Пагрозы з боку камунальнікаў у адрас злосных даўжнікоў па квартплаце наконт жорсткіх мер аж да высялення многія з нас лічаць перабольшваннем, блефам, закліканым спалохаць тых, хто не жадае плаціць па рахунках.
Напэўна, быў сярод такіх “скептыкаў” і малады ўшачанін Д.Пятніца, які пражываў у аднапакаёвай кватэры па Віцебскай па дагаворы найму жылога памяшкання сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду. Так ці інакш, але на 17 чэрвеня бягучага года ён назапасіў запазычанасць па жыллёва-камунальных плацяжах на суму больш 1 мільёна 700 тысяч рублёў, да якой дадаўся яшчэ і мільён пені. Каб прымусіць маладога чалавека сур’ёзна аднесціся да свайго становішча, УП ЖКГ прыпыніла падачу ў яго кватэру вады і электрычнасці па сваім абсталяванні, аднак кватэранаймальнік, відаць, не заўважыў гэтых змен, бо ніводнага рубля на адпаведны разліковы рахунак не паступіла. Гэты канфлікт завяршыўся грамадзянскай справай аб скасаванні дагавору найму жылога памяшкання і высяленні жыльца, якая была нядаўна разгледжана ў судзе Ушацкага раёна. Вядома ж, малады чалавек не апынуўся на вуліцы: яму далі іншае менш камфортнае сацыяльнае жыллё – з асобнай кватэры ён вымушаны перасяліцца ў пакой.
Варта адзначыць, што герой гэтай гісторыі не ўносіў аплату за карыстанне жылым памяшканнем і камунальнымі паслугамі на працягу 18 месяцаў, аднак артыкул 86 Жыллёвага кодэксу Рэспублікі Беларусь прадугледжвае падобныя крайнія меры ўздзеяння на даўжнікоў, якія без паважлівых прычын маюць усяго шасцімесячную запазычанасць. А таму асобам, якія не ставяць разлік за пражыванне ў ранг абавязковых выдаткаў, варта ўсведамляць, што яны могуць стаць наступнымі кандыдатамі на вымушаны пераезд. Прынамсі, па звестках юрыста УП ЖКГ, на чарзе на высяленне ўжо стаіць каля дзясятка такіх жыльцоў.
М.ПАДВОРНЫ, пракурор Ушацкага раёна.