Маці Кацярыны Мікалаеўны Васілеўскай працавала ў тутэйшым ваенкамаце, і ўжо ў першыя дні вайны Кацярына разам з дзвюма сяброўкамі ўпотайкі накіраваліся ў раённы ваенны камісарыят да ваенкома.
– Вазьміце нас на фронт, – бойка і гучна адрапартавала смялейшая з іх, – мы хочам абараняць Радзіму, – дабавіла Кацярына.
Ваенком нават усміхнуўся, аднак, каб не пакрыўдзіць юных патрыётак, адказаў: “Абавязкова возьмем, як толькі спатрэбіцеся, а пакуль што ідзіце дадому і чакайце выкліку”.
Першая страта, якую перажыла Кацярына Васілеўская ў свае 12 гадоў, была смерць самага дарагога чалавека – маці. Гэта было ў самым пачатку вайны. Работнікі ваенкамата трапілі пад абстрэл немцаў, і параненая жанчына пражыла толькі суткі… Ёй было ўсяго 32. Неўзабаве дзяўчынка назаўсёды развіталася з роднай бабуляй і засталася круглай сіратой.
Жыла ў цёткі і па ўсім адчувала сябе лішняй для гэтай і без таго вялікай сям’і. Яна ўжо многа чула пра партызанскі рух у раёне і заўсёды марыла якім-небудзь чынам трапіць у атрад.
Аднойчы Макар Кузьміч Усцінаў з партызанскай брыгады імя Чапаева, які пастаянна прыходзіў да іх, цішком шапнуў на вуха дзяўчынцы: “Кацюшка, збірайся ў атрад!” Радасці яе не было межаў.
І вось яна сярод партызан. Адправілі на кухню дапамагаць поварам. У хуткім часе яна стала памочніцай ва ўсіх справах. Мыла бінты, абслугоўвала параненых. Памятае жанчына, як яе заканспіравалі пад “унучку” і разам з “дзедам” адправілі ў Улу з сакрэтнай інфармацыяй. Яна была схавана ў яе адзенні так надзейна, што ніякі немец не здагадаўся б знайсці. Ну а артыстычныя здольнасці Кацярыны дапамагалі ёй граць ролю напалоханай вайной “унучкі”, якая магла ў любую хвіліну расплакацца і кінуцца па дапамогу да “дзядулі”. Такія заданні яна выконвала неаднойчы.
Падчас прарыву блакады разам з мірным насельніцтвам Кацярына Васілеўская трапіла ў палон. Немцы з сабакамі акружылі іх у Плінскім лесе. Пагналі спачатку на Лепель, потым у лагер у Беразіно. Там былі пабудаваны нешта накшталт юртаў, дзе палонныя спалі на саломе, раскіданай па зямлі. Лагер па перыметру быў абнесены калючым дротам і ахоўваўся сабакамі. Тут жа дзяўчына захварэла на тыф і трапіла ў барак да тыфозных. Яна не памятае, колькі дзён прайшло, як захварэла, бо час ад часу страчвала прытомнасць, і жыццё праходзіла, як у тумане. Прымусіў адчуць, што яшчэ не памерла, гучны рускі голас недзе побач: “Ёсць хто жывы?” Калі пачулі ад салдата, што Чырвоная Армія іх вызваліла, з апошніх сіл паўжывыя людзі ў бараку закрычалі ад радасці.
На пачатку 1945 у ліку дабравольцаў па закліку партыі Кацярына разам з іншымі падлеткамі раёна паехала працаваць на ваенны завод на Урал. З ёй была Вера Кузьмінічна Дзямешка (дзявочае прозвішча Усцінава), якая ўзначальвала групу. Горад Рэўда, дзе іх высадзілі, знаходзіўся ў 40 кіламетрах ад Свярдлоўска. На ваенным заводзе рабілі радыятарныя трубачкі для самалётаў. Лютая зіма, невыносны холад, а маладыя патрыёты робяць усё для таго, каб дапамагчы радзіме выстаяць вайну. Кармілі слаба, спалі ў бараках у дрэнных умовах, аднак ніхто не скардзіўся, стойка і мужна юнакі і дзяўчаты выносілі ўсе цяжкасці, прыгаворваючы: “Усё для фронту, усе для Перамогі!” І там Кацярына была адной з першых салістак, калі наладжваліся канцэрты. Ёй песня жыць дапамагала, бо калі б не спявала, не вынесла б свайго сірочага гора.
Пасля вяртання на радзіму падалася на заробкі ў больш заможныя заходнія раёны нашай вобласці. У Глыбокім дзяўчына нанялася домработніцай да ўрачоў, а яны дазволілі ёй яшчэ санітаркай у бальніцы падпрацоўваць. Хоць грошай не плацілі, затое ўволю кармілі і жыла ў належных умовах. За год у яе сталі расці валасы на галаве, якіх амаль не засталося пасля тыфу, і крыху прыйшло ў норму схуднелае цела. Як потым цёткі сказалі, стала на чалавека падобна.
Актыўную жыццёвую пазіцыю не страціла Кацярына Мікалаеўна Васілеўская і сёння. Яна з задавальненнем удзельнічае ва ўсіх раённых мерапрыемствах, 25 гадоў спявае ў хоры народнага клуба “Ветэран”, сустракаецца з моладдзю і атрымлівае асалоду ад мірнага жыцця, якое і ёй давялося заваёўваць такой дарагой цаной.
А.ПАШКОВІЧ.
Долгих лет жизни уважаемой Екатерине Николаевне! Её энергии и жизнелюбию можно только позавидовать.