Спасибо за полные баки! Работники автозаправочной станции отметили свой профессиональный праздник

К профессиональному празднику

У першую вераснёўскую нядзелю мы традыцыйна віншуем з Днём работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці ўшацкіх газавікоў, але ж ёсць у нашым раёне і іншыя працаўнікі, якія таксама адзначаюць названае прафесійнае свята: гэта работнікі аўтазаправачных станцый.

Зараз нават цяжка паверыць, што яшчэ ў сярэдзіне 80-­х ушацкія аўтаўладальнікі, каб заправіць палівам бензабак, накіроўваліся ў Лепель ці Полацк. Першая АЗС на тэрыторыі раёна з’явілася ў Сарочыне ў 1987 годзе, а ў 1999­м адкрылася аўтазапраўка на ўездзе ва Ушачы. Дзевяць жа год таму запраўляцца ў райцэнтры атрымалі магчымасць і тыя, хто ездзіць на газе. У цяперашні час на АЗС №34 ва Ушачах можна кругласутачна набыць бензін і дызельнае паліва, а заправіцца газам – з 7 раніцы да 20.00. АЗС №37 у Сарочыне абслугоўвае кліентаў з 7 да 19 гадзін. На аўтазапраўцы ва Ушачах за суткі рэалізоўваецца каля 12 метраў кубічных нафтапрадуктаў, пяць разоў на тыдні запасы паліва папаўняюцца аўтацыстэрнамі РУП “Беларуснафта­Віцебскаблнафтапрадукт”.

Трэба сказаць, што абласное прадпрыемства ставіць сваёй мэтай павышэнне якасці абслугоўвання насельніцтва, вядзе будаўніцтва сучасных комплексаў, дзе разам з запраўкамі размяшчаюцца магазіны, кафэ, аўтастаянкі, санітарныя блокі. Такія нядаўна адкрытыя комплексы ўжо працуюць на трасе ля Шуміліна, Бягомля, у Наваполацку – апошні, дарэчы, атрымаў першае месца па выніках рэспубліканскага конкурсу на лепшую АЗС. Разам з будаўніцтвам новых праводзіцца мадэрнізацыя і рэканструкцыя існуючых станцый: вось і на ўшацкай АЗС заканчваецца капітальны рамонт апошняга з шасці рэзервуараў для паліва. Сёлета абласное прадпрыемства адчувае фінансавыя цяжкасці, тым не менш вышуквае магчымасць працягваць распачатыя праекты: як вядома, беларускія дарогі лічацца візітоўкай нашай краіны, і аўтазаправачныя станцыі павінны адпавядаць гэтаму ўзроўню.

Еўрапейскім мусіць быць і сэрвіс на іх, а таму і патрабаванні да работнікаў – самыя высокія. Выпадковыя людзі тут не затрымліваюцца. Так, практычна ўсе 8 аператараў, якія пазменна абслугоўваюць кліентаў ва Ушачах і Сарочыне, маюць вялікі працоўны стаж на прадпрыемстве. Напрыклад, з самага адкрыцця АЗС у Сарочыне працуюць на ёй аператары Зоя Аркадзьеўна Курневіч і Ларыса Пятроўна Первянёнак – апошняя, дарэчы, атрымала сёлета да прафесійнага свята Ганаровую грамату РУП “Беларуснафта­Віцебскаблнафтапрадукт”. Шмат гадоў адпрацавала побач з калегамі і Валянціна Іванаўна Пугач. У любы час дня і ночы знаходзяць агульную мову з кліентамі аператары АЗС №34 Алена Вячаславаўна Чымпой, Алена Васільеўна Талмачова, Дзіна Віктараўна Рубанік, Іна Васільеўна Быкава і Святлана Фёдараўна Фядосава. Дарэчы, у абавязкі аператараў уваходзіць не толькі разлік за паліва, але і гандаль іншымі таварамі, якія можна набыць на запраўцы: гэта маторныя маслы, ахалоджваючыя і тармазныя вадкасці, аўташыны, фарбы і грунтоўкі, аўтакасметыка, а таксама напіткі, сродкі гігіены, іншы тавар для аўтамабіляў і іх вадзіцеляў. Тых жа, хто наведвае газавую запраўку, хутка і якасна абслугоўваюць аператары Аляксандр Уладзіміравіч Ільюшэнка, праца якога таксама сёлета адзначана Ганаровай граматай прадпрыемства, Генадзь Васільевіч Рубанік і Аляксандр Уладзіміравіч Кузняцоў. Комплексным абслугоўваннем АЗС займаюцца Аляксандр Расціслававіч Падгола і Валянціна Дзмітрыеўна Дрозд. Ну а каардынуе ўсю работу, адказвае за бяспеку працы і выконвае шэраг іншых неабходных абавязкаў майстар АЗС Дзмітрый Фёдаравіч Пацэйка.

Усіх названых спецыялістаў, якія, дарэчы, працуюць у шкодных умовах, хочацца павіншаваць з прафесійным святам і падзякаваць за поўныя бакі ў нашых машынах, за добры настрой, які яны дораць нам штодня якасным сэрвісам і цёплымі ўсмешкамі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *