён Данецка, паколькі знаходзіцца ўсяго ў пяці кіламетрах ад абласнога цэнтра, а зараз і сталіцы самаабвешчанай ДНР. Рускамоўнае і шматінтэрнацыянальнае насельніцтва, аснову якога – больш 50 працэнтаў складаюць рускія. Лілія Анатольеўна – таксама, хоць маці напалову ўкраінка.

Андрэй Сяргеевіч Сабураў вырас пры Савецкім Саюзе, нават украінскую мову ў школе не вучыў, паколькі для рускіх гэта было па жаданні. Працаваў у падатковай інспекцыі горада Харцызска, што недалёка ад Макееўкі. Таксама вялікі, 200тысячны горад, які значна зменшыўся пасля абстрэлаў.

Лілія Анатольеўна з сынам і ўнучкай пераехала ў пачатку бамбёжак, аднак ваенны час прачула: спаць клаліся на падлозе ў калідоры, каб пры абстрэле не сыпалася бітае шкло, за вадой хадзілі да непашкоджаных на вуліцы калонак. Сям’я Сабуравых рашылася на пераезд толькі ў канцы мінулага года, калі прапанавалі вызначыцца “пераязджаць ва Украіну ці заставацца ў ДНР”.

– Самае гарачае лета 2014 мы заставаліся ў горадзе, які “вымер”, паколькі фактычна перабраўся ў бомбасховішчы і падвалы, – прыгадвае Андрэй Сяргеевіч. – Мы жылі на першым паверсе, таму рэдка спускаліся, а што такое, калі побач ірвуцца снарады, ведаю добра. Аднойчы абстрэл застаў нас на вуліцы – да бомбасховішча было далёка, куды хавацца? Да сцяны дома – засыпле, калі трапіць, куды…? Па дзесяць дзён магло не быць вады, газу, электрычнасці – снарады часта рвалі камунікацыі. Хадзілі ў парк за вадой, жылі… А вось груднічка з пнеўманіяй бацькісуседзі не выратавалі – проста своечасова не была аказана дапамога. Усе, у каго дзеці, імкнуліся пераехаць раней. Мы працавалі да апошняга, хоць заробкі засталіся ранейшыя, а цэны выраслі ў разы.

Нам не да майданаў

– Калі ўсё пачыналася? Канечне не ў 2014, – гаворыць Андрэй Сяргеевіч. Намнога раней. Калі ўзаконілі правы сектар. Калі прыйшоў да ўлады Юшчанка. Калі прадалі амерыканцам нацыянальны курорт Славянска.

– Нацыяналістыфашысты ў заходніх абласцях былі, напэўна, заўсёды, хоць і лічыцца, што на Украіне няма фашызму, – дадае Лілія Анатольеўна. – Проста да нас не даводзілася гэтая інфармацыя, мы і раней жылі кожны па сваіх “статутах”, са сваім менталітэтам. Чаму мы за аўтаномію, федэралізацыю, таму што надакучыла адчуваць сябе людзьмі другога сорту, чакаць падачак. Таму і на рэферэндум за ДНР мы ішлі па сваёй волі. Дарэчы, сёння (9 верасня) дзень вызвалення Данецка ад фашысцкіх захопнікаў. А вось Вечны агонь ля помнікаў пачалі запальваць толькі пры Данецкай народнай рэспубліцы, да гэтага ўсё паліва эканомілі.

– Нам заўсёды падносілася, што мы, Данецкая вобласць, датацыйныя. Я ў падатковай працаваў і выдатна ведаю, адлічаем сто, пакідаюць дзесяць, астатнія 30 даюць ужо як датацыю, маўляў, нас утрымліваюць. Хоць у нас уся вытворчасць, прамысловасць, шахты. Хлопцаў у Данецку засыпала пры абстрэлах, а яны спускаліся, працавалі і ў канцы мінулага года. Прычым падаткі, у тым ліку на ваенныя патрэбы, пералічаліся ў Кіеў. Народ увесь час працаваў – нам не да майданаў было, хоць запрашэнні аб тым, што набіраюць “на плошчу”, памятаю, былі яшчэ ў 2010 годзе.

“Толькі б не было вайны”

Гэтая перажытая, а таму святая фраза старэйшага пакалення некаторымі беларусамі вымаўляецца з іроніяй, маўляў, усяго баімся. Таму не магла не запытацца, як ставяцца да яе мае суразмоўцы, 1956 і 1974 гадоў нараджэння.

– Вы можаце ўявіць 1941 год ці 1944, калі замест гарадоў папялішчы – вось так зараз у нас, – гаворыць Андрэй Сяргеевіч. Цешча ў мяне з Ілавайска, мабыць чулі пра Ілавайскі кацёл, туды на могілкі ездзілі – “коміны” замест шматпавярховак. Колькі сродкаў трэба на аднаўленне, ды і калі кім адновіцца. Страшна. Гэта сапраўды самае страшнае. У вас многа помнікаў вызваленцам, я на 3 ліпеня пабываў і на “Прарыве”, і ва Ушачах. Вы малайцы. У нас адзін на плошчы Перамогі, дакладней – у кожным горадзе ёсць помнік савецкаму салдату. Хоць дзень Перамогі для нас – сапраўднае свята.

– Усё можна перажыць – голад, холад, нястачу, толькі не вайну. Калі мы з унучкай прыціскаліся мацней адна да аднай, каб сагрэцца, мы ўсё ж адчувалі сябе абаронена. Я гарадскі чалавек, не ўмеючы тапіць печ, таму першы час у выдзеленым КУСГП “Кублічы” доме было халодна, – тлумачыць бухгалтар гаспадаркі Лілія Анатольеўна. – Але гэта часовыя нязручнасці і яны перажыліся.

Эканаміст Андрэй Сяргеевіч хоць і збіраецца знайсці больш прыбытковае за “Кублічы” месца працы, аднак яно ўжо ніяк не будзе звязана з Украінай. “Я не ведаю, ці вярнуўся б туды нават калі б усё супакоілася, хоць там бацькі і мае, і жончыны. Не ведаю”. Лілія ж Анатольеўна дадае, што яе месца – побач з сынам, а калі ён апошні раз быў у міграцыйнай службе ў Віцебску, то зазначыў узросшую колькасць украінцаў. Прыгадаю яшчэ адзін факт, які для сям’і Вайтовічаў перакрывае ўсе нязручнасці пераезду. Лілія Анатольеўна ўжо тут цяжка захварэла – рэанімацыя, пераліванне крыві, перавод у абласную бальніцу, доўгі перыяд рэабілітацыі. “Усё ж добра, мама, што мы пераехалі, там бы я цябе не выхадзіў”, – сказаў сын пасля майго выздараўлення. На Украіне ж медыцына практычна ўся платная і для мяне гэта столькі б каштавала, што сапраўды не аплацілі б лячэння. Пенсія зараз не перавышае 750, ну максімум мільён беларускіх рублёў, а цэны на ўсё намнога вышэйшыя”.

Вольга КАРАЛЕНКА



1 комментарий по теме “«Только б не было войны..» 15 сентября — День мира

  1. Адно мне не зразумела: з якой трасцы яны сюды прыпёрліся? У Данецку ж сёньня пабудавалі тое, за што яны галасавалі на рэферэндуме — Наварасею расейскага ўзору.
    Сваіх чаркашкварачнікаў не хапала… .

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *